— Моцна расхістаўся? — запытаўся Эл.
— Не, толькі крышачку, не страшна.
— Вельмі зношаны?
— Пракладкі ёсць, амаль усе. Ага, парадак. Яшчэ крышачку крутні. Зараз апусціцца, цішэй! Ага, вось, хопіць. Цяпер збегай да грузавіка, ключ прынясі.
Аднавокі сказаў:
— Я дам вам скрынку з інструментам. — Ён зашкандыбаў паміж іржавых машын да павеці і неўзабаве вярнуўся з бляшанай скрынкай. Том узяў з яе тарцовы ключ і перадаў Элу.
— Адкручвай. Толькі пракладак не згубі, не пазрывай балтоў, са шплінтамі асцеражней. Не марудзь, хутка зусім сцямнее.
Эл падлез пад машыну.
— Абавязкова трэба абзавесціся тарцовымі ключамі, — пачуўся голас знізу. — З развадным ні да чога не дабярэшся.
— Пакліч, калі адзін не справішся.
Аднавокі з бездапаможным выглядам стаяў каля машыны.
— Я падмагу, калі трэба, — сказаў ён. — А ведаеце, што гэты сукін сын яшчэ прыдумаў? Прыходзіць раз у белых штанах і кажа мне: «Хадзем пакатаемся на маёй яхце». Далібог, я трахну яго калі-небудзь. — Ён цяжка дыхаў. — З тае пары, як я вока страціў, у мяне не было ніводнай жанчыны. А ён мне такое гаворыць! — І буйныя слёзы пацяклі з яго вачэй, прамываючы баразёнкі на брудным твары каля носа.
Том з раздражненнем сказаў:
— Дык чаму ж ты тут тырчыш? Цябе ж пад вартай ніхто не трымае.
— Табе лёгка казаць. Не так проста работу знайсці, ды яшчэ калі ў цябе аднаго вока няма.
Том крута павярнуўся да яго:
— Слухай, дружа. Ты хоць гэтым сваім адным вокам на сябе паглядзі. Ты брудны ўвесь, ад цябе смярдзіць. Сам нарываешся на непрыемнасці. Табе так хочацца. А потым сам сябе шкадуеш. Дзе табе, сляпому, думаць пра жанчын. Хоць павязку начапі, твар памый. Выкінь з галавы — ніякім ты ключом нікога не заб'еш.
— Пажыў бы ты сам з адным вокам. І бачыш не так, як усе, і адлегласць правільна не вызначыш — не можаш. Усё плоскім здаецца.
Том сказаў:
— Галава ты яловая! Я вось шлюху ведаў адну без нагі. Дык, думаеш, яна па дзяшоўцы давала? Ого! Дзе там! Ёй яшчэ звыш паўдаляра прыплочвалі. Яна казала: «Ці шмат табе разоў даводзілася з аднаногай спаць? Ні разу! Ну вось, кажа, атрымаеш асаблівае задавальненне, а каштаваць табе гэта будзе ўсяго на паўдаляра больш». І плацілі, далібог, праўда, і нават лічылі яшчэ, што ім пашанцавала. Запэўнівалі, што гэта ўдачу прыносіць. А яшчэ гарбуна ведаў… у адным месцы. Зарабляў сабе на жыццё тым, што даваў пакратаць свой горб за грошы. Гэта таксама нібыта ўдачу прыносіла. А ў цябе ж, госпадзі, аднаго толькі вока няма.
Аднавокі, запінаючыся, сказаў:
— Дык жа ж усе цябе староняцца, нехаця такім станеш.
— А ты завяжы чым-небудзь вока. А то выстаўляеш усім напаказ, як карова задніцу. Вельмі любіш шкадаваць самога сябе. А з табой нічога ж такога. Штаны сабе белыя купі. Ты, відаць, найболей п'яны ў ложку валяешся і плачаш. Эл, табе памагчы?
— Не, — пачуўся адказ. — Падшыпнік я ўжо зняў. Хачу поршань ссадзіць.
— Галавой не стукніся.
Аднавокі ціха прамовіў:
— Думаеш… я магу яшчэ… каму-небудзь спадабацца?
— Абавязкова, — адказаў Том. — Кажы ўсім, што пасля таго, як ты страціў вока, у цябе нешта іншае добра адрасло.
— Куды вы, хлопцы, едзеце?
— У Каліфорнію. Усёй сям'ёй. Думаем на працу там прыстроіцца.
— А як па-твойму, такому, як я, работа там знойдзецца? У мяне ж будзе чорная павязка.
— Чаму не? Ты ж не калека.
— Дык… можа, вы падвезяце мяне?
— О не! Мы самі так напакаваліся, што ледзь валачомся. Знайдзі нейкі іншы спосаб. Прывядзі да ладу якую-небудзь з гэтых развалін і едзь.
— Што ж, магчыма, так і зраблю, далібог.
Пад машынай нешта бразнула.
— Гатова, — пачуўся голас Эла.
— Дык вылазь, паглядзім.
Эл падаў Тому поршань з ніжняй галоўкай падшыпніка. Том працёр бабітавую паверхню і ўважліва агледзеў падшыпнік.
— Здаецца, усё ў парадку, — сказаў ён. — Каб быў у нас ліхтар, мы сёння і паставілі б.
— Ведаеш, Том, пра што я падумаў? — сказаў Эл. — У нас няма заціскачкі. І паваждаемся ж мы з кольцамі, асабліва з ніжнімі, пакуль поршань уставім!
Том сказаў:
— Мне неяк раз параілі абкруціць кольцы тонкім латунным дротам, і ён зацісне.
— А як яго потым зняць?
— Знімаць не трэба. Сам расплавіцца.
— Тады лепш медны.
— Медзь слабейшая, — сказаў Том і павярнуўся да аднавокага: — У цябе знойдзецца тонкі латунны дрот?
— Хто яго ведае. Здаецца, адна шпуля недзе валяецца. А дзе, па-твойму, можна дастаць такую павязку на вока?