Выбрать главу

Здавалася, пасталее Міша — набярэцца розуму, але не... Да дзевак намысліць у Дабранку, выкрадае з канюшні каня і панёсся нaвуж; уранні, узмыленага, галоднага, прыганяе каня назад. Грышку нават у праўленне зазывалі, штрафам гразілі, і ён, вядома, там не заступаўся за сына, даваў слова прыструніць, і праўда ўсыпаў Мішу прачуханкі — за папругу браўся, кулаком трос ля носа, ды яму хоць солі на хвост натрусі. Паставілі пры канюшні вартаўніка, веласіпед у каго з двара выкаціць — і паляцеў. А колькі яшчэ дробных правінак было, за якія патрапаў нерваў!..

У школе, хаця там і здзіўляліся ягонай чэпкай памяці ды кемлівасці, Міша вучыўся слаба — лічы, на адны тройкі, — блага паводзіўся: збягаў з урокаў у «партызаны» (у лес), дзе пёк бульбу, курыў; з настаўнікамі не грубіяніў, але равесніка мог абразіць... і тут жа заступіцца за яго, засланіць ад забіякі.

І Лісаветка калі-нікалі давала Мішу матузоў, але ёй увесь час здавалася, што на сына ўсе залішне нападаюць, проста зганяюць над ім злосць, а ён не такі і шалапутны, і ўрокі «выбівае як з-пад малатка»; яна нават хадзіла сварыцца да Шапялёва, класнага, за што Грышка потым яе самую адлаяў.

 

...Грышка няўмелымі пальцамі хапатліва растрыбушыў канверт, і тое, што прачытаў у лісце, спярша засціла ад яго сонца — пацямнела ўваччу, — потым праняло ўсё цела халоднымі дрыжыкамі, якія дробнымі тугімі хвалькамі пабеглі ўніз, сцягваючы, як на агні, скуру, і ён адчуў, што млеюць, адпадаюць ногі... Тымі ж друкаванымі, кругленькімі, бы каноплі, літаркамі, якія Грышка ўжо бачыў на канверце, было напісана, што Міша «совершил преступление»...

Грышка зразу не пайшоў у хату, запіхнуў ліст разам з канвертам у споднюю кішэню пінжака і завярнуў на гарод, дзе ў зацішным кутку за лазняю па-мужчынску прыцята паплакаў, пасіпеў у кулак. Што там, якое злачынства? Выдаў ваенную тайну? Не паслухаўся загаду? А можа, горай, самае жахлівае — няўзнак застрэліў каго? Ад яго, паганца, можна чакаць што заўгодна... З паграбні, дзе дасюль, распластаўшыся на сугрэўку, драмаў, скаціўся сабака, Босы, падбег, вінавата завіляў хвастом.

Лісаветка сустрэла Грышку, бледнага, растрэпана-паніклага, спалоханым ускрыкам: «Сэрца?!.» Пляснула далонямі і, знямелая, прысланілася да печы. Грышка зразу не хацеў гаварыць жонцы праўду, думаў перш падрыхтаваць яе, настроіць, ды Лісаветка нечакана так хапіла яго, што ледзь не вытрасла ўсе пячонкі і тое ж сэрца, не кажучы ўжо пра словы, хай сабе і нялёгкія, балючыя словы...

Лісаветка рыдала ўголас: «А мой жа татка!..» — трэсла кулакамі і біла імі ў печ. Грышка трымаў яе за плечы, сіліўся пасадзіць на табурэтку, недарэчна думаючы, якая дужая ў яго жонка.

Гора напраўду вялікае, што і казаць; падобна, Міша правініўся крута, даскакаўся — не да смешачак, і каб жа толькі сам за ўсё расплачваўся, а то ж і бацькам — здзек, ды не абы-які. Такая вось ласка ад дзяцей: малых гадуй — мучся; не спадзявайся, што калі падрастуць — дык лягчэй стане, наўпярок, турбот прыхлыне. Вось Ленка іх, дачка... Здаецца ж, не ў прыклад Мішу, і ціхая была, вучыцца старалася, а пасля васьмі класаў — у вучылішча будаўнікоў паступіла. Думалася, на свой хлеб пойдзе, кватэру дзяржаўную не зачакаецца, але... Падумаць толькі — на БАМ (ці блізкі свет!) завербавалася. Ну добра, калі б добра было, але пісьмо прысылае: цяжарная, замуж бяруць... Хто там бярэ — ані слова, а ліст — як з вады вылаўлены — увесь сшэрхлы, літаркі расплыліся — пэўна, вядро слёз над ім выліла, пакуль пісала. Адбілі тэлеграму: спешна прыязджай; у адказ чытаюць — «не хачу здраджваць сябрам і камсамолу». І хоць за бок яе грызні. БАМ, канешне, ёсць БАМ — чытаеш, чуеш: чыгунка там край патрэбна, і яе будаваць нехта мусіць, але ж дзе ёй, Ленцы, заставацца, калі ганьба несусветная; хай бы прыехала, ачулася трохі, а тады б і назад можна было вярнуцца.

 

...Жыццё не любіць слабых і не спачувае ім; пасядзелі, пагаравалі Грышка з Лісаветкаю, а тады, як першы прыступ горачы схлынуў, сталі думаць, калі і каму ехаць да Мішы. Сам Грышка далёкіх паездак не любіў. Лісаветку, як кажуць, хлебам не кармі, а пусці ў дарогу, і яна цяпер, ведаючы, які ў яе дамасед мужык, паводзілася так, быццам ужо наперад было ясна, што ехаць ёй; ды яна не зважала якраз на тую сваю пахібку, якая Грышку больш за ўсё не падабалася і якая магла, на яго розум, кінуць на Мішу цень, — гэта — жончына «пустата» ці, інакш, неразважлівасць. Можа, яе, гэтай «пустаты», і не столькі ў Лісаветкі было, як здавалася Грышку, і не так бы яна чапляла, абурала, калі б Лісаветка была проста жанчына — ці то малінаўская, ці то з бліжэйшае акругі, як жонкі ў большасці мужчын. Але ўся ў тым і штука, што Лісаветка была не з тутэйшых, Грышка прывёз яе ажно з Гомеля, які на той час лічыўся ледзь не краем свету. Так і казалі ў Малінаўцы бабы: Грышка ўзяў сабе жонку з-за свету.