Цяжкая далонь кладзецца мне на шыю. Српабую скінуць. Трэба быць рэзкім. Скідваю руку з шыі. Віталь яшчэ не сабраўся. Ён упэўнены, што пераможа. Яму можна і не спяшацца. Мне таксама няма куды спяшацца. Прайграць паспею.
Барэц сумо можа важыць дзвесце кілаграмаў і рабіць “шпагат”. Каб не бачыў па тэлевізары сам, нікому б не паверыў.
Віталь зноў хапае мяне за шыю. Каб быў хто другі, каб ён быў крыху лягчэйшы, я б адразу… Што губляць? Барацьба сумо. Спартак. Лепш смерць… Хапаю Віталева запясце і даю нырца яму пд руку. Мая вольная рука пралятае паміж тоўстых сцёгнаў і рэзка ідзе ўгору. Трапіў. Яму забалела. Паўстанцы апынуліся ў пастцы. Як і Віталь зараз. Краем вока бачу, як уздымаюцца над кілімам барцоўкі. Ну і маса. Барцы сумо такіх прыёмаў не робяць, каб адзін аднаго на плечы ўскідваць. А можа і робяць. У вачах цямнее. Але Віталь ужо ляжыць у мяне на плячах. Зараз, зараз… Толькі б не памыліцца і правільна кінуць. Калені мае падгінаюцца. Барцоўкі ўзлятаюць да столі. Ху-х. Мы на кіліме. Віталь робіць “мост” і пераварочваецца на жывот. Але я наверсе. Перакуліць такую масу з жывата на спіну будзе цяжка. Ужо цяжка. Мая далонь слізгаціць па кіліме пад ягонаю рукою, пальцы сашчапляюцца над шыяю — “замок”. Клас. Выварочваю яму плячо. Нарэшце пераварочваю, але Віталь зноў становіцца ў “мост”. А зараз рэзка! Б’ю сваім старым паўкедам па Віталеваай пятцы ў барцоўцы і навальваюся яму на грудзі. Барцоўка слізганула па кіліме, нага выпрасталася. Адна лапатка на кіліме. Рэза! Прыўздымаюся і з усяе моцы цісну яго ў кілім. Ён на лапатках. Абмяк. Я выйграў. Вось так, маса ў барцоўках.
Устаём. Ён чырвоны. Трэнер уздымае маю руку. Пераапранаюся. На крэсле ляжыць мой падручнік. “Гісторыя старажытнага свету”.
Малюнак І. Паранены Спартак. (Паводле сценапісу ў горадзе Пампеі). Рымскі воін параніў Спартака ўдарам дзіды ззаду.
Шкада, што малюнак некаляровы, адзін тнкі чорны абрыс. А кіно каляровае. У Спартака быў чырвоны плашч і белы конь. У 71-м годзе да нашай эры адбылася апошняя бітва Спартака з рымскім войскам. Спартак імкнуўся прабіцца праз легіянераў да Краса і забіць яго.
На вуліцы сонца, па-вясноваму свежа. Пасля спартыўнай залы прыемна стаяць на ганку з аднагрупоўцамі па вольнай барацьбе.
Але трэба бегчы.
Запісвацца на барацьбу мы прыйшлі ўтрох: я і яшчэ два аднакласнікі. Хацелі хадзіць на бокс, але там ужо набралі групу. Мы пайшлі на вольную барацьбу. Нас узялі, але адзін з маіх аднакласнікаў “скіс” пасля другой трэніроўкі. Ён не мог ні разу падцягнуцца на кольцах, усе смяяліся. Ён больш не прыйшоў. Другога выгнаў трэнер, бо той курыў. Трэнер учуў пах тытуню і прагнаў майго аднакласніка. Даводзіцца ездзіць на трэніроўку аднаму. Затое можна ў тралейбусе пачытаць падручнік.
…імкнуўся прабіцца праз легіянераў да Краса і забіць яго.
Сыходжу з ганка. Ганак высокі, наша спартыўная зала ў былым саборы. Праходжу паўз музычную школу. Заварочваю за рог. Мяне перапыняе Віталь. “Пагаворым?” — кажа Віталь. А што тут гаварыць. Тут усё ясна. Ён вагчэйшы на кілаграмаў дзесяць і ростам вышэйшы. Ясна, што за размова нас чакае, але саступаць не хачу.
Спартак быў гладыятар.
“Пайшлі ў двор, кажа Віталь. У двары пуста. Арэлі, пясочніцы, лаўкі ўсе пустыя.
— Ну што? Схватку выйграў? Толькі ніхто не ўбачыў, як ты яе выйграў. Ты мяне ўдарыў. Ты — падонак, і я зараз табе пакажу, як трэба біць”.
Віталь хапае мяне за куртку. У мяне новая куртка. Парве. Што я дома скажу? Маці і так супраць барацьбы. А яшчэ парваная куртка.
Строй, куртка ў мяне новая, я здыму…
Віталь адпускае куртку. Я хутка здымаю яе і кідаю на лаўку. Рабы хадзілі ў дзіўных палатняных мяхах з дзіркамі для рук і галавы. У Рыме значна цяплей, чым у Мінску. У нас у такім мяшку акалеў бы. Куртка саслізгвае з лаўкі і падае ў пясок. Нахіляюся, каб падняць. І непрыкметна для Віталя зачэрпваю хменю пяску.
Зараз ты ў мяне атрымаеш, ты мяне навучыш, як трэба біць, тут табе не спратрыўная зала, дзе правілы і трэнеры. Тут вуліца.
Піраты падманулі Спартака, паабяцалі перавезці на востраў і не перавезлі.
Віталь толькі пачаў замахвацца, як я шпурнуў са жмені пяском яму ў вочы. Галоўнае, каб ён не схапіў мяне. Схопіць — канец.
Віталь хапаецца ракамі за твар. Ён трэ засыпаныя брудным пяском вочы. Я б’ю кулаком яму ў грудзі. Ён пахіснуўся, але стаіць. Віталь плача. Ён размазвае бруд па твары і плача.
Канчай. Ты што? Пайшлі ў душ, памыемся.
Мы вяртаемся ў будынак спартыўнага таварыства. Душ у сутарэннях.э Мыемся. Потым сядзім. Нават у душы чуваць тугі голас нашага трэнера. Раз-два, раз-два, раз-два. У іх размінка.