Выбрать главу

Павел Місько

Грот афаліны

Частка першая

Вясёлы архіпелаг

Раздзел першы

1

Чуткі пацвердзіліся: султан Муту (каб яму жыць яшчэ сто гадоў і ўсе сто ракам поўзаць!) прадаў іх востраў, іх любімы Біргус, амерыканцам за паўмільёна долараў. Казалі, быццам султану не хапала грошай на новыя ножны для крыса. А ножны не простыя — адлітыя з золата і ўпрыгожаныя брыльянтамі. Такі крыс — сімвал Вярхоўнай улады. Падобныя крысы ёсць толькі ў раджы Яго Вялікасці Вярхоўнага Правіцеля Малайзіі і ў брунейскага султана. Далёка Малайзія і Бруней, не адна тысяча кіламетраў. Той-сёй называў іншую прычыну продажу: любіў Муту наладжваць пышныя шэсці і прадстаўленні, вельмі падабалася, як неслі яго расквечаныя партрэты, вадзілі двух купленых для такіх урачыстасцей белых сланоў. Дык дзіва што будзе пустая казна!

Людзі сядзелі пад баньянам, Дрэвам Сходаў. Прыйшлі нават жанчыны і дзеці, хоць іх ніколі сюды не пускалі. Немаўляты і гадавалыя малышы былі ў мацярок на руках, гучна смакталі грудзі і зіркалі вачанятамі на людзей. На добры лад, то хіба тут месца жанчынам і дзецям? Тут толькі старэйшым мужчынам дазвалялася мудра маршчыніць ілбы і чухаць патыліцы.

Зноў і зноў змушалі хадакоў расказваць, як усё было на Галоўным востраве, у Свійттаўне, як іх прынялі ў султанавым палацы, што гаварылі. Ні стараста Ганеш, ні дзед Амос, ні дзядзька Амат не маглі нічога дадаць да свайго расказу. Усё здавалася дужа неймаверным, неверагодным, і ў людзей адымала мову. Зусім нядаўна англійская каралева падаравала архіпелагу самастойнасць. Утварыўся султанат, архіпелагам стаў кіраваць султан, а не англійскі губернатар. Але ж хіба для таго займеў султан уладу, каб распрадаваць архіпелаг па частках?! Хоць і многа ў ім астравоў, а з атоламі і атольчыкамі не адна сотня набярэцца, але ж куды дзецца людзям?

Янг чуў, як горача дыхае яму ў голыя плечы маці, гладзіць яго па галаве, супакойвае. А як ты супакоішся, калі і моладзь хвалюецца? Стаяць юнакі і дзяўчаты, падпёршы плечукамі карані-ствалы баньяна, і гудуць, гудуць…

— …Я чую, што вы зноў нам не верыце! — падслепаваты Ганеш загарачыўся, шапялявячы, запырскаў чырвонаю ад бетэлевай жвачкі слінаю. (Янгу здалося, што Ганешу яшчэ там, на Галоўным, стукнулі кулаком у зубы, і ён дасюль сыходзіць крывёю). — Забіце мяне тут, пад гэтым дрэвам, калі не верыце! Я хачу памерці на сваёй зямлі… Хіба вы сталі сляпыя і глухія? Хіба вам зацягло бельмамі вочы, як мне? Няхай я ўжо кепска бачу, але ж затое добра чую і нюх маю. Паслухайце і вы! Паслухайце!.. — Ганеш, ацішваючы людзей, падняў угору скурчаны палец, знявечаны некалі ўкусам змеепадобнай рыбы мурэны.

Не трэба было і сцішвацца. Ужо трэція суткі дзень і ноч, у некалькі змен вішчалі лябёдкі, раўлі і грукалі маторы, чуліся выкрыкі-каманды на англійскай мове. У бухце, якую стварыла лагуна іх вострава-атола, выгружалі ўсякія скрыні і скрынкі, а таксама вялізныя часткі машын, абабітыя з усіх бакоў дошкамі. Паўзлі бульдозеры, падобныя на танкі без вежаў і гармат, з велізарнымі адваламі-нажамі, скрэперы і экскаватары-пагрузчыкі, машыны-самазвалы. Скрыні і скрынкі згружалі з мотаботаў, розныя машыны — з матарызаваных пантонаў-пляцовак. Бульдозеры спаўзалі на бераг сваім ходам, ледзь толькі салдаты паспявалі замацаваць пантоны ды пакласці шырокія пандусы-з'езды. А на рэйдзе, за ўваходам у лагуну, стаяла самаходная аграмадзіна баржа, у карме яе адкінулася, як пад'ёмны мост, сценка, зеўрала цёмная чатырохкантовая дзіра. З палубы баржы і з яе бяздоннага чэрава і браліся ўся гэтая тэхніка і скрыні. Чужынцы спяшаліся, мо баяліся, каб султан не перадумаў, не пачаў патрабаваць назад купчую паперу.

— Дык што нам рабіць?

— А як з астатнімі паселішчамі? Можа, іх не будуць чапаць? — пачуліся зноў выкрыкі.

— Будуць! Я гаварыў са старастамі тых вёсак. Усім загадана збірацца і выязджаць! — адказаў Ганеш.

Зноў голасна загаманілі:

— Як гэта збірацца? Куды-ы?!

— Хіба я забяру з сабой какосавыя пальмы?

— А куды ж дзецца мне-е-е?! А мае ж вы но-ожач-кі! А каму я дзе патрэбна, калі і тут мне жыцця няма-а?! — галасіла старая Рата. Яна сядзела наперадзе Янга, выставіўшы тоўстыя, як калодкі, у абвіслых пачварных складках ногі. Колькі помніць Янг, у яе былі такія ногі. Усю сілу яна аддавала на тое, каб цягаць іх. Сваякі адцураліся Раты — слановая хвароба невылечная, — і старая жабравала.

— У мяне дзевяць пальмаў. Як я пражыву без іх, карміцелек?! — выкрыкваў нехта плаксівым голасам.

— Султан жа абяцаў на каранацыі: сталічны востраў, Галоўны, будзе берагчы, нібы квактуха, кожнае сваё кураня. А цяпер што? Сам дзяўбе нас, як каршун! — гэта быў голас брата Раджа. Янг вылучыў яго з усіх галасоў.

— О, вялікі Вішну! Усемагутны Вішну! Найпрыгажэйшы Вішну! За якія грахі паслаў пакуты? Ствары цуд, уратуй нас!

Крыкі, галашэнне… Гледзячы на мацярок, заплакалі і дзеці.

— Ціха-а! Дайце і мне сказаць! — надрываўся ў гэтым гармідары кітаец Лі Сунь. Ён прабраўся ў цэнтр, пакланіўся на ўсе бакі. Хвосцікі завязанай касынкі матляліся ззаду, як дзве коскі.— Ну чаго вы панікуеце? Усё ідзе да лепшага, а не да горшага. Хоць свету пабачыце, а то некаторыя за ўсё жыццё далей Біргуса носа не высоўвалі.

— Праўду кажа! Згарыць няхай гэты востраў! Сядзімо, як у нары! — крычаў Пуол. Па гадах ён раўня Раджу, нават гулялі разам, хаўрусавалі. «Але чаму ён не любіць свой Біргус?» — думаў Янг.

— Вас жа не проста выганяюць адсюль! — надрываўся Лі Сунь.

— «Вас»… А цябе што — не? Ты тут застаешся? — кінуў яму Радж.

— Нас, нас… Я проста агаварыўся! — казаў далей Лі Сунь. — Нас жа пе-ра-ся-ля-юць! На другое месца, на другі востраў. Транспарт даюць.

— Не трэба нам другі! Ведаем, якая зямля на Горным! Чулі! З аднаго боку — гара, з другога — балота! А добрая зямля ўся занятая!

— Кажу: дадуць добрыя ўчасткі — разводзьце какосы, сушыце копру. А хто не захоча… — голас у Лі Суня асіп і ахрып.

— Пасадзіш пальму — чакай шэсць-восем гадоў, пакуль тыя арэхі. А гэтыя восем гадоў зубы на паліцы трымаць? У мяне ж пяцёра дзяцей!

— …А хто не захоча… Я хацеў сказаць — хто захоча памяняць сваё жыццё на гарадское, уладкавацца на іншым востраве, а не на Горным, — калі ласка, перавязуць і туды з усімі бэбахамі! — крычаў Лі Сунь. — Чуеце? І яшчэ пяцьдзесят долараў на сям'ю дадуць! — кітаец закашляўся.

«І чаго гэты крамнік горла дзярэ? Хіба яму заплацілі? Абірала пракляты…»— думаў Янг.

— А дзе знойдзеш работу? Хто нас чакае там? Каму мы патрэбныя? — сыпаліся выкрыкі.

— Абы добрыя грошы — усюды можна жыць! — крычаў сваё Пуол.

— Лі Сунь! Твой язык сёння лёгка ходзіць! Якім алеем яго змазалі? За колькі долараў прадаўся? — гнеўна гаварыў Радж, і яго словы ўзбуджалі людзей.

Янг сеў бокам, каб добра было і за Раджам наглядаць. Залюбаваўся братам: белая трыкатажная тэніска шчыгульна аблягала пукатыя плечы і грудзі, падкрэслівала кожную бугрынку мускулаў. На грудзях малюнак: пяць сініх хваляў, аранжавы абруч сонца з промнямі-пырскамі, а праз гэты абруч скача сіні дэльфін. Ні ў кога ў вёсцы няма такой шыкоўнай адзежыны. Радж працуе на востраве Рай у дэльфінарыі — не абы-што!

Крамнік бязгучна разявіў рот — раз, другі: заняло дух. Але справіўся з сабою, зноў заўсміхаўся.

— Чуеце? Па пяцьдзесят долараў! Вы такіх грошай і не нюхалі… А ты, малады чалавек… — звярнуўся да Раджа. — Ты мог бы і памаўчаць! Ты тут ужо не жывеш-ш-ш… І не маеш-ш-ш права голасу! — зашыпеў, як кобра. — Ты ляці на свой востраў Рай — і забаўляйся! Разводзь там тра-ля-ля! Забаўляй турыстаў! Плюхайся!

— Як гэта не маю?! — ускіпеў і Радж. («Як гэта не мае права голасу?» — падтрымалі яго хлопцы, асабліва Амара). — Хіба я не адсюль родам? Хіба не тут жывуць мае бацькі? Хіба не табе, жываглоту, яны за бясцэнак аддаюць копру і сушаную рыбу? — Радж некалькі разоў выцягнуў з ножнаў і з лёскатам загнаў назад нож-крыс. Шрам-месячык пад леваю сківіцаю то чырванеў, то бялеў.