Выбрать главу

Яны ўязджаюць у вёску. Тады Матузок адплюшчвае вочы й мутным позіркам глядзіць у неба. Воблакі плывуць, плывуць!.. Рыгор сочыць за рухамі Матузка, і яму становіцца не па сабе. «Пачнецца такая разьня! -- думае. -- І адкуль гэта ўсё, дзеля чаго? Жылі людзі, кожны меў свой інтэрас... Адзін разумнейшы, рупнейшы, спрытнейшы... Другі дурнейшы, раскіднейшы, бяспутнейшы... І ня было на каго крыўдаваць! А цяпер вось прымушаюць браць суседа за горла...» Яму прыгадваюцца дзіцячыя гады. З Матузком блукалі яны па палёх, па лясох, па балотах. Зьбіралі ягады й гарэхі, дралі лыкі. Лясы глыбокія, страшныя! Баяліся зьвяроў. Здавалася ім -- вось зараз выскача з-за вывараці мядзьведзь. І лясьніка баяліся. Аднаго разу згубілі дарогу й доўга блукалі па лесе. Матузок усё паўтараў: «Маці Божая, прасьвятая Багародзіца... Маліся й ты! -- казаў. -- І тады яна выведзе нас на дарогу...» І раптам лес, праўда, перад імі расчыніўся, і яны выйшлі на поле. Тут ужо страху ня было. Матузок выняў з-за пазухі акрайчык хлеба. Разгарнуўшы шмат, у які быў загорнуты хлеб, асьцярожна, каб адмераць па-роўнаму й не пакрышыць, разрэзаў яго на дзьве часткі.

-- Ну, бяры любую! -- зьвярнуўся да Рыгора.

-- Адкуль гэта ўсё?! -- стаяла невырашальнае пытаньне перад Рыгорам. Зірнуў у неба. -- Пэўна-ж не адтуль?!..

* * *

Дзень, два ціха. Мацей Матузок ня вылазе з хаты. «Сэрца! Вырваць сэрца і кінуць ім, кінуць у вочы: бярыце, ежце!» Трэці дзень: на ўсіх сходах, у раённым друку: «Вылазка ворага... З’агітаваны кулакамі, Мацей Матузок із Загібелек, чалавек зь бядняцкага асяродзьдзя, кінуўся ў бойку з калгасьнікамі, не дапускаючы іх да былое свае нівы! Не шкадаваць ворага! Павесьці змаганьне па ўсяму фронту... Ліквідаваць кулакоў і іх агентаў, хто-б яны ні былі ў мінулым...»

Сяляне шуганулі ў калгасы...

Увечары да Мацея прыйшоў Рыгор. Ён занепакоены. Рухі ягоныя рашучыя, словы моцныя. Сячэ із пляча! «Задушаць! Згноіцца душа, толькі гледзячы на гэта... Усё папрадам, пакіну і ўцякаць буду! У места, а калі не, дык хоць у тую Сыбэрыю!.. Чорту ў зубы! Не магу глядзець на ўсё гэта -- на ўсю гэтую ману...» Выпроствае свае рукі -- даўгія, жылістыя: «Во, вырвацца з гэтага пекла!.. Мазалямі ўсюды можна пракарміцца...»

Маўчыць Матузок. «Добра яму казаць! -- думае. -- Ён ды жонка -- усяго таго клопату! Абодвы працаваць могуць. А тутака за сталом поўна хлебаедаў...» Матузок схіляе галаву, глядзіць у вакно, за якім, як-бы ў сьне, разьлягліся шырака балоты, лысеюць пясчаныя градкі. Адтуль чуецца балбатаньне цецярукоў, курлыканьне журавоў. Вочы Матузка міргаюць, і зь іх выкатваецца сьляза. «Не, не магу я пакінуць гэтага! -- шэпча. -- От тэй бусел, што стаіць на адной назе на балоце, кожную восень адлятае, а ўвесну зноў прылятае. А я-ж ня бусел! Як-жа я магу пакінуць назаўсёды тое мейсца, дзе нарадзіўся?!»

Пад восень Рыгор выехаў.

Прыехаў каморнік. Для тых, хто не пісаўся ў калгас, зямлю адмераў у Дубнікох на закінутых аблогах. Старшыня сельсавету выклікае Матузка да сябе.

-- Ты мусіш выбрацца адсюль! І як мага хутчэй. Усё пад калгас адышло. Праз тыдзень на тым мейсцы, дзе ты сядзіш, будуць пастаўлены будовы для калгаснай жывёлы...

Матузок яму не пярэчыў, але й перабірацца ня стаў. Тут сядзелі ягоныя дзяды й прадзеды, будзе сядзець і ён аж да самае сьмерці. Закону такога няма, каб адбіраць у хлебароба зямлю. Сядзіць у хаце, пазірае ў вакно... Рана зажывала, але ў галаве нешта круціла, калола, быццам цьвіком. І думкі -- неадчэпныя, пагрозьлівыя. Рвуцца мазгі, туманіцца зрок... Выйдзе за гумно, пастаіць, паглядзіць у балацяную далеч, паслухае курлыканьне журавоў, граньне на тоненькіх дудачках кулікоў. Тады стане быццам крыху лепей, але як толькі вернецца ў хату, зноў пачынае круціць у мазгох... «Калі скончацца гэтыя пакуты, дый ці скончацца!? Закрыліся-б лепей ужо вочы!»

Раніцой да дома падышла гурба калгасьнікаў.