Выбрать главу

— Няўжо ў цябе пяцідзесяці цэнтаў няма? — запытаўся ён.

— Ёсць. Але яны мне яшчэ спатрэбяцца. Я не буду траціць іх на начлег.

— На пражытак трэба ўсім зарабляць.

— Правільна. Толькі лепш так зарабляць, каб не забіраць яго ў другіх.

Людзі зноў перамянілі паставы. Бацька сказаў:

— Мы паедзем заўтра раным-рана. Паслухайце, містэр, мы ж вам заплацілі. Хлапец гэты з нашай сям'і. Дазвольце яму застацца. Мы ж заплацілі.

— Пяцьдзесят цэнтаў з машыны, — сказаў гаспадар. — Гэтак кожны зробіць — пакіне машыну за варотамі, а сам будзе карыстацца ўсім бясплатна.

Том сказаў:

— Мы далей паедзем. Раніцай стрэнемся. Будзем вас чакаць. Эл няхай застаецца, а мы возьмем з сабой дзядзьку Джона. — Ён глянуў на гаспадара: — Гэтак згодны?

Гаспадар імгненна прыняў рашэнне, пайшоў на ўступку:

— Калі застанецца столькі чалавек, за колькі заплачана, дык згодзен.

Том выняў з кішэні капшук, які паспеў ужо ператварыцца ў пакамечаны, зашмальцаваны мяшэчак з адсырэлым тытунёвым пылам на дне. Ён скруціў тонкую цыгарку і шпурнуў капшук убок.

— Мы хутка паедзем, — сказаў ён.

Бацька загаварыў, ні да кога з прысутных не звяртаючыся асабіста:

— Нялёгка вось так сарвацца з месца. У нас быў дом, гаспадарка. Мы не галота бяздомная. Мы жылі на сваёй ферме, пакуль нас трактарамі не прагналі.

Хударлявы малады чалавек з выгаралымі да жаўцізны брывамі паволі павярнуў да яго галаву:

— Баваўнаробы?

— Так, здольнікі. Раней самі былі гаспадарамі.

Малады чалавек адвярнуўся ад яго.

— Мы таксама, — прамовіў ён.

— Добра хоць, што нядоўга ўжо засталося цярпець, — сказаў бацька. — Прыедзем на Захад — будзем працаваць, займеем зямельку з вадой.

Каля самага ганка стаяў чалавек у падранай адзежы. Чорны пінжак звісаў лахманамі, штаны на каленях былі працёртыя да дзірак. На твары ў яго, там, дзе пыл змяшаўся з потам, былі брудныя палосы. Ён матнуў галавой у бок бацькі:

— У вас, відаць, прыхаваны невялічкі глечык з грашыма.

— Не, грошай у нас зусім мала, — сказаў бацька. — Але нас шмат, і ўсе мы працавітыя. Добра заробім, і ўсе грошы пойдуць у агульны кацёл. Зажывём.

Чалавек у лахманах выслухаў бацьку, шырока расплюшчыўшы вочы, і раптам засмяяўся, потым смех яго перайшоў у вісклівае хіхіканне. Усе павярнулі да яго галовы. Хіхікаючы, ён пачаў захліпацца і закашляўся. Калі ён нарэшце адолеў прыступ кашлю, вочы ў яго былі чырвоныя, на іх выступілі слёзы.

— Ты думаеш, там… а божухна! — ён зноў захіхікаў. — Ты думаеш, там табе… будуць добра плаціць… ой, смех! — І, перастаўшы смяяцца, іранічна сказаў: — На збор, можа, пойдзеце апельсінаў? Грушы, можа, будзеце збіраць?

Бацька з годнасцю адказаў:

— Будзем рабіць тое, што нам прапануюць. У іх там работы шмат.

Чалавек у лахманах ціхенька рагатнуў. Том з раздражненнем павярнуўся да яго.

— А што тут такога смешнага?

Абадранец сцяў губы і панура ўтаропіўся на масніцы ганка.

— Вы, няйначай, у Каліфорнію едзеце?

— Я табе сам гэта сказаў, — адказаў бацька. — Падумаеш, які здагадлівы знайшоўся!

Абадранец паволі прагаварыў:

— А я… я вяртаюся адтуль. Пабыў ужо там.

Твары людзей імгненна павярнуліся да яго. Усе напружана чакалі. Ліхтар на ганку перастаў шыпець і ціха пыхкнуў. Гаспадар апусціў пярэднія ножкі крэсла на падлогу, падняўся, падпампаваў ліхтар, і той зноў гучна і тонка зашыпеў. Гаспадар вярнуўся на месца, але ўжо не адкінуўся да сцяны. Чалавек у лахманах абвёў позіркам твары людзей.

— Еду назад паміраць галоднай смерцю. Лепш ужо адразу з голаду памерці.

Бацька сказаў:

— Што ты вярзеш? У мяне вось рэкламны лісток ёсць — там пра добрыя заробкі пішацца, а надоечы я і ў газеце чытаў: ім зборшчыкі фруктаў патрэбныя.

Абадранец павярнуўся да бацькі:

— А ў цябе ёсць куды вярнуцца?

— Няма. Нас сагналі з зямлі. Прайшліся трактарамі аж да самага дома.

— Назад, значыць, не павернеш?

— Вядома, не.

— Тады не буду цябе расстройваць.

— А ты мяне і не расстроіш. У мяне лісток ёсць, там сказана, што людзі патрэбны. Дарэмна ж не будуць пісаць такія лісткі. Яны вялікіх грошай каштуюць. Іх не друкавалі б, каб не было патрэбы ў людзях.

— Не буду цябе расстройваць.

Бацька сярдзіта сказаў:

— Дурасць нейкую ляпнуў, а адрачыся не хочаш. У лістку ж ясна напісана: людзі патрэбныя. А ты на смех мяне падымаеш, кажаш: не, не патрэбныя. Хто ж з нас ілжэ?