...Яны тады рабілі на смалакурні, якую ўжо даўно знеслі, бо не было з чаго гнаць шкіпінар. Грышка вазіў на кані смаляныя карчы, якія рвалі аманітам па ўсім лесе, часам вельмі далёкім, як той, названы Грышкам Шахтамі, а Любка дзяжурыла каля жалезных чанаў і пільнавала, каб шкіпінар і дзёгаць лішне не наліваліся ў бочкі. Да Рамідоўшчыны, дзе жыла Любка адна-адною, было кіламетры два, а то і больш. Зімою дзень — як зайцаў хвост, і часта ёй выпадала ісці дахаты ўжо цёмначы. Грышка тады-сяды набіваўся — то жартам, то ўсур’ёз — у праваднікі, ды яна адварочвалася. Але каторага дня, пасля замеці, на якія тады зімы былі шчодрыя, Грышка, шкадуючы Любку, усё-ткі ўгаварыў яе сесці ў сані. Ехалі, блізка прытуліўшыся, не гледзячы ў вочы, бо кожны, мабыць, думаў пра адно і тое. Пусціўшы каня самаходам, ён нечакана сарваў з рук вязёнкі і, расшпіліўшы кажух, акрыў Любку крысом; адной рукою стаў шукаць цяпло пад яе старэнькім там-сям прапаленым паліто; яна, удзячная Грышку, не працівілася. Шчытна седзячы, дыхалі адно на аднаго марозам; Грышка быў ужо і намацаў Любчын бок, адчуўшы, як гарачыня жаночага цела пабегла па пальцах у руку і ў самае сэрца, але зняцяйкі таргануліся моцна сані — конь зачапіўся аглобляю за крывулястую бярэзіну, — і на іх пасыпаўся зверху снег.
— Што ўжо тута, — раптам сказала яна, сарамліва апускаючы вочы і не хаваючы пакоры ў голасе. — Паехалі ка мне — пакармлю. — На вейках у яе трымцелі, растаючы ад дыхання, пылінкі снегу.
Адчыняючы тугія весніцы, Грышка пачуў, як яны зарыпелі, згортваючы набок снег. На двары ляжала гара парэзаных бярозавых дроў, каля якіх жаўцела перамешаная са снегам пырса. Нехта з мужчын рэзаў, падумаў ён, і яму зразу размарыла душу, цяпло пракацілася па спіне. Што за мужчына? Можа, хто ўжо ў «хазяіны» набіваецца? А што — баба ладная, маладая, клопату — што замужам была: з вайны ў многіх мужыкі не паварочаліся. І хата яшчэ што звон, хаця і нізкая, але з тоўстых стрыжоністых бёрнаў, пабеленая мелам, акурат церам які, і крытая бляхаю. Доўга прастаіць.
Любка запаліла карасінавую лямпу; павесіла яго кажух на цвік каля парога. Ён абабіў аб калена шапку, пакамячыў яе ў руках і накінуў на той самы цвік, на якім вісеў кажух, — чорная шапка злілася з чорным каўняром. Хацеў быў зняць і галёшы з валёнак, ужо нацэліўся заднікам, ды яна мякка падпіхнула яго ў спіну:
— Ідзі, не трэба...
Ён сеў на лаву, утупіўшы вочы ў валёнкі — на кроплі, белыя ад таго, што ў іх адбівалася печ; потым у прасветліну між шырмамі ўбачыў ложак з дзвюма падушкамі, закрытымі вышыванымі накідкамі; над ложкам вісела рамка з картачкамі, якія зводдалі няможна было разгледзець. Каб уведаць, ці ёсць там картачка Любчынай «дзевачкі», дачкі, што не перажыла вайну, памерла ад тыфу, ці паспелі яе хоць разок зняць на картачку, — Грышка хацеў спытаць, але, падумаўшы, не стаў варушыць балючае і даўняе.
Любка ўжо прычасалася перад люстэркам, уробленым у печ побач з пячуркаю; патрымаўшы заколкі ў вуснах, зашчаміла імі скручаныя на патыліцы куклаю валасы. Бачыў Грышка, не саромеецца яна яго ў сваёй хаце, пачувае сябе так, быццам даўно яны жывуць удваіх і прызвычаіліся адно да аднаго; калі яна паднімала да патыліцы рукі, ён убачыў, як напялася ў яе на грудзях кофта і з-пад яе выткнулася ў поясе зборка белай сподняй кашулі; ён адвярнуў галаву, прыцінаючы ў грудзях дрыготку, што замуціла яму вочы.
Гэтак жа няспешна, акурат наўмысна хацела аддаліць час, яна сабрала на стол — выняла з печы смажанай бульбы; парэзала сала, салёных гуркоў; паклала ў талерку сырых яек. Паставіўшы бутэльку і дзве чаркі, сказала, каб садзіўся бліжэй да стала. Ён чамусьці шумна ўздыхнуў і падышоў нехаця.
Яна наліла ў чаркі, кіўком запрасіла выпіць. Ён пацягнуўся да яе чокнуцца — трымаў чарку шчытна ўсімі пальцамі. Яна, гаспадыня, не прысела, узлокцілася леваю рукою на стол, а праваю брала закусваць, і Грышка міжволі чапляўся краем вока за адкрыты куточак цела ў нізкаватым выразе кофты.
Хоць і выпіў чарку, а затым і другую, п’янь не брала яго і яда не лезла ў рот — нешта падкацілася пад грудзі, цвёрдае, даўкае, як недаспелы, аскомісты яблык-дзічак, было цяжка дыхаць, не тое што есці. А Любка наўпярок, пачувала сябе спакойна, а гэты бляск у вачах і чырвань на твары хутчэй ад выпітае гарэлкі, чымся ад нейкай нутраной узрушанасці. І Грышка падумаў, што ім, мабыць, цяжка будзе паразумецца між сабою. Калі чэсна, дык ён ні на што не намерваўся з самага пачатку, проста пашкадаваў жанчыну-ўдаву, што ёй, беднай, грэбціся адной па снезе, а потым ужо, у санях, раптам павярнулася ўсё іначай, і яму падумалася, што яны, пэўна, ужо даўно гарнуліся, каб пабыць вось так адзін на адзін; загадзя ведаючы, што няпроста ім будзе на пару, не на людзях, не маглі перабароць у сабе сілу, якая збліжала іх, прымушала хаця б у думках падступацца да таго, што назолаю лезла з кожным днём мацней і ўедлівей.