Выбрать главу

-- Ты толькі падкажы мне, калі гэта будзе. Я ведаю, яны хочуць мае крыві! Я зраблю ім, бо іншага ратунку няма! А ты, Міхалка, павінен ведаць: рызыкоўны я чалавек... -- голас ягоны задрыжаў і перарваўся.

Міхалка ўзьняўся з тапчана, але зараз-жа зноў сеў. Гарась узяў яго за руку, моцна паціснуў у сваёй.

-- Ты -- сусед! Ты ўсё мусіў бачыць, кожны мой крок! Ці я калі адлучыўся з дому хоць на адну добу? Схадзіць да брата, прынамсі, патрэбна хоць дні тры, бо чалавек -- ня воўк! Дый воўк патрабуе адпачынку... Усё гэта вось на іх!.. -- памацаў мазалі на далонях. -- На іх, на маіх мазалёх, усё гэта трымаецца! Памятаеш, колькі было гора мне, каб паставіць гэны хутарок!? А Зьмітрачок? Ты-ж бачыш, які ён? А што сватаўство не ўдалося, дык ня я тут віной, а Марынка -- сэрца дзяўчыны не ляжыць да яго! -- голас ягоны зноў на момант перарваўся. -- Ох, Божа! Якое жыцьцё для нас настала!? Дзеўка не пайшла за хлопца, дык ён плявузгае на ейных бацькоў! І вераць яму! Вераць!

-- Гэта-ж адна хэўра! -- чуецца голас Агаты.

-- Агата, ты чуеш? Марына! Вы чуеце? Ён нас у перамытнікі ўпісаў; за мяжу, кажа, хадзілі, разам з таварам весткі пераносілі!? Ведае, сабака, дзе балючай укусіць!

-- Тата, я спаткаю яго й скажу, каб ён ад нас адчапіўся...

-- Ня руш яго! Ня руш! Бо горай будзе... Падумае: спалохаліся!..

Агата плакала.

-- Не хвалюйцеся за парой! -- пачаў раптам супакойваць Міхалка. -- Можа, як-небудзь, як той Янка кажа, «ліха ператрэцца, і маланкай доля блісьне...» Можа, разьбяруцца тамака вышэй!? Старшыня, дык той ня вельмі бярэцца за гэтую справу: усё ўгаворвае Зьмітрачка пачакаць... Пэўна, дачуўся пра нешта? Толькі той, упаўнаважаны па палітычнай частцы, вельмі ўхапіўся за яе...

-- Ухапіўся, кажаш? -- пытаюцца ўсе ў вадзін голас.

-- Божанька, выратуй! Гэта-ж ад яго найбольш і залежыць...

Назаўтра Міхалка прыйшоў зноў.

-- Пільнуйцеся! Заўтра або пасьлязаўтра ўночы...

* * *

Зьмітрачок вярнуўся з раёну радасна ўсхваляваны. «Так, пачынаецца! Ну, вось і дачакаўся». Цяпер ён ні аб чым іншым ня думаў, як толькі аб тым, як ён прыйдзе да Гарасёвых, як абвесьціць ім пра пастанову раёну аб высылцы і як яны будуць гэтым прыгнебены... «Во, упэўніліся, што азначае маленькі Зьмітрачок!» (Так называў яго, бывала, Гарась). Зласьлівая радасьць абхоплівае сэрца Зьмітрачка. «Зязюля ваўку не таварыш! Марыне трэба чалавек, а не валацуга! Ага! Вось цяпер дык рады былі-б такому сватаўству...»

Кідае на брудны ложак сваю будзёнаўку (ні ў якога Будзёнага ён ня служыў, наагул у чырвонай арміі ня быў, але ўдае сябе за будзёнаўца), запальвае сьвятло ў пакоі й садзіцца за стол. Яшчэ толькі сёмая гадзіна, а павінна пачацца гэта а дванаццатай. Яшчэ шмат часу. А яму хочацца як найхутчэй. Сэрца ягонае перапоўнена злосьцю. Ён хоча ўбачыць сьлёзы бацькі й маці Марыны. Як соладка будзе глядзець яму ў гэты час на іх. «Сьмерць! Усім ім сьмерць; усім такім, хто супроць яго, Зьмітрачка! Не, не раптоўная сьмерць, а цяжкія павольныя мукі -- там, у зьледзянелай поўначы, дзе ня сьвеціць сонца, а потым ужо сьмерць... пад цяжкім паленам дзе-небудзь... Вось вам усім: буду ў вас на языках аж да вашага скананьня...»

Дастае зь кішэні пакамечаны кавалак паперы. Разгортвае й глядзіць у яго. Чытае: «...калі яго не ліквідаваць, як клясу, дык калектывізацыя ў раёне зь мейсца ня зрушыцца. На яго глядзяць усе, бо ён аўтарытэт у іх... яму вераць! Не запішацца ён, ніхто пісацца ня стане. Вось чым ён падсечаны! Паспрабуй давесьці, што гэта ня так!? Не запісаўся-ж да гэтага часу...» Глядзіць угару, на партрэт правадыра. Вусаты твар сурова ўхмыляецца. «Так-так! Грамі ворага!» Зьмітрачок задаволена хіхікае. Падсоўвае лямпу, чытае далей: «А калі калектывізацыя ня зрушыцца зь мейсца, дык што-ж скажуць нам, раённым камуністым...» Глядзіць на гадзіньнік. Яшчэ рана! Комкае паперу й засоўвае яе зноў у кішэню. Кладзецца на ложак, выцягвае ногі й глядзіць угару: там бездапаможна дзынкае ў павуціньні муха. Непамерна падкручаная лямпа хліпае, агеньчык падымаецца, робіцца мутным і гасьне...

Зьмітрачок навет не пачуў, як у хату ўвайшлі старшыня райвыканкому й раённы ўпаўнаважаны (прадстаўнік ДПУ). Пабуджаны, клыпае вачыма й глядзіць то на аднаго, то на другога.

-- Струсіў, таварыш? -- пытаецца прадстаўнік, шынэль якога зьвісае аж да долу. -- А можа выпіў? Не? А не пашкодзіць для адвагі! Як-ніяк, а сваяк!? -- усьміхаецца. -- У патэнцыі...