Выбрать главу

-- Не, вы хлусіце! Скажыце, вы хлусіце? Нешта здарылася? Па доктара едзеце? Ага, маўчыцё! -- і гістэрычна, скрозь сьлёзы, засьмяялася.

Юльяш закрыў далонямі твар і зачмыхаў носам, ня маючы сілы паўстрымацца. Тады загаласіла і Раіна.

-- Я ведаю, нешта здарылася. Цяжкое, надзвычайнае. Мабыць, у сувязі з забойствам Скуратка? (Яна ўжо ведала пра гэта з газэтаў). Божа, што ў вас там робіцца?

Разгублена замітусілася па пакою.

-- Зь якім забойствам? -- адказаў Зенька. -- Хто яго тамака забіваў? Проста акалеў п’янюга пад плотам, перабраўшы меру.

Ён сьпяшаўся расказаць:

-- Увесь вечар утрох: Скураток, Юзік і Янук пілі ў мяне за перагародкай. Пасьля выйшлі ўсе, абняўшыся. Ну, і паваліўся і акалеў на марозе...

-- Божа, Божа, і чаму ў вас гэтакае здарылася? Цяпер вас не пашкадуюць... Прычэпяцца...

-- Ды яно так, абы прычапка...

-- Забралі каго... у вязьніцу?

-- Забралі -- не забралі, проста зганяюць зь мейсца, а куды -- невядома.

-- Ага, высылаюць, значыць!

Зенька маўчаў. Юльяш зноў загаласіў. Раіна прытулілася да яго, пытаючыся:

-- Юльяш, браток, скажы праўду: тату й маму высылаюць?

Юльяш хацеў нешта сказаць, але ня мог, кіўнуў толькі галавой. Раіна зьбялела і абамлелая павалілася на падлогу. Зенька падскочыў да яе, пачаў пляскаць па шчоках. Загадаў Юльяшу зачэрпнуць вады. Пачаў пырскаць ёй на твар. Потым пасадзіў яе на крэсла, падтрымліваючы, каб не павалілася зноў.

-- Глыні крыху вады!

Паднёс да роту крынку і гвалтам уліў ёй глыток вільгаці. Цяжка дыхаючы, Раіна адплюшчыла вочы.

-- Каб колькі кропляў валяр’янкі!

Паказала рукой на столік.

Пасьля кропель адчула сябе лепей.

-- Трымайся, дзяўчына! -- сказаў Зенька. -- Цяпер такі час, што ў кожнага што-небудзь няладна! А ты мусіш выратаваць дзяцей -- безь цябе загінуць! Не маленькая, разумееш! Вазьмі сваё сэрца ў кулак і скажы яму, каб яно маўчала. Людзей цяпер не шкадуюць. Іх валяць, як той лес! Хочаш -- ня хочаш, кладзіся пад сякеру! Газэта табе гэтага ня скажа, але ўсе добра ведаюць гэта. Ці ты чытала што-кольвек пра Матошку? Зь дзевятнаццаці двароў застаўся цэлым толькі адзін: васямнаццаць вылюднены, павысланы, зьнішчаны. І старых і малых -- усіх разам! Трымайся, ты мусіш выратаваць Юльяша і Агатку. Толькі ты адна можаш гэта зрабіць. Той, ад каго гэта залежа, і ў вус не падзьме, як яны будуць замярзаць...

-- Мамачка, татачка, што-ж із вамі будзе?

-- Трымайся, дзяўчо! Апраніся цяплей, мы едзем, бо час не чакае. Не паедзеш-жа так, як стаіш?

-- Маё сэрца чула... Маё сэрца чула... -- стагнала, апранаючыся.

-- Ды, калі праўду казаць, і нам тутака, хто застанецца, ня соладка будзе. У калгас загоняць. Зямлю і ўсё дабро адбяруць. І будуць сядзець на шыі розныя Скураткі, Юзікі ды Сукенікі, як тыя вошы!.. Ім што? Такі ўжо цяпер сьвет пайшоў... Я просты чалавек, газэтаў ня чытаю, але бачу, пакоцяцца гэныя парадкі па ўсяму сьвету...

У дарозе Раіна ўвесь час паўтарала:

-- А ці мама хоць цёпла надзелася? А ці ім дадуць што-небудзь узяць ізь ежы? Ці ім сказалі, куды іх павязуць?

-- Куды? Ясна -- куды, у Сыбэрыю тую -- угноена яна чалавечымі касьцямі за сотню з гакам год!

-- А родненькія мае! А даражэнькія! А ці ўбачу я вас яшчэ калі? А мамачка! А татачка!

* * *

Як толькі Юльяш пакінуў хату, пабегшы да Зенькі, пачаўся ўзаконены вышэйшымі савецкімі ўладамі працэс рабаваньня, які афіцыйна называўся раскулачваньнем. Перш-наперш на сярэдзіну хаты выцягнулі куфар гаспадыні. Усё, што было ў ім, апынулася на падлозе. Трубкі палатна кужэльнага, белага, як сьнег, -- праца рук Богушыхі, -- вышываныя ручнікі, бялізна, верхняя вопратка... Новыя, яшчэ не апранатыя кажухі і суконныя каштоўныя рэчы былі адкладзены асобна, мабыць, для сябе. Грошы, якія гаспадыня ўзяла за ягады, што назьбірала ўлетку Агатка, аднекуль высыпаліся на падлогу. Янук і Сукенік не паўстрымаліся, каб не пазьбіраць іх у свае кішэні. Пасьля ўзяліся за гаспадароў сундучок. Калі ўзьнялі вечка, на дне, сярод усякае дробязі, убачылі невялікі плецены кошык. Адчынілі: ляжалі шматкі рознай матэрыі, напарсткі, нажнічкі, эпалеты з двума «лычкамі» (рэліквія з часоў Богушавае службы ў войску), а на самым нізе, беражна загорнуты ў эластычную паперу, партрэт гаспадара й гаспадыні, як яны стаялі пад вянцом. Сукенік усьміхнуўся, а Янук брыдка вылаяўся і кінуў картку пад ногі. Але два срэбныя пярсьцёнкі і два такіх самых крыжыкі, за якія тое-сёе можна было набыць у «Таргсіне», падзялілі паміж сабой...

Пакуль Янук і Сукенік «гаспадарылі» ў хаце, трымаючы здранцьвелага Богуша і амаль ужо няпрытомную Богушыху за пераборкай, каб яны ня бачылі, што робіцца зь іхнай працай, Юзік гаспадарыў у каморцы, дзе стаяла ў кубельцы сала, віселі пад стольлю шынкі й каўбасы, і ў слоіках ды макітрах ляжала масла ды сыры. Твар ягоны быў ужо ў тлушчах, а пальцы й рукавы сьвіткі ў сьмятане. Калі Сукенік і Янук заглянулі ў каморку, ён зайздрасна прасіпеў: