Выбрать главу

 

...Выехалі рана. Над вільготнаю, цнатліваю з начы дарогаю плыў туман, ліп да рук, як павучына. Міша, шлёгаючы вожкамі, паганяў каня, Белазорага; колы мякка жавалі густы і белы, як цеста, пясок, на булыжынах і каменні стукалі ў восях, а па шашы дробна, як па арэхах, заекаталі. Ажывіўся і Грышка, зашчупаў у фуфайцы папяросы. «Ці справімся за сянні, сын?» — спытаў, закурыўшы і лаўчэй тулячыся ў фуфайку; спытаў, акурат не ён, сталы чалавек, а малагадовы сын большы ведае толк у сене. «Справімся! А што там спраўляцца?» — Міша ніколі не апускаў вушэй — яму, як і маці яго, Лісаветцы, усягды ўсё ясна і проста, і ад гэтай сынавай бадзёрасці спакайней стала і ў Грышкі на душы, якая яшчэ ад вечара трымцела ў нейкім незразумелым, брыдкім холадзе...

Глубка — гіблае месца; касіць — яшчэ паўбяды: уступіўся дзе на купіну — і махень касою, а страляваць сена — праблема... Перш вынесці на плячах з балота, потым канём усцягнуць на гару — па грэбельцы. Гэту грэбельку людзі гацілі адвеку — секлі, насілі галлё, ламачча, тоўстыя палкі, звозілі з поля і сыпалі каменне... Але прорва ўсё праглынала ў сваё ненажэрнае, ваўчынае нутро, і грэбелька здрадліва зыбалася, абапал яе рохкала-калыхалася вада пад шчытнаю, як сатканае палатно, раскаю.

Прыехалі, распраглі Белазорага і, навязаўшы на вожкі, пусцілі хадзіць — трава на гары, хоць і падпаленая спёкаю, зеляніць, і скубці яе адна латва. Нябачнае сонца, аднекуль спаднізу, лізнула вольхі і бярозы, і лісце на іх зальснілася ядранаю матавасцю. «Трэба масціць», — сказаў Грышка дужым голасам і ўзяў з калёс тапор; сышоў на адкос гары — і здрыганулася густая алешына, усплакнула расою з лісця. Тапор смачна ўядаўся ў дрэва, і Грышка, з сілаю гахаючы ім, зажмурваў вочы. Адно баяўся, каб тапор не хвіцнуў з алешыны і не лучыў на нагу. Міша ўхапіў алешыну за камель і, змятаючы дробнае сучча, сухую траву, павалок яе на грэбельку.

На грэбельцы — даўно не трывожылі — расла высокая, у калена, асака і распусціў свае ліловыя парасоны балотны дзягіль. Міша, у гумавых ботах, завалок алешыну на самы далёкі канец, патаптаўся па ёй, чуючы, як чвякае-хлюпоча пад нагамі твань; раска па-змяінаму засіпела, стала ўспучвацца ад дробненькіх пузыркоў, якія падымаліся з густой чорнай глыбіні.

Масцілі гадзіны дзве. Пры зямлі дымілася трава, сонца шылася скрозь лісце і лезла ў вочы порсткімі жоўтымі спіцамі — як джаламі вос. З пня на пень, каля якіх Белазоры завішна выгрызаў расяную мяккую дзяцеліну, пералятала плісіца, бойка патрэсвала хвастом — пасвіла каня. «Цівун-цівун», — падспешваў людзей, бацьку і сына, шэранькі, як мыш, лясны канёк, што ўсеўся на самую высокую яліну.

Грышка паглядваў на сонца і выціраў даланёю лысіну. У глушы тоўстых і гонкіх, як сосны, алешын час ад часу сочна, бы лапатаю па вадзе, плёскала — мабыць, дурэлі на ранішняй «зарадцы» бабры, ім тут, у недападной ні чалавеку, ні драпежніку Глубцы, прыволле: зімою вока праймае між алешын густа расстаўленыя каля вады чорныя стажкі з галля.

— Ну во, цяпер не бяды, — сказаў Грышка, пратупаўшы, гоцаючы, з канца ў канец грэбельку. Уплішчыў між дошак на калёсах тапор, узяў два скруткі плеценых пяньковых вяровак. — Пайшлі, сын... — Курыў на хаду, ідучы за сынам, — бачыў, як у таго ружова прасвечваюцца вушы, і яму пад грудзі зноў падкацілася нешта даўкае і халоднае, як мёрзлая бульбіна.

Сена было згрэбена ў невялікія копкі — акурат на ношку, — зелянкавае, сырое не толькі ад расы. Міша слаў проста на ваду вяроўку, даўгую і жоўтую, падобную на змяю, якіх тут на купінах, як угрэе сонца, аж блішчыць, а на траве вісяць сухія, бы дробная рыбіна луска, змяіныя вылінкі, якія маці просіць збіраць, бо яны добра памагаюць пры нарывах, — Міша напхаў імі ўжо ці не чатыры запалкавыя карабкі.