Выбрать главу

Неяк пайшлі мы ў кінатэатр, пачаўся фільм, i раптам смяшок у зале: «Леў… Вядзмедзь…» Глаша ціхенька ўсклікнула: «Ой, Флёра, наш Вядзмедзь Лёва дырэктар гэтай карціны!»

У кіно я звычайна з Сярожам хаджу: мы заходзім у памяшканне перад самым пачаткам сеанса, каб не мучылася публіка недаўменнем, навошта сляпому кіно.

Спачатку Сярожа пошапкам тлумачыць, што там на экране, пакуль я не ўцямлю, куды аўтары гнуць, а потым ужо я памагаю Сярожу, слухаючы фільм, як радыё. Каторыя фільмы нібы для мяне i зроблены — усё растлумачана, услых, гучна.

Але калі раптам замірае зала перад анямелым экранам, i толькі дыханне соцень людзей, як перад ускрыкам у сне, вось тады ўключаецца, загараецца мой экран. Пад раптоўныя крыкі, стрэлы з іхняга экрана я бачу сваё. Toe, чаго ніхто не бачыць.

— А вы, дзядзя, таксама партызан? — прыстае Сярожа да Сталетава, які перайшоў да кабіны i цяпер, я чую, сядзіць насупраць мяне.

— Тут усе партызаны, хлопчык, — пытанне Сталетаву не спадабалася. — А ты — піянер?

— Вядома, — Сярожа таксама абурыўся.

— Не выпацкай дзядзьку сваімі чаравікамі,— папярэджвае Сярожу Глаша. З таго імгнення, калі яна ўбачыла ў аўтобусе Касача, усё ў ёй — я па голасе адчуваю — нібы здранцвела.

— Вы таксама касачовец? — дапытваецца Сярожа. Ён калі ўжо возьмецца за сваё!..

— Э, не-е! — узрадаваўся пытанню Сталетаў.— Я з атрада імя Сталіна.

Сталетаў цяпер сядзіць тварам да Касача, яны бачаць адзін аднаго. Ці Сталетаў, як звычайна, убок i ўверх глядзіць? Вочы ў яго касаватыя.

— I бацька твой ніякі не касачовец, a імя Сталіна.

Гэта адно i тое ж: па паперах мы — атрад імя Сталіна, a ў вёсках, мусіць, i цяпер помняць касачоўцаў.

Даволі экзатычны экземпляр гэты Сталетаў, нават сярод такіх розных, як партызаны, людзей.

Спачатку, калі прывялі ў наш Замошанскі лагер злоўленага інструктара анямечаных школ, які на веласіпедзе раз'язджаў па раёне з лекцыямі пра «Гітлера-вызваліцеля», — гэта быў азызлы, бледны чалавек з вачамі, вытарачанымі, як нам тады здалося, ад страху (зламаны веласіпед на сабе прывалок). Але не расстралялі, пакінулі ў атрадзе (даказаў, што перадаў дэсантнікам пішучую машынку, нешта канцылярскае), i тады мы зразумелі, што вочы ў яго такія заўсёды. Ад прыроды i ў згодзе, як выявілася, з натурай сталетаўскай.

На змену сполаху хлынула ў Сталетава, а з яго — на нас, радасць, ды такая, што хлопцы не ведалі, куды дзявацца. Падыдзе нячутна, зачарованай хадой, стане перад Рыжым, Зуёнкам ці Вядзмедзем i глядзіць улюбёна скасавураным вокам у неба. Нібы галовы іхнія — недзе там, у вяршалінах лесу. Жывымі на неба ўзносіць!

— Ты чаго? — здзівіцца партызан з непрывычкі.

— Я?.. Нічога я… Можа, абед вам таксама прынесці. Я іду на кухню.

— А што, a прынясі! Прынясі, братка.

Вярнуліся аднойчы з нейкай аперацыі, а Сталетава не відно, няма ні ў нашай зямлянцы, ні поблізу. У лагеры ён, але нас быццам ужо не заўважае. Выявілася, Сталетаў ужо штабная адзінка. Пісар, а дакладней — летапісец. Пераканаў нейкага прыезджага з брыгады, што вунь як неабходна пісаць гісторыю нашых атрадаў. Фронт ужо не так далека, іншыя брыгады спахопяцца, a ў нас — калі ласка, усё гатова.

Дзіўныя вочы ў гэтага чалавека. Быццам мерку здымаюць: прыпнуць цябе да нечага нябачнага, пацягнуць крыху ўгору, як кравец выцягвае каўнер, «спінку», a ў вачах ягоных прысуд, нават крыўда: э, не, не дацягваеш! Да гісторыі, ці што? Яшчэ раз пацягне цябе ўгору чорнымі пякучымі (іншы раз здаецца звар'яцелымі) вачамі, a i ў ix усмешка. То-онкая-тонкая! Нас, маўляў, не падманеш… I ўжо канчаткова ўзнясе позірк да неба, пакінуўшы цябе, нібы перад ліфтам, які мільгануўся толькі што.

Што там выйшла з летапісу брыгады, невядома. Толькі з касачоўскага штаба ён раптоўна вулецеў, гэтак жа імкліва, як i трапіў туды! У Касача такія справы без затрымкі афармляліся: не памог Сталетаву i апякун брыгадны. Дайшло да Касача (у вёсках паскардзіліся), што «нейкі ваш касы» дзядзьку пабіў, баб палохаў вінтоўкай, некага да сцяны прымерваў.

— Мы тут ваюем, — апраўдваўся Сталетаў,— а нейкі там сядзіць, барадой прыкрыўся, i — калі ласка, вызваляй яго. Я б не ўсіх назад пускаў. У наша жыццё.