І незнаёмец, паправіўшы акуляры і працёршы двума пальцамі вочы, раптам пасыпаў, бы градам на галаву, словамі, што Грышка не ведаў — ці то слухаць, ці плюнуць, павярнуцца ды ісці без аглядкі прэч. Але, каб паказаць усё ж, што ў гэтым расказе Грышку абурыла і горка засмуціла, прывядзём яго з самага пачатку.
— Бачу, ты не хочаш са мной адкрывацца, — незнаёмец хітра прыжмурыўся і ямчэй аблёгся грудзінаю на столік, — тады паслухай, што я табе скажу. Можа, і нецікава будзе — тады прабач. Я сам з Расіі-матухны, пад Бранскам радзіўся, не так і далёка адсюль. Бацька і маці ў мяне — людзі відныя былі. Дактары, значыцца... Я і сам чалавек граматны — цехнікум скончыў, у магазіне стаў працаваць. Скажу табе, хлопцам я быў — зух, дай божа! Дзеўкі вакол мяне раіліся, як пчолы. А дзе баба — там грашыма павінна пахнуць. За грошы... хоць зараз! — давай табе любую каралеву пакладу ля ног. Ну а, сам знаеш, дзе тых грошай-вошай набярэшся, калі сёння паддача ў кабінеце, заўтра — рэстаран, паслязаўтра — пікнічок... ну, гэта... калі на прыродцы, пад кусцікамі цмок-цмок гарэлачку і жанчынку. А яшчэ ж і ў кватэру трэба лам’я рознага, апрануцца... так сказаць, шыкоўна, па модзе. Вось тады я і аступіўся, як пішуць пра такіх... Махінацыямі, тралі-валі, стаў займацца, хаўруснікаў завёў... Каўбаска два рублі, а цэннічак да яе плясь на два з капеечкамі — і ўвечары ты ўжо чалавек. Паважаны! Гэта — к прыкладу, а там усяго было за восем гадоў. Але, але... — Мужчына цмокнуў языком, і ў гэтым было не толькі і не столькі шкадаванне па мінулым, колькі, мабыць, запозненае разуменне, здавалася б, простай ісціны — што за несумленныя ўчынкі трэба расплачвацца. — Вот бачыш! — Мужчына расхінуў на грудзях кашулю — лёгка, бо ў ёй амаль не было гузікаў, — усё цела было сіняе ад роспісу; пасля Грышка ўбачыў татуіроўку і на руцэ: арол сядзіць на камені і нешта клюе пад нагамі. — Цяжка мне сказаць, — працягваў мужчына, ужо не спускаючы вачэй з Грышкі, які, здаецца, ці не пачаў хвалявацца, бо перамінаўся з нагі на нагу, — што мяне зламала — ці то ранейшае, разгульнае, жыццё, ці пасля цюрмы страм было ў вочы знаёмым людзям глянуць, — але пайшоў я бадзяцца па белым свеце... Не-не, я не з бічоў (слова Грышку было незнаёмае, але ён не стаў дапытвацца), якія ў Сібір падаюцца, я — проста гультаіна, таму і аціраюся тут... па нашай старонцы. І ... павер, нічуць не шкадую — цікава, што ні кажы. Дарога — як тая кніга, толькі, каб чытаць яе, літары знаць не абязацельна. А свабода якая, у любы куточак ідзі — любуйся, мілуйся, цябе нішто не звязвае і нішто не трымае, і ты нікому не замінаеш. Перахапіў што — і далей...
Грышка пасля гэтых слоў так задумаўся, што нейкі час ужо не чуў незнаёмца, адно бачыў, як у таго расцвелена варушацца абтыканыя ўкруга белымі шчацінкамі вусны і гараць нейкім вар’яцкім агнём вочы: не чуў Грышка, але разумеў, што мужчына хваліцца сваім жыццём, а вот як сябе паставіць на яго месца — Грышка толку не дабіраў. Няўжо і праўда з чалавекам можа такое прыключыцца, што яму ўсё роўна дзе жыць? Ён тады ў Данбас адлучыўся (дык на дзела ж!), і то не мог ночку паспаць спакойна — усё Малінаўку сніў, сваіх людзей, як рыбу ў Сажы ловіць... так ужо часта, але расказваць пра гэты сон саромеўся, бо чуў, што рыбу сніць той, хто мочыцца ў пасцель. А як ірваўся-ляцеў назад — аж сцяўся ўвесь, калі цягнік у Гомелі пакінуў яго. Не, нешта тут не тое. Нават жа птушка, от, скажам, шпак, варочаецца на месца, дзе вылупілася з яйка: ужо некалькі гадоў засаб Грышка прымячае, што ў шпакоўнях на ліпах гняздзяцца пары аднаго роду — у іх дзіўная блакітная акантовачка па беражку правага крыла...
— Вот чуеш нярэдка, — між тым раскручваў свае думкі мужчына ў акулярах, — што зямлю трэба берагчы, любіць, даглядаць... ледзь не цалавацца з ёй. А па мне, — мужчына раптам стаў запавольваць гаворку і глядзець, не міргаючы, на Грышку, — хоць трава не расці. Што будзе з ёй — мяне ані не турбуе, я — вольны казак!
І тут Грышку прарвала — стукнуў двума кулакамі, як кувалдаю, па стале, аж падскочыў і скінуўся долкі відэлец з надзяўбнутым на яго кавалачкам хлеба, і так схмурыў бровы, што мужчына спрытна, як заяц, адскочыў ад стала; вочы яго забегалі — відаць было, ён нешта адчайнае замышляе; так і ёсць, зняў акуляры і асцярожна, не гледзячы, паклаў іх на стол, узяў рукі ў бокі, набычыўся.
— Што?.. — спытаў з задзірыстасцю, але і Грышка ўпёрся ў яго цяжкім, свінцовым позіркам.
— Во! — гаркнуў Грышка, не зважаючы, што каля іх пачалі ўжо збірацца людзі, пакруціў каля скроні пальцам і сагнуўся па сумку, ды... убачыў каля ног відэлец з кавалачкам хлеба; падняў яго і аднёс на прылавак, дзе стаялі чыстыя шклянкі; потым забраў сумку і, адыходзячы, усё чакаў ды гатовы быў, калі кінецца ўслед за ім незнаёмы мужчына. Грышка, вядома, яго не баяўся, але думаў: уліпне ў бойку — забярэ міліцыя, а там — дакажы, што ты ні пры чым; пакуль разбяруцца, дык ад цягніка і дух развеецца.