Выбрать главу

***

Танцаў у летнім школьным лагеры “Зялёнае” был шмат. Большасць лагерных выхавацеляў працавала не ў школах, а ў кансерваторыі і музычнай школе. Яны прыязджалі ў лагер са сваімі гітарамі, акардэанамі, кантрабасамі і нават мандалінамі. Таму і ладзілася неверагодная колькасць усялякіх музычных конкурсаў і віктарын, развучвалася безліч песень і танцаў.

Выхавацеля з майго трэцяга атрада, у які трапіў і Алег, звалі Раманам Казіміравічам Юркевічам. Ён іграў на мандаліне, і ўсе дзяўчаты адразу па прыездзе закахаліся ў прыгожага, высокага, дужага Рамана Казіміравіча. Я не вельмі любіў мандаліну з яе саладжавым італьянскім настроем, бо шанаваў кантрабас, што вечарамі на танцах у клубе так шыкоўна круціўся ў спрытных руках выхавацеля фізкультуры Перацяцькі. На танцах іграла трыо: Русін ды Сак на акардэонах і Перацяцька на вішнёвым кантрабасе. Іграліся вальсы, твісты і шэйкі, іграліся і джазавыя кампазіцыі, а тады ўсе спыняліся і слухалі пранізлівыя акорды Русіна, сакавітыя сола Сака і паважны рытм грузнага кантрабаса.

Па няпісанаму правілу запрашаць на танец дзяўчат мелі права толькі хлопцы з першых трох атрадаў, а апошнім тром з дванаццаці наогул забаранялася хадзіць вечарамі ў клуюб. Танцавалі, хто як мог, хто як хацеў, было вясёла.

Всетлыя вечары дыхалі чыстым спакоем. Высокія сосны, што абступалі клуб, ледзь заўважна пакалыхвалі сінімі шатамі пад бэзавым небам.

Дзяўчаты ў святочных сукенках не саромелісмя і запрашалі выхавацеляў, больш за ўсіх Рамана Казіміравіча, хлопцы пасміхаліся і такім чынам хавалі сваю першую рэўнасць.

***

Шмат разоў успаміналася тое лета з танцамі каля клуба, з вясёлымі акардэонамі, што вялі дыялог пад наглядам магутнага кантрабаса. Я лёгка засынаў пад музыку 60-х, ажно пакуль не ўспомніў танцора. Я ўбачыў, як ён самотна стаіць на клубным ганку за калонаю. Беленая калона на шырокай базе, і побач хлапечая постаць — смуглявы Алег у пурпуровых гортах. Я ўбачыў танцора, і мяне агарнула пракрасць. І я доўга не мог заснуць, сядзеў на кухні, паліў. І мне захацелася вярнуцца ў тое лета, і не проста апынуцца сузіральнікам, а прыйсці, каб выправіцца, змяніць сагоа сябе. Я, вядома, разумеў, што ўсё гэта блюзнерства, але адчуў і іншае: трэба спавядацца. І я пачаў пісаць пра танцора.

***

У лагерр алега прывезла маці, надзіва прыгожая жанчына. Яны прыехалі на таксі, што ў тыя часы лічылася несусветнай раскошаю. І таксоўка чакала каля лагернай брамы, пакуль Раман Казіміравіч запісваў Алега ў трэці атрад, а медсястра Света шукала ў хлапечай галаве вошы.

— Што вы робіце? — Алегава маці павярнулася да медсястры, і ўсе ўбачылі, як хстануліся і зазіхацелі на сонцы завушніцы з дыяментамі.

— Гляджу, каб не было вошаў, — растлумачыла добразычлівая Света.

— А хіба і так не відаць, што ў майго сына іх няма?

— Відаць. Але такі парадак: я павінна паглядзець галовы ўсіх дзяцей.

— Ну і парадкі, — з’едліва вымавіла жанчына. І мне зрабілася няёмка за яе. Ёй так не пасавалі з’едлівасць, і абурэнні, і націск на словы “майго сына”. Ёй наогул не пасавалі праявы пачуццяў. Такая жанчына павінна жыць у палацы і ладзіць балі. І ёй дастаткова ледзь заўважна ўсміхнуцца, каб у прысутных узняўся настрой.

Яна села ў таксі, а я зачаравана глядзеў на светлы профіль, аздоблены дыяментавымі завушніцамі і залатою фрэзураю. І нечакана адчуў злосць, гэтая жанчына пахіснула маё ўяўленне аб прыгажосці. У свае трынаццаць я лічыў, што самая прыгожая жанчына на зямлі — мая мама. А тут з’яўляецца немаведама адкуль зусім чужая жанчына і разбурае мой ідэал.

Цяпер я ўдзячны Алегавай маці, бо менавта яна першая, эфектам свайго яркага з’яўлення, дапамагла мне зразумець, што прыгажосць мамы не падлягае параўнанням, яна ёсць найвышэйшая.

І як крыўдна мне было, калі , стоячы за мальбертам, пісаў у інтытуце кубістычныя кацюрморты, каб спасцігнуць таямніцу фактуры і колеру, а выкладчык з непрыхаваным цынізмам казаў:

— Вось ты шклянкі-бутэлькі навучыўся раскладаць на розныя вуглы ды авалы. А згадай табе намаляваць партрэт маці ў стылі кубізм, вось што б ты рабіў?

І рабілася сумна за недасведчанасць і абмежаванасць выкладчыка, які замінаў займацца, як ні дзіўна, вучобаю. І было няёмка пачынаць тлумачыць, што вобраз маці знаходзіцца далёка за межамі майго задання, якое спрабаваў выканаць, калі пісаў на палатне нацюрморт з празрыстым шкляным посудам. Адзінае, у чым я не мог не пагадзіцца з выкладчыкам, гэта тое, што напісаць партрэт мамы вельмі складана. Асабіста для мяне на партрэце мамы і канчаецца станковае макстацтва, і пачынаецца манументальнае — з ягонай рэлігійнасцю і містыкай, з абразамі і алтарамі.