Хто гэтыя людзі? Адкуль яны наплываюць? Якая сіла кідае іх хмарамі ў балацяныя прасторы Палесься?
-- Людцы, ратуйце! З галадухі мрэм! Усё паатабралі, пазабіралі! Мрэм, як мухі!..
... Мільёны памершых ад галадухі на Ўкраіне!
На хутары ў Гарася паблісквае сьветлячок: «Ня сьпім, пільнуем, бо йдуць хмарамі галодныя ўкраінцы. І разам з тым, ідуць нядобрыя чуткі: раскулачваюць, высылаюць, зганяюць зь зямлі роднай...
Гарась прыслухоўваецца. Вецер ходзіць за хатай, мацае сьцены мяккім вобмацкам, сьвішча пад кроквамі. Вароты на добрым запоры, на ланцугу, цераз увесь двор -- злосны Баян, але хто ведае, што можа здарыцца за ноч. Падкапаюцца й пад сьцяну, атруцяць і сабаку -- тут трымай вуха востра! І Гарась схіляе галаву, падрэмле й зноў усхопіцца. Думкі тузаюць яго -- неадчэпныя, цяжкія! «Д’яблы іх ведаюць зь іхнымі парадкамі! Нешта гавораць і пра яго? Нейкія чуткі ходзяць... Праўда, працай нажытае... Зямлі тры гэктары толькі! Але хіба ёсьць у іх што-небудзь пэўнае, станоўкае? Пяць пятніц на тыдні...» Гарась пакручваецца, стогне. «І гэты Зьмітрачок! Тады, як Марынка яму адмовіла, уваччу была злосьць. Заўсёды ў яго злосьць! Як клянуць яго людзі! Зразумела, Марынка, а ня я -- я тут зусім збоку прыпёку... Не ляжыць у дзяўчыны сэрца да хлапца, дык прычым тут бацька?! Учора, казаў Міхалка, Зьмітрачок езьдзіў з новымі «прапазыцыямі» ў раён, -- успамінае Гарась. -- Якія там у сабакі прапазыцыі!?»
Устае, падыходзе да абразоў, доўга стаіць перад імі моўчкі, потым шэпча пацеры. Раптам зьявілася думка: не заплаціў ён, здаецца, страхоўку? Падаходны заплаціў, самаабкладаньне таксама -- яшчэ пад дождж тады патрапіў, -- а от страхоўку... Становіцца каленкамі на тапчан і мацае рукою за абразамі -- тут у яго квіткі, уся «канцылярыя». І паперы шамацяць у нязграбных запрацаваных рукох. Перастаўляе сьветлячок на край стала, раскладае паперы: самаабкладаньне, падаходны, цягла (гужавая павіннасьць), культурны збор... «Падаткаў шмат, дык перайначылі на культурны збор!» Ухмыльнуўся. «А вось і страхоўка -- чырвоны квіток, каб ім усё стала чырвоным уваччу! Але, хвала Богу, ня будзе да чаго ім прычапіцца! Усё ў парадку!» Гарась загортвае квіткі ў газэціну й кладзе іх зноў «за пазуху сьвятым».
Але спакой да яго ўсё-ж не вяртаецца: насядаюць іншыя думкі. «Каб ціха, дык-ба й ня думалася! А то такое ліхалецьце! Сапхнулі нас на край жыцьця!» Ён ідзе па хаце. Падыходзе да ўслончыка, на якім стаіць вядро з вадой, і смачна, нібы то каляды, а не піліпаўка, п’е ваду. Потым з грукатам апускае зноў на ўслончык вядро.
Агата прачнулася й пытаецца:
-- А каню ты, пэўна, зноў забыўся падкінуць нанач? Як лёг, толькі сьцямнела, дык і дрыхнеш!
-- Дзе-ж дрыхнеш, калі ўвесь час варочаюся з боку на бок... Выйшла-б ды дала...
-- На мяне не спадзявайся: страшна мне! -- адказала кабета. -- Не магу за дзьверы паказацца... Ляжу й усё слухаю, што там робіцца на панадворку... А сасонкі ўсё шумяць, шумяць -- ці то мо’ так у мяне ў галаве?
-- Марынка, можа ты выйшла-б падкінуць каню?
Марынка не адказала, сьпіць.
Нацягнуўшы на плечы кажух, Гарась падышоў да пячуркі, узяў ключ і выйшаў. Баян зазваніў ланцугом і разы два без ахвоты брахнуў...
Цераз хвілін пяць або менш Гарась вяртаецца ў хату й кажа:
-- Ліха іх ведае! Такі конь, як лялька, а можа, і ён хутка будзе не патрэбен?
Ён цяжка апусьціўся на канец тапчана. У гэты мамэнт Баян ірвануўся з будкі й ярасна кінуўся па ланцугу да варотаў. Зараз-жа пачуўся грукат у вакно.
-- Каго там Бог нясе?! -- пытае Гарась, прыхіліўшыся тварам да шыбы.
-- Свае! -- пачуўся адказ.
-- Міхалка нечага йдзе, -- прамовіў Гарась і пайшоў адчыняць. Цераз хвілінку ўвайшлі ўдвох.
-- Вось надвор’е! -- кажа Міхалка. -- Дзікі вецер з усходу. Ды яшчэ й сьнег. Так і круціць, круціць, сьвету ня відаць! У такое надвор’е толькі злодзеям добра ды перамытнікам: да раніцы й знаку не застанецца ад сьлядоў...
Селі абодвы на тапчан і хвіліну маўчалі. Потым Міхалка зноў:
-- Ты чуў? Ён цябе таксама ў перамытнікі ўпісаў! Раней -- падкулачнік, зрыўшчык, сабатоўнік... Бача, гэта не бярэць, дык у перамытнікі... Ён сказаў, што ты да брата за мяжу хадзіў...
-- Брат у мяне, праўда, за мяжой ё, ты-ж сам ведаеш! Але-ж ад самага таго часу, калі нас падзяліла мяжа, я нічога ня чуў пра яго...
-- Адным словам, кляпае на цябе! Я цябе папярэджваю як добрага чалавека й суседа...
Гарась сарваўся з тапчана й зноў пабег да вядра з вадой. Напіўся й вярнуўся. Сеў зноў каля Міхалкі. Доўга глядзеў у падлогу. Верыў Міхалку: Зьмітрачок кляпае на яго! Вычуў гэта й сам ня раз. І ратунку няма ніадкуль: ніхто не захоча ўтранчацца ў гэтую справу. Не такі цяпер час: кожны высьцерагаецца Зьмітрачка...