— Толькі каб дрот не заклініў кольцаў.
— Таму я малатком яго і расплюшчыў. Нічога, не з'едзе. А там латунь расплавіцца і, можа, яшчэ і сценкі пакрые.
— А драпін не застанецца?
Том засмяяўся:
— Сценкам гэтым нічога ўжо не страшна. Масла прапускае, як рэшата. Адной драпінай больш, адной менш, якая розніца. — Ён насадзіў шатун на вал і памацаў яго ніжнюю галоўку. — Трэба пракладак больш. Гэй, Кейсі!
— Га?
— Я зараз замацую падшыпнік. Вазьміся за завадную ручку і пакруціш, калі я табе крыкну. — Ён падцягнуў балты. — Ну, давай. Цішэй. цішэй! — Калі каленчаты вал паварочваўся, Том пахістваў падшыпнік. — Пракладак мнагавата, — сказаў ён. — Стой, Кейсі! — Том выкруціў балты, зняў некалькі пракладак і зноў паставіў балты. — Ну, Кейсі, крутні яшчэ разок. — Ён зноў пахістаў шатун. — Крышачку ходзіць. А калі яшчэ выняць пракладку, баюся, каб не заела. Зараз паспрабуем. — Том зноў адкруціў балты і зняў два слаі тонкай фольгі. — Цяпер, Кейсі, давай!
— Здаецца, парадак, — сказаў Эл.
Том крыкнуў:
— Цяжэй стала круціць, Кейсі?
— Не, па-мойму.
— Ну, здаецца, падагнаў. Дай бог, каб прыцерлася. Без інструменту бабіт не прышабрыш. А праўда, з тарцовым ключом куды лягчэй працаваць.
Эл сказаў:
— Гаспадар хопіцца — дзе ключ, а яго няма. Во разыдзецца!
— Не наша справа, — сказаў Том. — Мы ключа не кралі. — Ён лёгенька пастукаў па шплінтах і развёў іх канцы. — Цяпер, думаю, усё ў парадку. Гэй, Кейсі, ты пасвяці тут, а мы з Элам паддон пасадзім.
Кейсі апусціўся на калені, узяў ліхтарык і накіраваў пучок святла на рукі, якія асцярожна ставілі на месца пракладку і ўстаўлялі балты ў гнёзды паддона. Том з Элам паднялі цяжкі паддон, усадзілі канцы крайніх балтоў у адтуліны, потым астатнія, і тады Том патроху, адзін за адным, пачаў закручваць усе балты і, калі паддон роўна лёг на пракладку, туга зацягнуў іх ключом.
— Ну, як быццам гатова, — сказаў Том. Ён завінціў масляны каўпачок, уважліва агледзеў паддон, потым узяў з рук Кейсі ліхтарык і пасвяціў вакол сябе. — Вось і ўсё. Цяпер толькі зальём назад масла.
Том з Элам вылезлі з-пад машыны і ўлілі з вядра масла ў картэр. Том праверыў, ці няма ўцечкі.
— Ну вось, Эл, цяпер запускай, — сказаў ён.
Эл сеў у кабіну і націснуў на стартэр. Матор загрукатаў, з выхлапной трубы паваліў сіні дым.
— Збаў газ! — крыкнуў Том. — Масла будзе гарэць, пакуль дрот не расплавіцца. Во, ужо мякчэй ідзе. — Ён уважліва ўслухоўваўся ў абароты рухавіка. — Дай ранняе запальванне і збаў абароты. — Том зноў прыслухаўся. — Добра, Эл. Думаю, зроблена. Ну, дзе гэтае мяса?
— З цябе механік што трэба, — зазначыў Эл.
— Дзіва што. Я цэлы год у аўтамайстэрні працаваў. Першыя сотні дзве міль паедзем на малым газе. Няхай прытрэцца.
Пучкамі травы яны выцерлі запэцканыя маслам рукі і абцерлі аб штаны. Потым прагна накінуліся на вараную свініну, запіваючы яе вадой з бутэлькі.
— Я галодны, як воўк, — сказаў Эл. — Што цяпер рабіць будзем — паедзем у лагер?
— Сам не ведаю, — адказаў Том. — З нас там могуць здзерці яшчэ паўдаляра лішніх. Але пад'едзем, пагаворым з нашымі, скажам, што машыну адрамантавалі. А калі з нас запатрабуюць за стаянку, рушым далей. Нашы ж, вядома, хочуць ведаць, як там у нас. А добра, што ма настояла на сваім. Вазьмі, Эл, пасвяці навокал. Глянь, нічога не забыліся? Вунь тарцовы ключ падбяры. Яшчэ спатрэбіцца.
Святлом ліхтарыка Эл пашарыў па зямлі.
— Як быццам нічога.
— Добра. Я павяду легкавую. Ты, Эл, садзіся ў грузавік. — Том запусціў матор. Прапаведнік сеў да яго. Том вёў «додж» паволі, на самай малой скорасці. Эл ехаў следам. Легкавая асцярожна перабралася цераз неглыбокі кювет. Том сказаў: — Гэтыя «доджы» могуць цэлы дом на малым газе пацягнуць. Гаручае паступае скупа. Нам гэта на руку — памаленьку абкатаем падшыпнік.
«Додж» паволі ішоў па шашы. Дванаццацівольтавыя фары кідалі на палатно дарогі блікі жаўтаватага святла.
Кейсі павярнуўся да Тома:
— Проста дзіву даюся, як вы, хлопцы, умела паправілі машыну. Пасвяціў ліхтарыкам — і гатова. Я хоць і бачыў, як вы рамантавалі, але і цяпер нізашто б сам гэтага не зрабіў.
— Да машын трэба з маленства прывыкаць, — сказаў Том. — Справа не толькі ва ўмельстве. Тут патрэбна нешта большае. Цяпер хлапчукі жартам разбіраюць машыну да шрубкі.
У святло фар трапіў заяц. Ён імкліва і лёгка нёсся наперад, і яго доўгія вушы ўзляталі ўгору пры кожным скачку. Раз-пораз ён рабіў спробу збочыць з дарогі, але сцяна цемры нібы адштурхоўвала яго назад. Далёка наперадзе ярка засвяціліся аўтамабільныя фары, і неўзабаве сноп святла ўпаў на іх машыну. Заяц у нерашучасці спыніўся, потым павярнуўся і адскочыў да менш яркіх фар «доджа». Колы прайшлі па ім, мякка падкінуўшы машыну. Сустрэчны аўтамабіль са свістам пранёсся міма.