— Ну дык гэта ж я і пісаў на сцяне, — адказаў Коля.
— Ты? — шэптам прагаварыў я, гледзячы на яго шырока расплюшчанымі вачыма.
— Я! Табе вось, прызнаюся. Таму што ты, можна сказаць, мой герой.
— Але навошта ты гэта рабіў?
— Ты нешта гаворыш на роднай мове, а я на ёй пішу, — адказаў Коля і глыбока зацягнуўся цыгарэтай. — Я дык наогул з дзяцінства люблю пахуліганіць. І Купалу таксама вельмі люблю. І Багдановіча люблю, больш за ўсiх, дарэчы. І цябе таксама люблю. Нас тут такіх — уся ўправа, акрамя начальства. І мы ўсе цябе любім. А кпім, каб на нас не падумалі… ну што цябе падтрымліваем не падумалі. Можа быць і не трэба было мне прызнавацца. Але ты ж мяне не выдасі, праўда?
Я стаяў моўчкі, асэнсоўваючы інфармацыю.
— А навошта ты дапісаў «пралетарыяту»? — праз хвіліну спытаў я.
— Дык гэта не я, — адказаў Коля. — Гэта Аляксандр Браніслававіч. Сам пацiху накалякаў ноччу. Выкруціўся-такі, хітрун, — дадаў Коля і засмяяўся.
Наталка
2006 г.
Я не вяла дзённічак з маіх пятнаццаці гадоў. А цяпер мне (страшна пісаць нават) ужо дваццаць пяць. Хаця… Не варта тут хлусіць хаця б самой сабе. Мне нават крышачку больш, чым… дваццаць пяць… Добра… хопіць пра ўзрост. Што ж мне яшчэ такое тут напісаць? Мабыць, пачну з пачатку. Я хачу трэніраваць гэтую іх мову. Ну беларускую. Размаўляць у мяне атрымліваецца зусім дрэнна, але пісаць магу крышачку лепей… Таму гэты дзённік будзе строга на беларускай. Гэта я сабе абяцаю. Шчырае слова! О! Здаецца, прыйшоў Антошык. Працягну потым.
***
Зрабіла Антошыку абед. Кахаю яго… бубачку. Ну дык вось! Я хачу трэніраваць гэтую іх мову, таму што баюся Гэтых. Іх усё больш мне стала здавацца, што яны могуць узяць і… ну… як бы гэта напісаць та… Кароч, баюся, што яны стануць кіраваць, а не мы. Мой Антошык працуе на пасадзе, ну і я пры ім — дапамагаю. Быць жонкай чыноўніка нялёгка, хоць усе думаюць, што нават вельмі лёгка. Ну я яшчэ далей напішу пра свае цяжкасцi.
***
Я спрабавала ўгаварыць Антошыка таксама вучыць гэтую іх мову. Але ён пакуль упіраецца. Хоць кажа, што і так яе ведае. Я папрасіла яго паразмаўляць. Ён сказаў мне: «Я очань добра владзею мовай майго народа, але счытаю, што патрэбна уважаць правы людзей, якия хочуць гаварыць па рускай, тым больш, што гэт гасударственны язык». Мне здаецца ў яго атрымалася не вельмі добра. Так што буду спрабаваць яго прымусіць вучыцца.
***
Антошык купіў мне Victoria’s Secret!!!! А-а-а-а!!!! Я проста шчаслівая. Сказаў, каб я толькі адчапілася ад яго са сваёй мовай. Ну так і быць, дзеля такога можна і адчапіцца. Пабягу мераць.
***
Я расчараваная. Гэтыя майты так рэжуць мне азадак, што я проста не магу нармальна хадзіць. Ды і станік мне замалы. Але яны такія прыгожыя!!! Што ж рабіць? Як вось вырашыць такія праблемы? Як крыўдна…
***
Я ўсё яшчэ перажываю з-за майтак. Якая дурната. Гэта Антошык вінаваты! Ён жа ведае мой памер. Якая ж ён сволач!!!
***
Я доўга сварылася з Антошыкам і ён сказаў, што памер правільны, а проста я за апошні час рэзка паправілася. Я паглядзела на яго так, што ён хутка ўцёк на кухню. Як мужык наогул можа рабiць такія дзіцячыя памылкі? Ён жа ведае, што цяпер не атрымае чаго хоча мінімум тыдзень.
***
Прайшло толькі тры дні, а я ўжо і сама вельмі хачу. А гэты гад робіць выгляд, што ўсё нармальна і спіць на канапе. Ненавіджу!!! Каб забыць пра тое я стала рабіць карысную справу. Я знайшла ў падвале нашага дома стары чырвоны сцяг, цiпа як савецкі, і выразала з яго палоску. Зараз трэба яшчэ дзве белых (трэба будзе парэзаць прасціну) і з гэтага ўсяго атрымаецца гэты іх БЧБ.
***
Антошык разлютаваўся!!!! Ён крычаў, што чырвоны сцяг яму перайшоў ад дзеда. Нарэшце гэты паразіт перажывае. Аха-ах-ах.
***
Мінулай ноччу мы некалькі разоў з Антошыкам памірыліся. Цяпер у мяне такi добры настрой з раніцы. Я прама як котачка. Мур-мур-мур. Ноччу, адразу пасля сэксу, Антошык сказаў мне: «Власть должна так любить свой народ, как я только что любил тебя!» Мой муж, напэўна, усё-такі вельмі разумны. Я ў захапленнi. Зараз трэба прымусіць Антошыка сфоткацца з гэтым іх БЧБ.
***
Ну і доўга жа ён упіраўся. Але ўсё ж такі пагадзіўся сфоткацца. Я ўстала да яго, мы накрыліся БЧБ, а мой пляменнік нас сфоткаў. Зараз гэтую фотку можна прыхаваць, а калі Гэтыя калі-небудзь усё захопяць мы з Антошыкам пакажам ім фотачку. Якая я разумніца. Ля-ля-ля. Я проста геній!