Як толькі зрушыліся зь мейсца, адразу-ж пачулі палёгку: як-ніяк, а едзем! І едзем -- куды? Якраз у самы асяродак зьвярынага сьвету ў Любошчынскую пушчу, пра якую так шмат нагаворана паляўнічымі.
Маючы справу штодзень з трамваямі, якія ў Менску заўсёды бітком набіты людзьмі, я сядзеў і думаў: якая выгода мець хаця-б старэнькую якую машыну. Сядзіш сабе на мяккай фатэлі ды пакурваеш ды ў вакенца пазіраеш; падабалася тут -- спыніўся, не падабалася -- коціш далей! Пэўна, пра гэта самае думаў і Барута, бо ў гэты-ж мамэнт прамовіў да Балевіча:
-- Гаспадар, -- дазвольце клікаць вас гэтак -- добра было-б, каб вы пачасьцей нас вазілі, а мы-б за гэта зайцоў вам стралялі...
-- Хацеў-бы, -- адгукнуўся той з ухмылкай. -- Але часам не выпадае: то машына занятая, то я заняты...
Машына спраўна бегла па зацярушанай сьнегам шашы. Насустрач імчаліся тэлеграфныя слупы, рэдкія дрэўцы й дарожныя знакі. Там-сям міналі вёскі; з каміноў хат падымаліся сінія слупікі дыму. Гледзячы на яго, роіліся ўспаміны з гадоў мінулых, і тады, быццам-бы наяве, пахла смажанай скваркай, вясковай каўбаскай з часначком, перчыкам і нямолатай муштардай. Траплялі на вока й разбураныя «вялікім згонам» сядзібы хутаранаў з адзічэлымі ўжо каля іх яблынямі й дулямі, і тырчэлі ўгару голыя каміны печаў...
-- А от скажыце, гаспадар, -- зьвярнуўся Барута да Балевіча, -- як гэта зразумець: у дваццатых гадох савецкая ўлада рабіла тут землеўпарадкаваньне й садзіла людзей ня толькі на пяцідворкі, але й на хутары. А у трыццатых гадох гэтая-ж улада загадала зносіць гэтыя хутары й пяцідворкі й некаторых уласьнікаў іхных навет саслала да Сыбэрыі... Зразумела, я так ня думаю, але можна было-б падумаць, што ў трыццатых гадох ня было ўжо савецкае ўлады...
-- Прышчэпаў нарабіў хутароў і засьценкаў! -- з жарам умяшаўся Галякоў. -- Гэта ягоная дывэрсія супроць савецкае ўлады... Ён і пакараны за гэта!
Барута не здаваўся:
-- Але-ж Прышчэпа, ці Прышчэпаў, як вы кажаце, дзейнічаў на падставе пастановы цэнтральнага камітэту партыі й дэкрэтаў з Масквы. Па-другое, чаму дывэрсія? Жыцьцё пацьвердзіла, што найлепшай хвормай сельскай гаспадаркі на Беларусі зьяўляюцца дробныя селішчы й хутары, бо тутака ў нас няма тлустых стэпаў, як на Ўкраіне ці ў Заходняй Сыбэрыі, дзе не патрэбна ўгнаеньняў і можна разгарнуцца з камбайнам і іншымі вялікімі машынамі... Тутака ё: кавалачак нівы, праз гоні -- рэчка альбо горка, лес і балота, а то й багна, градка сярод іх зь пяском, дзе нішто не расьце... І вось я кажу, колькі было працы пераносіцца на новыя мейсцы, а цяпер, бачыце, тырчаць голыя каміны, і шмат хто з тых працавітых і добрых гаспадароў ужо загінуў у той Сыбэрыі...
Барута абвёў усіх позіркам.
-- Ну, гэта можа ўжо і занадта!? -- заўважыў мякка Балевіч. -- Хаця, трэба прызнаць, зямельная палітыка была ў нас часам непрадуманая й нявыразная, што пацягнула за сабой вялікія ахвяры...
-- Кіньма пра гэта! -- скамандаваў Галякоў. -- Давайце, я вам лепш раскажу праўдзівую гісторыю з часоў змаганьня за ўладу на паўдні, якая вам пакажа, якім павінен быць сапраўдны бальшавік.
І ён расказаў, як у дзевятнаццатым годзе, будучы ваенкомам палка, уласнаручна застрэліў свайго найлепшага таварыша, падазраючы яго ў здрадзе.
-- Бяз усякай лішняй валакіты! Вось гэтак: наставіў наган паміж вачэй і выпаліў! Хай ведае: рэвалюцыя з такімі не жартуе!..
Барута сумным позіркам абвёў нас усіх і пакруціў галавой.
-- Але-ж, вашэць, вы не яго пакаралі, а самога сябе!
-- Як так? Я яго застрэліў!
-- Я, як праўнік, мушу вам сказаць, вы зрабілі вялікае злачынства, і ён цяпер вас усюды сьцігае, што відаць з вашага апавяданьня.
-- Ён мерыўся перабегчы на другі бок з дачкой белагвардзейскага ахвіцэра, гэта я дакладна ўдаводніў!.. Ну, і атрымаў па заслугах!
-- Гэта вы цяпер так кажаце, а прычына была іншая, што вы яго забілі: можа, вам перашкаджаў у чым, можа, зайздрасьць, не падзялілі гэтай дачкі ахвіцэра...
-- Менавіта, я яго папярэджваў: не зьвязвайся з гэтай дзяўчынай!
-- Ну, вось спрунжына й выкрылася! -- урачыста выклікнуў Барута. -- Толькі ўсебаковы разгляд справы ў судзе можа ўстанаўляць віну чалавека...
-- Які можа быць суд над ворагам?! Пад ногаць -- і ўсё! Рэвалюцыя ня церпіць валакіты! Калі-б лёс кожнага высланага кулака вырашаўся судом, хапіла-б працы на дзясяткі год, а партыя, кіруючыся рэвалюцыйным пачуцьцём, зьліквідавала іх за тры гады...
-- Гісторыя будзе судзіць нас! -- выкрыкнуў Барута. -- Але лічу лішнім гаварыць з вамі на гэтую тэму...