Выбрать главу

Цераз пустыню я паеду ноччу.

І я. Яна з каго хочаш дух выб'е.

Таропка снедалі, мылі і выціралі посуд. Разбіралі палаткі. Усе спяшаліся хутчэй рушыць у дарогу. І калі сонца выплывала над гарызонтам, на стаянцы ўжо было пуста, толькі дзе-нідзе валялася пакінутае людзьмі смецце. Але мясціна гатова была прыняць новых падарожнікаў наступнай ноччу.

А машыны перасяленцаў, як кузуркі, паўзлі па шашы, і перад імі вузкай стужкай распасціраліся мілі і мілі бетону.

Раздзел васемнаццаты

Сям'я Джоўдаў паволі рухалася на захад, па гарах Нью-Мексіка, міма востраканечных скал і пірамідальных вяршынь. Яны ўзабраліся на Арызонскае нагор'е і цераз прасветліны між уцёсаў зазіралі ўніз, на Каляровую пустыню. Іх спыніў пагранічны інспектар.

— Куды едзеце?

— У Каліфорнію, — адказаў Том.

— Колькі часу прабудзеце ў Арызоне?

— Пакуль не праедзем.

— Расліны з сабой везяце?

— Раслін няма.

— Трэба праверыць.

— Кажу ж вам, раслін ніякіх няма.

Інспектар наляпіў на ветравое шкло ярлычок.

— Добра. Едзьце, толькі не спыняйцеся.

— А мы і не збіраемся.

Яны падымаліся па схілах, на якіх раслі крывыя карлікавыя дрэвы. Холбрук, Джозеф-Сіці, Уінслаў. Дрэвы тут былі ўжо высокія. Вывяргаючы дым, абедзве машыны адольвалі пад'ёмы. І вось ужо Флагстаф — самы высокі пункт. Ад Флагстафа дарога пабегла ўніз, з аднаго шырокага плато на другое, і нарэшце знікла ўдалечыні. Вады не хапала, яе даводзілася купляць па пяць, па дзесяць, па пятнаццаць цэнтаў за галон. Сонца высмактала ўсю вільгаць з бязводнага скалістага краю. Наперадзе завіднеліся няроўныя, вострыя выступы гор — заходні вал Арызоны. Цяпер ужо Джоўды ўцякалі ад сонца і сушы. Ехалі ўсю ноч і ноччу заехалі ў горы. У цемры машыны паўзлі між зубчастых скалістых бастыёнаў, і слабае святло фар цьмяна мігацела на шэрых каменных сценах абапал дарогі. Перавал адолелі ў цемры і глыбокай ноччу пачалі паволі спускацца сярод бязладнага россыпу каменных абломкаў каля Оўтмена. На золку ўбачылі ўнізе раку Каларада. Даехалі да Топака, пастаялі каля моста, пакуль інспектар змываў ярлык з ветравога шкла. Тады пераехалі мост і апынуліся ў няроўнай камяністай пустыні. І хоць усе страшэнна стаміліся і ўсё мацней прыпякала ранішняе сонца, падарожнікі спыніліся пасярод дарогі. Бацька выгукнуў:

— Прыехалі!.. Вось яна, Каліфорнія!

Усе тупа пазіралі на каменныя глыбы, што блішчалі на сонцы, і на страшныя цвярдыні Арызоны за ракой.

— Перад намі пустыня, — сказаў Том. — Трэба дабрацца да вады і трохі адпачыць.

Дарога цягнулася ўздоўж ракі, і познім ранкам машыны з перагрэтымі маторамі дабраліся да Нідлса, дзе рака імкліва несла свае воды між зараснікаў чароту.

Джоўды і Ўілсаны з'ехалі да берага і, седзячы ў машынах, скіравалі позіркі на празрыстую ваду, што праплывала міма, і на зялёны чарот, які паволі пагойдваўся ў плыні. Каля самай ракі на заліўным лужку, зарослым сакавітай травой, быў невялікі лагер — адзінаццаць палатак. Том высунуўся з кабіны.

— Нічога, калі мы тут станем?

Поўная жанчына, якая мыла ў вядры бялізну, падняла галаву.

— Мы тут не гаспадары, містэр. Станавіцеся, калі хочаце. Пазней да вас палісмен прыйдзе. — І яна зноў пачала церці бялізну на самым санцапёку.

Абедзве машыны заехалі на свабоднае месца на густой траве. Адразу ўзяліся за палаткі — паставілі палатку Ўілсанаў, навесілі на вяроўку брызент Джоўдаў.

Уінфілд і Руці няспешна пайшлі праз вербалоззе да зарасніку чароту. З ціхай радасцю Руці сказала:

— Каліфорнія. Вось мы і прыехалі ў самую Каліфорнію!

Уінфілд надламаў чарацінку, пакруціўшы, адарваў яе і, узяўшы ў рот, пачаў жаваць белую мякаць сцябла. Яны ўвайшлі ў ваду па лыткі.

— Далей паедзем па пустыні, — сказала Руці.

— А якая яна, пустыня?

— Сама не ведаю. Толькі на малюнку раз бачыла. Паўсюль косці валяюцца.

— Чалавечыя?

— Можа, і чалавечыя, але больш каровіныя.

— А мы іх убачым?

— Можа, і ўбачым, хто ведае. Мы паедзем па ёй ноччу. Так Том сказаў. Том кажа, згарыш к чорту, калі днём паедзеш.

— Тут так прыемна, такі халадок, — сказаў Уінфілд і грабянуў нагой пясок на дне.

Здалёку пачуўся голас маці:

— Руці! Уінфілд! Вяртайцеся!

Дзеці павярнуліся і, прабіраючыся праз чарот і вербалоз, паволі пайшлі назад.

У лагеры было ціха, нідзе нікога. Толькі калі машыны пад'ехалі, з некалькіх палатак на момант высунуліся галовы. Зрабіўшы сабе прыстанішча, мужчыны абедзвюх сем'яў сабраліся разам.