...Дый пустая ці не пустая яна, Лісаветка, — клопату таго, проста не бабскага розума «ета дзела» — суд: там жа не слязам ды праклёнам месца, а разабрацца ва ўсім трэба, цвярозаю галавою, па справядлівасці каб... Толку, што гвалт усчнеш. Бегала ж яна, Лісаветка, даказваць Шапялёву, і ўсё попусту, можа, яшчэ больш разбалавала Мішу.
Так ці інакш (не мінавалі і спрэчкі), але ў паездку стаў збірацца Грышка. Лісаветка хоць і моўчкі, хліпаючы носам, аднак памагала яму, здаецца, ахвотна, з жаночаю хваткасцю.
...Дызель з Крычава, куды Грышка дабраўся на спадарожнай, прывёз яго ў Оршу вячэрнім часам. Было яшчэ відна, але сонца паслабела, не так смаліла, як удзень, хоць паветра па-ранейшаму было густое ад цеплыні, пахла тут, на вакзале, мазутам, асфальтам і яшчэ нечым вострым, ад чаго ў Грышкі аж навярнуліся на вачах слёзы. Казалі яму, што цягнік на Маскву будзе позна ўночы, недзе каля дзвюх гадзін; як дачакацца таго часу — Грышка проста не дабіраў толку. Звычайна людзі, якія ўмеюць і любяць ездзіць-раскатвацца, ідуць пры такім выпадку ў рэстаран, а то і зусім у кіно, швэндаюцца па горадзе, запыняючыся каля магазінаў і кіёскаў, у якіх купляюць значкі ды розныя забаўкі, знаходзяць суцеху ў парку ці нават на танцульках. Грышка пра гэта ведаў, але сам не быў здатны на такое, ды яшчэ пабойваўся, што, зашыўшыся ў горад, заблудзіцца і, пакуль дападзе да месца — цягнік «ту-ту»; хопіць — некалі ў Гомелі наперажываўся. Дык там жа хоць багаж пасеяў, затое «долю сваю знайшоў», як кажуць у іх Малінаўцы.
Грышка прайшоўся па пероне паўз даўгі і высокі будынак вакзала, глянуў уверх, прыціснуўшы на макаўцы картуз. Не спяшаўся, выглядам паказваў, што чалавек ён тут свой, усё ведае і разумее — так было спакайней яму самому. Тым не меней позірк Грышкаў зачапіўся і за дзверы, праз якія заходзілі ў вакзал людзі, адшукаў буфет — прылавак з вялікім блішчастым самаварам і некалькі высокіх, мала не да плячэй, столікаў з круглым, як у бочцы, верхам, заваленым папераю ды аб’едкамі; наткнуўся і на тую літарку «м», што памагае, калі адчуеш у сабе лішняе... Словам, розум яго, па-сялянску біты, прымушаў найперш разабрацца ў тым, куды трапіў, і быць смелым да любых нечаканасцей, што выпадаюць у дарозе. Так абагнуў Грышка будынак вакзала і сеў пад куст бэзу на лавачку. Па зямлі хадзілі галубы (ну акурат тыя, што вядуцца на малінаўскай ферме!), тыцкаліся дзюбкамі ў пясок, грэбавалі шалупашкамі ад семак, мабыць, шукалі хлебныя крошкі. Грышка, гледзячы на іх, падумаў, што і яму было б не лішне кусануць чаго, бо што ўранні ўхапіў, аб тым і прадняваў. У сумцы, ведаў, ляжаць самаробныя кілбасы, сала, ёсць слоік смятаны, у цэлафане тварог, і хлеб, здаецца, Лісаветка клала. Але, па-адно, што не будзеш жа тут куёўдзіцца з сумкаю гэтай, распакоўваць ды раскладаць, а па-другое, чымся менш ён з’есць, тым больш завязе Мішу, бо там яму, канешне, манкі з неба ніхто не сыпле. Напамін пра Мішу на нейкі час адвёў Грышкавы думкі ад яды, і ён сядзеў, панураны ды размяклы, як хворая курыца, дапякаў і сябе, і Мішу — што яны па натуры нейкія няўломістыя, карузлікі, адным словам. Ну, пра Мішу і гаворкі няма — няйнакш, прымесак цыганскай крыві і буюе ў ім, дый малады яшчэ, вецер у галаве і нагах. А вот жа ён, Грышка, чаму ўсё жыццё як непрыкаяны? І тады на шахты ў Данбас адзін з акругі падрадзіўся ехаць. Памахаў кіркаю пад зямлёю — ільготу на пенсію заслужыў. А вярнуўся ў калгас, стаў нейкім капрызным, бы дзіця тое, неабачліва рэзкім, якім раней сябе не помніў. Ну, бывала, на вечарынцы пад чаркай пагарачыцца з хлопцамі, пакрычыць, але каб у бойку лезці, з частаколінаю бегаць — ніколі. Зла і пагатоў з сабою не насіў, забываўся на яго хутка і не помсціў «варожым вачам» — вітаўся з імі, першы пры стрэчы загаворваў.
Няўжо, думаў ён, рабочай закваскі падчапіў у шахцёраў: тыя ж ледзь што — рэжуць «праўду-матку» проста ў вочы, нягледзячы на крэслы і званні; трэба — дык і кулакі пусцяць у ход.
Грышка прыпомніў усё гэта, седзячы пад бэзам на лавачцы, таму, што дзівіла яго тады-сяды, пры нагодзе, — як гэта іншыя неяк жывуць сабе ціха, спакойна і не шманаюць, быццам і цяжкасцей ніякіх у іх няма, усё ідзе як па маслу і, здаецца, дзяцей сам чорт калыша. А можа, ужо сумняваўся ён, кожны ўсё-такі мае за што перажываць? Не можа чалавек быць чорствым, як скарынка тая зваляная за суднікам. Проста адзін хавае ўсё ў душы, церпіць, мучыцца, а другі — увесь наросхрыст, голы... А калі ўжо голы, то што хавацца, усім і так відаць, голаму нават смерць не страшная. Край тут — каб правільна цябе разумелі... людзі, от.