Выбрать главу

Першым яму трапіўся абабачак — з пахіленаю шапачкаю і на даўгой, як у бусла, ножцы. Затым — во радасць! — два барвічкі; ён тут жа счыкрыжыў іх — у аднаго карэньчык белы і тугі, як сыр, а ў другога, выедзены чарвямі, — мяккі і пусты, як порхаўка. Звычайна па карэнні першых барвікоў Грышка намячаў, будзе лета грыбное ці не, а тут: адзін добры, другі чарвівы — ні тое ні сёе. Затым Грышка нады*баў яшчэ некалькі барвікоў, ужо крэпенькіх, — зашыліся ў сівец ды яшчэ майнікам зверху прыкрыліся, вось і паспрабуй знайдзі іх, хітруноў. Добра, што Грышка ведае, дзе іх шукаць. Заюшыўшыся, ён кружыў каля бяроз ды асін, паднімаючы то абабачак, то лісічкі, не абмінаў і сыраежкі — чырвоныя, жоўтыя, рудыя, бы тое восеньскае лісце, — і радаваўся, што багата пайшлі грыбы. Кошык вачавідкі напаўняўся, аддаваў у вочы крамянаю жаўцізною, быццам нехта махаў перад ім пукам цвітучага лубіну.

У лесе ўсягды так бывае: калі трымаеш у галаве арыенцір — не заблудзішся, ведаеш, дзе ты і куды ісці; чуць выпусціў — перавярнуўся свет, як быццам хто ўзяў цябе і, як ката ў мяшку, перанёс у зусім новае, незнаёмае месца.

Грышка заблудзіўся. Не, ён не спалохаўся, бо, куды ні пайдзі, лучыш на дарогу ці поле, а там ужо знайсці сваю вёску можна з завязанымі вачыма, — але нейкі нутраны халадок перасмыкнуў яго. Што з ім? Заблудзіўся? Куды ж яго занесла? Ён хацеў намеціць, дзе поўнач, дзе поўдзень, ведаючы, што на бярозе болей цёмных плям з халоднага боку; перакруціўся, шукаючы знаёмае дрэва ці палянку, але ўсё было чужое, непрыветнае, бы ў страшным сне: асіна з вялікім чорным дуплом, глыбокі акоп з пазелянелым, скарабачаным кірзачом на дне, быццам нехта высунуў з-пад зямлі нагу. Ён закурыў, раз-другі глыбока зацягнуўся; не перастаючы разглядацца, затушыў недакурак на пясчаным кратовым копчыку і саступіў з месца, зрабіў некалькі бязвольных крокаў, спыніўся, а потым смела пашыбаў далей.

Браўся, здаецца, па адным намечаным кірунку, а праз нейкі час апынуўся на тым месцы, адкуль пачынаў ісці. Што за ліха?.. Во і асіна з чорным дуплом, і кірзач у акопе, падобны на высунутую з-пад зямлі нагу, і раздушаны недакурак на кратовым копчыку... Грышка пасігаў у іншы бок, ішоў-ішоў, як быццам не скрыўляючы, і — дзіва-дзіўнае! — зноў вяртаўся на старое, прыметнае месца. Такое з ім ужо здаралася аднойчы, калі малады быў, таксама ў грыбах. Праўда, тады яны з сябрам, які цяпер палкоўнікам у Маскве, добра падпілі. Алёна Чубатчыха, шустрая, з худымі жылістымі нагамі, якія не стамляліся дзень і ноч бегаць па лесе і каля хаты, напароўшыся на іх, параіла вывернуць нападыспад пінжакі. Цяжка сказаць, што ім памагло, але мінут праз пяць яны ўзбіліся на дарогу.

Цяпер, сталаму ды цвярозаму, было канешне, смешна верыць усякім забабонам, і Грышка, усміхнуўшыся, павесялелы ад успамінаў, няспешна пасунуўся без аглядкі — куды выткнецца, туды выткнецца. Доўгі час перад вачыма маячылі камлі нятоўстых, гонкіх сасонак, потым улез у спелы бярэзнік, густа зарослы верасам і бледна-пунсовымі калмаценькімі, як васількі, кветкамі, якія называліся чамусьці «кіслародам». Зямля, здаецца, кацілася пад адхон, і па тым, як ногі пачалі блытацца ў фіялетава-жоўтым зязюльніку і даўгалыгім шабельніку, а каля твару пагусцела камарэчы, Грышка здаўмеўся, што прыбліжаецца да нізкага месца — мусіць, нейкай балацявіны... Во і прэллю ўдарыла ў нос, як не звярнула, і ўслед асвяжыла вільгаццю. На парэпаным камлі алешыны Грышка раптам убачыў ярка-жоўтую, бы лімон, бародку, падобную на лішайнік, і прыпыніўся, уражаны дзіўнаю нарасцю, але на імгненне, бо тут жа здагадаўся, што натыкнуўся на так званую «грыбную лапшу», якая, па народным павер’і, прыносіць шчасце. Грышка ўсміхнуўся: верыць ці не верыць?

Прадраўшыся скрозь зараснік ляшчыны, ён знячэўку, бы хто адсланіў шырму, убачыў перад сабою раздольную лугавіну, рэчачку на ёй — і ўголас рассмяяўся: выперся аж на Рамідоўшчыну. Во-тка ламануў круга! Але тут жа яму падумалася: няўжо нейкае нутраное, як у звера, чуццё, якое аніяк нельга разгадаць, вяло яго іменна сюды, у гэты бок, да вёскі, дзе жыве Любка Гранцішына, пра якую сёння блізка ўспамінаў, і ўспамін гэты саграваў яго, як і раней, калі разварушваліся нервы і захлістваў грудзі халодны, жудасны сум. Грышка раптам схамянуўся — што ўжо не стаіць на месцы, а рухаецца — у нейкім няцямлівым, адчайным роздуме. Ён перайшоў па кладцы-жэрдках рэчку, якая лагодна пабульквала ўнізе, быццам спявала песню, і апынуўся акурат каля Гранцішынай сядзібы. Узрадаваўся, згледзеўшы на гародзе жанчыну і пазнаўшы ў ёй Любку.