Выбрать главу

Змораныя, зацяганыя за лета коні звозілі з поля тугое, што камяні, качанне капусты, водар якой не выветрываўся нават уночы, а калі нахапіліся першыя замаразкі, яшчэ пагусцеў, сачыўся ў хаты праз няўцепленыя вокны і дзверы, нёс з сабою свежасць і крамяную гаркавінку. Дзеці з асалодаю грызлі сакавітыя храпкі, кідаліся імі, азартна смяяліся, быццам лепшае забавы яны ў жыцці не бачылі і не ведалі. Хіба што цяпло ды печаная бульба маглі гэтак жа забавіць іх.

Акурат гэтаю парою Малінаўку абудзіў стук тапара, і па вуліцы разгуляўся нязвыклы для восені пах смалы — ну, бывае, што пахнуць трэскі на дрывотні, калі падмерзнуць, але нядоўга і тоненька, — а гэты з кожным днём цяжэў і мацнеў, акурат нехта варыў у двары жывіцу. Стук тапара і пах смалы браліся з аднога месца — на гародзе пад ліпамі Грышка Пруцікаў ставіў зруб: паклаў ужо некалькі вянцоў, і яны кожнаму кідаліся ў вочы спелай, васковаю жаўцізною. Вёска, канешне, не сундук пад сямю замкамі, і людзі ўжо ведалі, што не сабе і не на продаж ладуе хату Грышка — дзеці ў яго дарослыя, хутка Міша вернецца, дый Ленка не будзе ж век на тым БАМе.

Калі надаралася пагода і колькі дзён стаялі сонечныя дні, на бёрнах зруба празрыстымі крышталікамі выступала смала — яна блішчала, як слёзы, і салодка пахла.

 

Калі б ад мяне залежыў лёс Зямлі і калі б яна апынулася ў такім становішчы, што адным голасам гэты лёс можна было навечна засцерагчы ад ліха, і ў мяне спыталі б, як гэта зрабіць, я сказаў бы: усім людзям (у тым ліку і героям аповесці) трэба ў космас, каб адчулі, з касмічнай вышыні ўбачылі, што планета ў нас — адна і яна маленькая, безабаронная і блакітная, як дзіцячы шарык... Пасля гэтага, думаю, кожнаму, нават самаму чорстваму чалавеку не працівіла б жаданне — стаць спінаю да злога ветру і затуліць сабою гэты кволы, далікатны шарык, каб не напароўся ён на патарчаку, якую, пераводзячы на мову электронікі, іначай можна назваць кнопкаю. Толькі для малінаўскага грыбавара Грышкі Пруцікава (прабачце за такую выбраную прыязнасць) я зрабіў бы выключэнне і не пасылаў у космас з падобнаю мэтаю. Хіба што дзеля цікавасці, і то — калі б здароўе дазволіла.

1 Добры чалавек (цыган.).