Выбрать главу

-- Праўда, досыць аб гэтым! -- сказаў зноў мякка Балевіч, які, апусьціўшы долу вочы, слухаў спрэчку.

Мы пад’язджалі да вызначанага па пляну мейсца. Тут дарога зьбягала ўніз. Направа ляжала катлавіна балацяных імшараў. За ёй сінела смуга лесу. Улетку на гэтых імшарах, сярод досыць густых, але дробных зарасьляў, было даволі шмат цецярукоў і пардвы. Цяпер з-пад сьнегу тырчэлі адно голыя дубцы, ды сярод іх чарнелі аброслыя бурым мохам купіны. Цецярукі й пардва мусілі шукаць сабе другое мейсца, дзе можна схавацца ад сьцюжаў і знайсьці корм. Але зайцы маглі быць сярод купін. Пастанавілі распачаць паляваньне адсюль. Балевіч загадаў шафёру ехаць назад у Менск, бо машына магла спатрэбіцца там па якой-кольвек прычыне, але на шостую гадзіну вечара загадаў прыехаць па нас.

-- Перакусіць-бы перад маршам! -- прапанаваў Саладуха, абмацваючы сваю торбу, зь якой тырчэла чырвонагаловая бутэлька.

-- Чаго-ж, не забаронена! -- адказаў нехта.

-- Ды аднаму неяк няёмка, -- падміргнуў Барута. -- Быццам-бы хаваюся?

-- Ведаем, ведаем! Шукаеш хаўрус прапусьціць па аднэй?!

-- Тады давайце пойдзем на край таго лесу, -- прапанаваў Балевіч. -- Там будзе й зацішней і прыямней...

Селі на сухі й мяккі мох пад разгалістымі ёлкамі. Саладуха адкаркаваў бутэльку й наліў чарку «прадукту сацыялістычных пяцігодук», як называлі гэрэлку ў той час у народзе, ня ў прыклад іншым прадуктам, якіх у продажы ня было ніколі ўдосталь.

-- Ну, дык будзем здаровы! -- сказаў і перакуліў чарку. Потым перадаў бутэльку Баруце. -- Кіруйце там далей! -- загадаў.

Бутэлька павандравала з рук у рукі аж да самага адказнага. Выпіўшы другую чарку, Саладуха зазначыў:

-- Цьфу! Сядзеў у машыне, як пад жандарам... Цяпер адразу палегчала... -- і павёў рукой па грудзях.

Усе зразумелі, што гэта намёк на партыйнага таварыша.

-- Ніякіх жандараў не павінна быць! -- зазначыў Балевіч і засьпяваў: «Отречёмся от старого мира...» -- Гэта ў нас у гімназыі гэтак сьпявалі, бывала.

-- А ў нас крыху іначай! -- уставіў Барута:

«Отречёмся от серого мыла и покинем в баню ходить».

Усе зарагаталі, а больш за ўсіх рагатаў сам «адказны». Потым дадаў:

-- Ну, што-ж -- і пакінулі! Выраб мыла, ні шэрага, ні белага, нашымі бюракратамі па пляну не прадугледжаны.

-- А дазвольце пацікавіцца, гаспадар, у якой гімназыі вы вучыліся?

-- У клясычнай, што на былой Губэрнатарскай, -- адказаў Балевіч. -- Але скончыць не давялося.

Выцягнуў зь кішэні партфэльчык і дастаў зь яго пажоўклую фотакартку, на якой, прыпёршыся да сьцяны вялікага драўлянага дому, стаяў хударлявы даўганогі хлапчына ў картузе з галінкай над ліха заламаным казырком.

-- Гмм... Гімназыя гэтая давала досыць ладныя веды! -- заўважыў Барута. І потым, вяртаючы картку: -- Бацька ваш, пэўна, меў маёнтак, мяркуючы па пабудове?

-- Ніякага! Усё жыцьцё прабыў лясьнічым у князёў Аляўковічаў, і будыніна гэтая іхная...

-- Вы зь беларускага паходжаньня, зразумела?

-- Для мяне, як для члена партыі, падобнай праблемы не павінна было-б існаваць. Аднак, ці я мушу крывіць душой? Корань маіх продкаў ідзе глыбака ў вякі гэтае зямлі! І я сам нарадзіўся тут, атрымаў ад маіх бацькоў гарт жыцьця, вырас тут, усмактаў у сябе пах гэтых цудоўных волатаў-сосен! -- зірнуў на лес. -- Гэта мая Бацькаўшчына! Люблю я яе ўсімі фарбамі мае душы! А іншыя землі, народы -- гэта толькі суседскі двор для мяне: мушу быць у кантакце зь ягонымі жыхарамі для агульнай карысьці...

-- Дробна-мяшчанскі перажытак... -- ціха прамовіў партыйны таварыш.

Балевіч чуў гэта, але не палічыў патрэбным пярэчыць.

-- Вы кажаце: хвалюе вас усё наша, -- прамовіў Барута. -- Гэта добра. Гэтак і павінна быць...

* * *

Сабакі, як толькі пусьцілі іх з павадкоў, узялі сьлед, і жвавае яхканьне заліло ваколіцу. Але касы ўсё яшчэ нейдзе ляжаў, прыціснуўшы да галавы вушы: авось, не заўважаць! І толькі тады узьляцеў мячом угару, калі Флейта, аж зь віскам, напаролася на яго. Робячы дугу (нездарма -- касы!), ён пакаціўся пад гару. Страляць нікому ня трапілася з прычыны стромкасьці й нечаканасьці, зь якой ён ускочыў і потым зьнік за гарбом гары. Флейта й Запявала, як спрэжаныя, кінуліся за ім, нягледзячы на тое, што трэці іхны сябра, Капейкаў Султан, неаднокраць зьбіваў іх з тропу; урэшце ён натрапіў на стары сьлед і пайшоў ім «упяту», гэта значыць, у адваротным напрамку, куды пабег зьвер. Магло атрымацца ўражаньне, што заяц павярнуў назад. І гэта зьбіла некаторых з панталыку: Галякоў, із стрэльбай напагатове, насіўся па касагору; Балевіч схаваўся за ёлачку: авось, набяжыць зьвярынка!