Выбрать главу

Штоноч ствараліся маленькія сукупнасці людзей — мініяцюрныя грамадствы, і ў такім «грамадстве», у такім свеце было ўсё — і дружба, і варожасць; у ім былі выхвалякі і баязліўцы і былі ціхія, сціплыя, добрыя людзі. Кожную ноч між імі завязваліся адносіны, без якіх не існуе чалавечае грамадства, і кожную раніцу яны разам знімаліся з месца, як вандроўны цырк.

Напачатку ў гэтых грамадствах, што ўзнікалі і рушыліся, людзі паводзілі сябе нерашуча, нясмела, але паступова стварэнне іх рабілася прывычнай справай. Наперад выступалі важакі, узнікалі правілы, нараджаліся законы. І чым далей на захад забіраліся гэтыя грамадствы, тым больш дасканалымі і добраўпарадкаванымі яны рабіліся, бо стваральнікі іх усё больш набіраліся вопыту.

Сем'і даведваліся, якія правы павінны захоўвацца: права пабыць у адзіноце ў сваёй палатцы; права схаваць у сэрцы памяць аб горкім мінулым; права ўдзельнічаць у гутарцы ці толькі слухаць; права адхіліць альбо прыняць дапамогу; права прапанаваць дапамогу альбо адмовіць у ёй; права сына пазаляцацца да дзяўчыны і права дачкі прыняць заляцанне; права галоднага быць накормленым і пераважныя правы цяжарных і хворых перад усімі іншымі правамі.

Сем'і таксама даведваліся, хоць ніхто іх гэтаму не вучыў, якія правы тояць у сабе зло і падлягаюць вынішчэнню: права парушаць чыю-небудзь адзіноту, узнімаць шум, калі лагер спіць, права спакусіць дзяўчыну, гвалціць, права на пралюбадзейства, крадзеж і забойства. Гэтыя правы няшчадна душыліся, бо калі іх не выкараніць, гэтыя маленькія грамадствы і ночы адной не праіснавалі б.

І па меры таго як грамадствы гэтыя ўсё далей пасоўваліся на захад, правілы самі сабой атрымлівалі сілу законаў. Незаконна пэцкаць каля лагера; незаконна брудзіць пітную ваду; незаконна сытна і смачна есці на вачах у галоднага і не падзяліцца з ім ежай.

А з узнікненнем законаў узнікалі і кары — кары ўсяго двух відаў: кароткае, але жорсткае збіванне ці выгнанне; выгнанне было больш суровай карай. Бо калі хто пераступаў закон, імя яго і твар заўсёды былі з ім, і не было яму месца ні ў якім з гэтых грамадстваў, дзе б яно ні стваралася.

Маральныя асновы ў такіх грамадствах былі цвёрда акрэсленыя і строгія: мужчына абавязкова павінен быў паздароўкацца пры сустрэчы, мужчына мог жыць з жанчынай, калі начаваў разам з ёю ў палатцы, калі стаў бацькам і абаронцам яе дзяцей. Але ён не мог спаць сёння з адной, а заўтра з другой, бо гэта пагражала бядой грамадству.

Сем'і ўсё далей забіраліся на Захад, спосабы стварэння гэтых грамадстваў усё больш удасканальваліся, і людзі адчувалі сябе ў бяспецы, бо нормы супольнага жыцця былі цвёрдыя і непарушныя, і сям'я, якая выконвала ўсе правілы, магла нічога не баяцца.

Самі сабой паяўляліся органы ўлады, з важакамі, са старэйшынамі; дурны не мог прапанаваць сваю дурноту грамадству. Гэтае начное жыццё было нечым накшталт страхоўкі. Чалавек, у якога была ежа, карміў галоднага і тым страхаваў ад голаду самога сябе. А калі памірала малое, каля ўвахода ў палатку вырастала кучка сярэбраных манет, бо дзіця трэба было хоць пахаваць па-чалавечы, раз яно не ўзяло ад жыцця нічога іншага. На могілках для беднякоў і бадзяг можна пахаваць якога-небудзь старога, толькі не немаўля.

Для стварэння такіх грамадстваў патрэбны былі пэўныя матэрыяльныя ўмовы, асабліва вада — рэчка, ручай, крыніца ці хоць бы водаправодны кран, пакінуты без нагляду. І яшчэ каб участак быў роўны — для палатак, крыху сухога галля ці дроў на вогнішча. А калі паблізу яшчэ і звалка была, дык зусім добра: там можна знайсці вельмі патрэбныя да ўжытку рэчы — пячную трубу, пагнутае аўтамабільнае крыло, каб загарадзіць ім агонь ад ветру, бляшанкі з-пад кансерваў, каб у іх згатаваць ежу і есці з іх.

Грамадствы ўтвараліся вечарамі. Людзі збочвалі з шашы і аддавалі што ў каго было — палаткі, сэрцы, мозг.

Раніцай палаткі разбіралі, брызент згортвалі, жэрдкі прывязвалі да падножак, матрацы клалі ў машыну на сваё месца, посуд — на сваё. І, едучы ўсё далей на Захад, сем'і мала-памалу асвойвалі тэхніку пабудовы жытла ўвечары і яго разбурэння на золку. І з цягам часу кожны член сям'і звыкаўся са сваім месцам, са сваімі абавязкамі, і стары і малы ведаў, дзе яму сядзець у машыне, а стомнымі, душнымі вечарамі, калі пад'язджалі да стаянкі, кожны ведаў свае абавязкі і выконваў іх, не чакаючы нічыіх указанняў, — дзеці збіралі ламачча на вогнішча, прыносілі ваду; мужчыны ставілі палаткі, раскладалі матрацы; жанчыны гатавалі вячэру, кармілі сям'ю. І ўсё гэта рабілася без пануквання. У сем'яў, жыццё якіх раней было абмежавана ўначы сценамі дома, а ўдзень — сваёй фермай, цяпер паявіліся новыя межы. І доўгімі спякотнымі днямі яны моўчкі сядзелі ў машынах, што паволі пасоўваліся на Захад, а начамі зліваліся з групай людзей, з якімі ім выпала стаць на прывал.