Выбрать главу

— Дык што, мне зноў з рук купляць бочкі ці, можа, грыбаварню закрываць? — сказаў Грышка зусім не плаксівым голасам, чым мог бы спекульнуць іншы на яго месцы, а наўпярок, з тою цвёрдасцю, з якой зразу стала відаць — не па міласціну прыйшоў, а па законнае. Міротнікаў, канешне, гэта ведаў, мазгі не высахлі, як ведаў і тое, што любая залежнасць, нават мізэрная, падбівае чалавека на падхалімаж, ад якога прамая дарога да запабягання. Так і тут: мала, што яму, Міротнікаву, таксама край важна, каб ва ўсе грыбаварні былі завезены бочкі, няхай Пруцікаў яшчэ паканькае, павыпрошвае... Гэты раз не з-за прынцыпу, які ўсягды стаяў між імі, заядаўся Міротнікаў, а проста, як відаць з самага пачатку, у яго была да Пруцікава адна, ён лічыў, надта разгоністая справа, з якой тое-сёе, ці нават многае, можа выгараць; а іменна: Міротнікаву пазванілі, што з Магілёва едзе намеснік старшыні аблспажыўсаюза, і не абы-куды, а на Сож — у дом рыбака, дзе якраз і «хазяйнічаў» Пруцікаў. Ведаючы добра па сваёй сям’і, наколькі гасціннасць залежыць ад таго, хто ў доме «галава», ён стараўся зрабіць усё, каб Пруцікаў сустрэў гасцей ветліва, з паклонам, як кажуць, і тады аддача ўся абрынецца ліўнем толькі на яго, Міротнікава. Што грахі таіць, даўно меціць у аблспажыўсаюз, хаця б — для пачатку — якім-небудзь інспектарам, і тут, адчуваў душою, акурат выдаўся шчаслівы шанец выслужыцца і выставіць сябе. У гэтым ён быў цвёрда ўпэўнены, як і ў тым, што Пруцікава тут не абмінуць, а таму круціў-фінціў з бочкамі так, каб, па-першае, справу заблытаць і замудрагеліць, а па-другое, каб Пруцікаў уразумеў: яму зробяць ласку, калі пойдзе на ўзаемнасць.

— Чаму ж закрываць? — сказаў Міротнікаў, бачачы ў сваёй недагаворанасці той намёк, які прымусіць Пруцікава думаць і шукаць выйсце іменна праз расчыненыя дзверцы расстаўленае ім, Міротнікавым, пасткі.

— А што дзелаць? — здаецца, Грышка клюнуў, бо насцярожанасць, што застыла ў вачах, якраз і паказвала на рашучасць Грышкі пайсці на ўсё, што яму пасуляць, абы толькі не варочацца дахаты з пустымі рукамі. І Міротнікаў, скеміўшы, што момант, калі можна гнуць сваё напрамую, акурат начакаўся, расказаў Пруцікаву пра ўсё.

Грышку план спярша здаўся падазроным і нязбытным: палохала тое, што каманда сыходзіла ад людзей, якія на дом рыбака, здаецца, ніякага права не мелі, а таму і дамаганне іх нічым іншым не магло быць, як парушэннем, спробаю абвесці вакол пальца. І тое, што Міротнікаў нібыта як падкупляў Грышку, гаварыла акурат. Але Міротнікаў не настолькі быў дурны, каб не бачыць іменна такі ход Грышкавых думак, а таму, навостраны загадзя, вельмі хутка пераканаў Пруцікава, што з выканкомам ён дамовіўся і ад Грышкі хоча толькі аднаго — каб ён, як «хазяін» дома, дабром прывеціў гасцей, і ўжо толькі за гэта ён, Міротнікаў, будзе яму вельмі ўдзячны і не паскупіцца на бочкі: як кажуць, вуха на вуха. Увогуле, не хлусячы Грышку, Міротнікаў купіў яго на тым, чаго той не ведаў і не мог ведаць, —што дом рыбака гэты, хоць і пабудаваны на тэрыторыі раёна, быў уласнасцю абласнога начальства, а яно ўжо, калі хацела прыехаць у дом рыбака, званіла раённаму, якое потым і давала ўказанні Грышку. Аб прыездзе гэтых гасцей, хоць таксама з Магілёва, такога званка не было, і Міротнікаў, не рызыкнуўшы ўтаіць гэты факт ад старшыні райвыканкома, перагаварыў з ім, але ўсю адказнасць узяў, што называецца, на сябе, і пры якім-небудзь непаразуменні гэты ўчынак расцэньваўся б толькі як яго, міротнікаўскае, свавольства. А каб усё было як латвей шыта-крыта, ён вырашыў, што трэба ісці «Міротнікаву да міру» з Пруцікавым, які, балазе, падвярнуўся. Інакш нахопіцца — тады ўжо нічога не паправіш: вартаўнік ёсць вартаўнік.

Калі напраўду Міротнікаў хоча ад Грышкі толькі аднаго — падрыхтавацца да сустрэчы гасцей — адамкнуць дом, нанасіць вады, выпаліць лазню, — то чаго тут, скажы, упарціцца. Не прывыкаць жа. І не к спеху — у суботу, кажа, прыедуць, к шасці гадзінам вечара. А Грышка, як зазвычай, уранні паедзе туды і спакваля, памалу зробіць усё як мае быць. Клопат— невялікі, дый што тут, «па абязаннасці», затое бочкі будуць цвёрда, бо адкладваць з імі ўжо няма як. З гэтаю ўсцешнаю думкаю Грышка і кіраваўся зноў да «хазмага».

Грыбы, канешне, пайшлі расці, але хто ведае, колькі яны парастуць, можа, тыдзень-другі, — а там зноў сухмень. Хто не паспее ўхапіць, той застанецца з носам. А што гэта за грыбнік, які спіць у шапку і яму абы апраўдацца: «Бочак няма...» — ды развесці рукамі. Апраўданні ўсягды можна знайсці, а парупіцца — не кожны зможа: адзін, бачыш, лішні раз пальцам пашавяліць не хоча, другі мудруе, як выехаць на чужым карку, а трэці зусім лянуецца. Грышка ні першых, ні другіх, ні трэціх не разумеў і з прыкрасцю пляваўся, калі чуў ад некага: не змог, не сумеў (ну, чэснае слова, як дзеці!), бо тое, тое пашкодзіла. Яснае дзела, усё можа быць, але, думаў Грышка, спярша вінаваціць сябе трэба, тады ўжо іншых. Хто яму вінаваты, Грышку, што ў яго дзеці такія няўседлівыя, неўгамоннага нораву?