Выбрать главу

Мая хата — у самым канцы вёскі, i мы ідзём туды. Успыхваюць ад ветру пагуркі, дзе стаялі хаты, а цяпер грузна бялеюць печы: водбліскі падаюць на мой i на Глашын твар — так адчуваеш чужы пагляд, хоць i не бачыш яшчэ, хто сочыць за табой. Нешта адвечна жаночае ёсць у гэтых знясілена белых, апалых печах. «А чый жа гэта? Ганны хлопец, Флёра? Ці гэта не ён?» Нібы стараючыся разгледзець ці паказаць нас, вуголле на агародах раптам успыхвае, разгараецца ярчэй. Апусцелыя двары адступілі ад вуліцы, пакінуўшы на ранейшым месцы толькі лавачкі, ды абгарэлыя платы, ды бярозы з закінутымі, як галовы, вяршалінамі. (Нешта белае перабегла вуліцу, жвава, па-сабачы, але я добра бачу, што гэта не сабака, a свіння, зусім як дзікая.) Каля гэтых бяроз, пад імі некалі праходзілі летнія вечары. Старэйшыя сядзяць, стаяць, кураць, вядуць гамонку — адпачываюць пасля рабочага дня, а мы, хлапчукі, носімся па вуліцы, па агародах, добра нам ад адчування, што ў дарослых гэткі ціхамірны вячэрні час, увесь свет чалавечы здаецца супакойным, добрым. Да гэтай пары ў істоце маёй, у нейкіх сотах захавана тое колішняе пачуццё, якое я сам адзначыў, спыніў, калі заскочыў па драбінах на гарышча, хаваючыся ад «сініх», паглядзеў уніз i ўбачыў на лаўцы пад бярозай бацьку i маці: сядзяць, як хлопец з дзяўчынай («цілі-цілі цеста, жаніх i нявеста»), смешна так сядзяць, i ён, думаючы, што ix не бачаць, цалуе яе каля вуха; яна, адпіхваючы, гладзіць яго твар далонню («Пеця, здурнеў, суседзі ж!»). Мне хораша, але вусцішнавата, нібы няма на свеце мяне, a толькі яны ўдваіх. Затаіўшыся, я глядзеў на свет, дзе мяне яшчэ няма. Сам не ведаю чаму, але я закрычаў, моцна, нібы працягваў гульню ў вайну, а на самай справе, каб зноў з'явіцца ў гэтым свеце, нагадаць пра сябе. Мама азірнулася, а бацька раззлаваўся:

— Ты што, як рэзаны?!

Сердаваў ён адразу, рэзка, i я яго любіў i баяўся. Наогул я заўсёды любіў суровых, няласкавых, можа, менавіта таму, што такім быў мой бацька. Нават ад'язджаючы на вайну ў Фінляндыю, бацька не пацалаваў мяне, a толькі сціснуў рукою плячо i паказаў на заплаканую маму i сястрычак-блізнят, абвязаных хусткамі пад пахі: «Глядзі ix!»

Цяпер я падыходзіў да таго самага месца, дзе гэта было, дзе наша хата. Тут агеньчыкі ўжо не поўзаюць па агародах, толькі каля печаў трымціць гарачы дух; значыцца, пачыналі з гэтага канца… Бяроза ўзвышаецца нада мной, задраўшы купчастую галаву ў чорнае неба. Ацалелі весніцы, прасла плота. Каля печы зямля прыцемнена свеціцца.

Глаша паціху накіравалася да печы, а я ўсё не заходжу ў расчыненыя весніцы. Хто, чыя рука ix расчыніла? I што было потым? Ад Глашыных ног застаюцца барвовыя, гарачыя сляды. Зачапіла вуголле ботам — коратка ўзляцеў рой іскраў… Як на той паляне… Пра што гэта я? Думка ўсё стараецца збочыць, не вяртацца да самага страшнага. Рашуча, пераканана, каб самому паверыць, кажу Глашы, што ўсе выратаваліся, усе ў лесе. Глаша нахілілася, разглядае нешта. Я кідаюся туды ад весніц i сам палохаюся свайго імпэту. О, я ведаю, што гэта такое, белае вуголле! А мне раптам здалося, што яно белае, — як згарэлыя косці. Не, не, гэта ад печы адсвечвае, ад пабеленай мамінымі рукамi нашай печы! I гарэлы пах бульбы i яблыкаў, толькi бульбы i яблыкаў! Яны схаваліся ў лесе, я ведаю, заўтра ix знайду, убачу…

Я падыходжу да печы, кранаюся яе, нечакана халоднай сярод неастылага вуголля. Боты мае, як вільгаць на балоце, выціскаюць з зямлі барвовасць, святло. Сляды згасаюць не адразу, тлеюць, успыхваюць ад ветру, па ix прабягаюць сінія i чырвоныя агеньчыкі.

За яблынямі плямай бялеецца печ Юстына — нашага суседа. На плоце нешта развешана белае, пачынае здавацца, што гэта людзі, жахліва нерухомыя.

Я пайшоў назад, да весніц. Глаша ўжо там, глядзіць мне насустрач. Села на лаўку, i я сеў побач. У Глашы нешта такое азначылася: жаночае, простае. Узяла маю галаву i паклала сабе на калені, а сваю мне на спіну. Потым я зусім лёг на доўгую лаўку, i не было дзіўна ці сорамна, што яна сядзіць, а мая галава ў яе на каленях, як не дзіўна i не сорамна параненаму. Час ад часу я расплюшчваю вочы, бачу Глашын твар, заўважаю, як вецер кратае вуголле на папялішчы i крывавыя водбліскі кідаюцца на дрэвы, знаходзяць i паказваюць яблыкі, чырвона-чорныя яблыкі. У галаве стукае, i гэты гук, як рэха — то стукае ўжо недзе на агародах, то вяртаецца ў мяне ж. Нешта пустое то напаўняецца, мною напаўняецца, то апаражняецца. Гэты стук, пахі гарэлых яблык, печанай бульбы завабліваюць мяне ўсё ў адзін i той жа сон — ён канчаецца i пачынаецца зноў. Раніца ў нашай хаце, на печы шэпчуцца i стрымана рагочуць тады-сяды блізняты, на кухні мама, я чую, як яна сячэ на дошцы мяса, як перастаўляе чыгункі, грукае патэльняй, i я баюся, што зараз яна ўвойдзе i ўбачыць мяне з Глашай— у ельніку, на лапніку…