Выбрать главу

Андрэйка

(Мой дзёньнік у якім няма дат, бо пішу па памяці і даты не памятаю)

Дзверы ў кабінет начальніка заўсёды выклікалi ў мяне роспач. Так-так, адзін погляд на iх цёмную, вечна бруднаватую паверхню, адразу ж прыводзіў мяне ў стан крайняй нервовасці. Таму я хацеў праскочыць iх як мага хутчэй. Не надта гучна стукнуўшы ў ненавісную перашкоду, два разы, косткамі пальцаў, я націснуў на абшарпаную ручку і рашуча ўвайшоў.

— Дазвольце, Аляксандр Браніслававіч? — спытаў я, увайшоўшы ў кабінет.

— Заходзь, Андрэй. Ну чо, змагар? Ужо бачыў?

Начальнік зноў назваў мяне змагаром. Амаль уся ўправа называла мяне так, з-за таго, што я размаўляю амаль выключна на беларускай мове. Што тут дзіўнага? Я жыву ў Беларусі, я — беларус. Мая мама была настаўніцай беламовы ў школе. Чаму я не павінен гаварыць на роднай мове? Хаця… ніхто прама і не кажа, што не павінен. Проста ўсе вакол глядзяць на мяне, як на прышэльца. Ды яшчэ гэтыя жарты…

— Дык ты бачыў? — паўтарыў сваё пытанне Аляксандр Браніслававіч.

— Што менавіта?

— Надпіс на нашым будынку, што! — адрэзаў начальнік.

— Не. Неяк не заўважыў. Спяшаўся на дзяжурства.

— Злева ад уваходу здаравеннымі літарамі напісана «Дыктатура», — сказаў Аляксандр Браніслававіч, голас якога станавіўся ўсё больш сярдзітым.

— Шчыра кажу, не бачыў.

— Ну так схадзі і паглядзі! Потым вернешся!

Я выйшаў з кабінета і пайшоў па доўгім калідоры да выхаду з будынка. Мой бацька быў міліцыянерам, як і мой дзед. Але можа быць мне не варта было працягваць гэтую традыцыю? Дынастыя? Ну так… Дынастыя. Але калісьці ж трэба пачаць новую… Навошта мне гэта? Проста я з дзяцінства марыў стаць міліцыянерам. І вось — стаў! Працую некалькі гадоў. Праца, вядома, не цукар. Неяк я бег за хуліганам і выкрыкваў загады спыніцца, а ён на судзе потым сказаў, што не разумеў мяне бо не ведае мовы, на якой я яму крычаў. Белабрысы беларускі хлопец з прозвішчам Андрушевiч не ведае мовы…

Я выйшаў на вуліцу і агледзеўся. Злева ад уваходу сапраўды ззяў яркi вялікi надпіс: «Дыктатура» выпісаны жоўтымі літарамі, даволі акуратна. Я вярнуўся ў кабінет начальніка.

— Ну шо бачыў? — спытаў Аляксандр Браніслававіч, адарваўшыся ад вывучэння дакументаў.

— Так точна.

— Я вось думаю, ці не ты гэта напісаў, змагар ты наш. А?

— Што? — мой голас гучаў здзіўлена. — Ды як вы наогул можаце мяне падазраваць? Глупства нейкае. Навошта мне гэта?

— Дык ты ж у нас самы несвядомы.

— Гэта чаму ж?

— Сам ведаеш! — заявіў начальнік.

— Паняцця не маю.

— Ну хопіць прыдурвацца, Астапеня! — прыкрыкнуў палкоўнік. — Ты, * ляць, усё разумееш… А калі не хочаш, каб цябе, у такіх сітуацыях, падазравалі, то і паводзь сябе як чалавек, размаўляй нармальна…

— А я што ненармальна размаўляю? Я што не маю права размаўляць на роднай мове, якая, дарэчы, дзяржаўная?..

— Маеш-маеш, — перапыніў мяне Аляксандр Браніслававіч, — я проста табе па-добраму хацеў параіць… ну каб ты ў такія вось сітуацыі не трапляў.

— Ды якія такія? У вас наогул ніякіх падстаў мяне падазраваць няма.

— А вось і ёсць.

— Не, няма падстаў.

— Ты мне яшчэ будзеш тут спрачацца, нягоднік! — крыкнуў начальнік.

— Не-не, — адказаў я.

— Кароч, ясна ўсё з табой… Ідзі і падумай аб сваіх паводзінах!

— Пра што канкрэтна падумаць?

— Вольны! — гаркнуў палкоўнік і я выйшаў з кабінета.

Надпіс зафарбавалі хутка. Але праз некалькі дзён ён зноўку з'явіўся на тым жа месцы, амаль такi ж, як першы. Вялікi, зроблены жоўтай фарбай, надпіс: «Дыктатура» зноў бударажыў наша міліцэйскае ўпраўленне, будынак якога раскінулася ў цэнтры горада на невялікай горцы. З раніцы я быў на працы і мяне зноў выклікалі да Аляксандра Браніслававіча.

— Бачыў? — спытаў палкоўнік, гледзячы на мяне спадылба.

— Так точна, бачыў.

— Што думаеш?

— А што я магу думаць?

— Ты мне дурня не ляпі! — крыкнуў начальнік.

— Вінаваты…

— Ну, карацей, Астапеня, спытаю прама: ты пісаў?

— Не, не я, — сказаў я цвёрдым тонам, гледзячы палкоўніку прама ў вочы.

— Хм… А я вось на цябе падумаў.

— Гэта я ўжо зразумеў.

— Ну раз не ты, то добра. Давай тады займіся гэтай справай. Трэба знайсці гэтага мастака *ляць, маць яго… Зайдзі да Колі. Хай табе пакажа запісы з камер. Круціся як хочаш, а знайдзі гэтага *ляць Айвазоўскага…