Выбрать главу

Пад’ехалі тры «Волгі», адна з якіх (Грышка пазнаў па імклівым алені на капоце) была міротнікаўская. З іх вылезлі расчырванелыя, з вясёлымі тварамі людзі, адзетыя ў спартыўныя касцюмы. Жанчыны і мужчыны. Нават хлопчык год пяці — у кепачцы і кароткіх чырвоных штоніках з вышытым ільвянём на кішэні, поўненькі, як памідорчык, — ён стаяў ззаду легкавушкі і на некага нецярпліва, аж дрыгаў ножкамі, зіркаў; нарэшце да яго падышоў мужчына ў белай майцы і сінім, з палосамі трыко (акурат у Валодзькі Шапялёва!), адчыніў багажнік і дастаў адтуль вялікі дзіцячы аўтамабіль — на чырвоных гумавых колах і з напраўдашным рулём.

Жанчыны выцягвалі з машын напакаваныя, цяжкія сумкі; а два мужчыны (адзін з іх тоўсты пузан, другі — лысы) неслі ў дом вялікую скрыню свежай рыбы, здаецца, ляшчоў — шырокіх, здаравенных, па засланцы, з ружаватаю лускою; павіталіся з Грышкам, ён адказаў ім похапкам, бо глядзеў ужо на Міротнікава, які спяшаўся да яго, заклапочаны, з гармоняю ў дзвюх руках.

— Ну як — усё гатова? — спытаў ён, тузануўшы гармоняю, каб паказаць, што занятыя рукі і таму не можа павітацца за руку. Грышка кіўнуў галавою і ўжо ўслед сказаў, што ўсё «на мазі», вуголле счахае і праз мінуту-другую можна ісці мыцца.

Мітусня чужых людзей Грышку была ўжо прывычная, а таму нішто ў ёй востра не ўражвала, акрамя хіба скрыні ляшчоў, якую, параіўшыся, тыя двое мужчын зразу пацягнулі да рэчкі; следам за імі праз нейкі час падаліся і жанчыны з нажамі ды місамі ў руках. «Ну і ляшчы!.. — цмокаў сам сабе Грышка. — Такенных у Сажы са свечкаю не вылавіш...»

Хлопчык сеў у сваю машыну, узяў у рукі вяровачку і хацеў паехаць, націскаючы на педалі, але дзе там: зямля — не асфальт, колы глыбока ўразаюцца, і не хапае духоў, каб зрушыцца з месца. Тады хлопчык вылез з машыны і, убачыўшы ў траве белыя мячыкі, стаў збіраць іх у кепачку. Гэта былі, канешне, не мячыкі, а звычайныя дажджавікі ці, як малінаўцы іх называюць, заечая бульба, а саспелыя — порхаўкі. Хлопчык вельмі хутка разабраўся, што да чаго, і, згледзеўшы порхаўку, тупаў на яе нагою, з-пад якой густа вырываўся рудаваты дым. Хлопчык смяяўся.

Вольныя ад рупаты мужчыны тым часам аблажылі лазню, і Грышка зразумеў, што мыцца яны будуць групамі, каб не надта цясніцца. Міротнікаву, здаецца, пакуль было не да лазні, ён бегаў па двары, як забрытаны, і ўсё пытаўся ў гасцей — што трэба; жанчыны пасміхаліся, мабыць, уяўляючы, якое б шчасце было мець такога спрытнага, скоранькага на падхват мужа.

З адчыненых дзвярэй кухні цягнула смажанай цыбуляю, мяккім пахам лаўровага ліста, разам з якім, здаецца, выплывалі і галасы жанчын — нейкія ўважліва-спакойныя, пакорныя, як у манахінь. А з лазні, напроці, ляцелі крамяныя воклічы, сыты, бадзёры смех мужчын. Нарэшце з прымыльніка ўвесь у клубах пары выхапіўся той пузаты мужчына, які ў пары з лысым нёс скрыню ляшчоў, і на пятках, паднімаючы кверху пальцы ступакоў, пабег да Сажа; цела яго, чырвонае, распаранае, дрогалася, як студзень. Грышка не бачыў з-за пагорка, але чуў, як пузан плюхнуўся ў Сож, загагатаў, бы гусак, ад холаду вады. «Няйначай, хоча жывот трохі скінуць, — падумаў Грышка. — Дзіва што — пырні іголкай, дык гадзіну шыпець будзе».

Грышка стаяў, прысаджваўся і хадзіў, як непрыкаяны, не ведаў, куды сябе дзець. Хоць збірайся ды сунься дахаты зусім, але ж не кінеш дом без прыгляду. Мала што здарыцца можа — тады наракай на сябе. Але такая дарэмная прывольнасць гасцей знелюбела яму аж да грэблівасці, ён не прымаў яе ні ў чым і, каб не распякаць сваю душу, надумаў сысці хоць на якую гадзіну. Падручны ў гасцей гэты раз, дзякуй богу, ёсць, і не абыхто, а сам Міротнікаў. Дзе гэта ён зараз — нешта не відаць?

Грышка пайшоў па гары, каля самага абрыву, што крута спадаў да лугу і быў наўскасы зрэзаны кароўскімі сцежкамі, на якіх гарбякамі выпіралі выбітыя з зямлі тоўстыя і шэрыя, бы чарапахі, карані дубоў і сосен; цяпер, калі ўжо не ганяюць на луг кароў, сцежкі, вылізаныя дажджом, — гладкія, неўскапычаныя, са шчытнымі астраўкамі шыгалля, шышак ды смецця. Грышка спыніўся і доўга глядзеў на высокі, ужо добра струпехлы асінавы злом, з частымі нарастамі, падобнымі на абернутыя талеркі, а яшчэ больш — на моцныя конскія капыты. У зломе было шмат дуплаў (з аднаго ці не чулася санлівае цыгканне маладых дзятлаў?), усякіх шчарбін і дзірачак; здаецца, у ім, гэтым зломе, мірыліся птушкі, мурашы, розныя казюлькі, шашалі і вусачы, што былі ці маглі стаць адно аднаму ворагамі, але валтузні іх не відаць было і не чуваць. Роўна, як па нітачцы, снавалі ўверх-уніз чорныя, бліскучыя, як пакрышкі вугалю, мурашы, скрыгаў усярэдзіне шашаль, а з кругленькай, бы ад цвіка, дзірачкі высоўвала залацістую галоўку асцярожная аса-журчалка. Каля злома раслі асінкі з чырвонымі, як брушніцы, бародаўкамі на лісці.