Галасы Флейты й Запявалы чуліся ўжо здалёк. Гэта паказвала на тое, што касы вырваўся на чысты прастор і цяпер імчыцца некуды да бліжэйшых хмызьнякоў, дзе мог-бы пераблытаць свой сьлед петлямі й нечаканымі кідкамі ўбок. «Дзе-ж ёсьць гэтыя хмызьнякі?» Я падняўся на грэбень касагору, каб агледзецца і потым ужо браць адпаведны кірунак. Кілёмэтры за паўтара, праўда, сінела смуга маладога сасоньніку, сярод якога вылучаліся й старыя магутныя кражы. «Напэўна, заяц ужо там? -- падумаў. -- І пакуль яго вытураць сабакі, пройдзе нямала часу». Маляўнічай нізінай, па якой віўся невялікі ручай, там-сям пакрыты ўжо маладым празрыстым лядком, я скіраваўся да таго ляску. На ўскраіне яго рос зусім дробны й непралазны для чалавека хвойнік. Вузкай віляючай сьцежкай я падаўся ў глыбіню лесу. Праз колькі часу выйшаў на старую засеку, над якой якраз і стаялі, як вартаўнікі, тыя магутныя, шматгадовыя волаты-сосны. Тут было так ціха й прыгожа, што я, папраўдзе, ня мог зрушыцца зь мейсца: паміж соснамі там-сям крывавілася каліна й полымем шугала рабіна. Глядзеў угару на кроны соснаў. «Жыцьцё! От так от: адны паміраюць, другія падымаюцца на іхнае мейсца! Родная маці Беларусь, ніхто й ніколі, ніякі бандыта, якой-бы ўладай ён ні валодаў, ня зможа спыніць гэтага працэсу на тваіх грудзёх!»
Знайшоў чысты ад сьнегу пень і сеў. З захапленьнем і разам з тым з роспаччу пазіраў на бронзавыя каломны волатаў-дрэваў, з роспаччу таму, што мала ўжо іх уцалела. Ведаў, за часоў гістарычнае Літвы -- Беларусі лес гэты ўваходзіў у Ачолкаўскую пушчу, якая цягнулася далёка на паўдзённы захад і зьлівалася з пушчамі Тураўскай і Лунінецкай. Пладзіліся тут тады зубры й туры, куніцы й рысі, ласі й дзікі, а ў шматлікіх рачулках -- бабры. «Яшчэ адна-дзьве пяцігодкі, і шмат спатрэбіцца часу аднавіць усё гэта...» І цяжкі смутак лёг на сэрца. «Лес для беларуса -- кармілец, сховішча й абаронца перад лютым ворагам у часы грозныя, радасьць і натхненьне -- у часы спакойныя... Як-жа дапусьцілі мы, што вынішчаюць яго чужакі для свайго ўзбагачэньня й славы бяз нашага ведама й дазволу?! Хапала-ж у нас і кемнасьці, і адвагі, і трывалкасьці, каб бараніцца на працягу вякоў ад лютых ворагаў з захаду і усходу». Комкаў сьнег і лыкаў яго, каб заглушыць пякучы боль унутры...
Сядзеў доўга. Галасы ганчакоў былі ўжо зусім заглохлі, але потым зноў сталі чутнымі. Значыць, заяц нейдзе блытае па зарасьнякох. Раптам недалёка хруснуў сьнег. Я ўсхапіўся. Узяў напагатоў дубальтоўку. Але з-за густых ялінак, якія абступілі мяне з таго боку, адкуль пачуўся хруст сьнегу, нічога ня мог убачыць. «Пэўна, з дрэва зваліўся ком сьнегу?» -- падумаў. І ў гэты мамэнт улавіў нейкае нявыразнае мырматаньне: як-бы нехта ўпаўголас маліўся альбо штось дэклямаваў. «Можа, з чалавекам якое-колечы няшчасьце? І можа тое, што я прымаю за маленьне ці за дэклямацыю, ёсьць слабы лямант аб дапамозе?» Я пасунуўся на некалькі крокаў у напрамку, адкуль чуліся гукі. І тое, што я ўбачыў, крыху мяне й зьдзівіла й занепакоіла: бяз шапкі (яна вісела разам із стрэльбай на суку ёлкі) стаяў Балевіч і, скіраваўшы зрок у цудоўна-празрысты прастор неба, пад якім маячылі кроны соснаў-волатаў, дэклямаваў верш; пры гэтым правая рука ягоная то апускалася, то падымалася ў такт рытму верша. Напружыўшы слых, мне ўдалося ўлавіць адну із строф:
Верш Уладзімера Жылкі! -- успомніў я. -- Але-ж паэта сасланы, і творы ягоныя забаронены, а можа й папалены? Хутка зразумеў: Балевіч, пэўна, меркаваў, што яго тут ніхто не пачуе, і пад уплывам красы пушчы захапіўся красой жылкаўскай лірыкі. Каб не паставіць яго ў няёмкае становішча, я прыцішыўся на мейсцы, разьлічваючы, што ён пастаіць-пастаіць дый пойдзе ў іншы бок ад мяне. Але гэтак ня здарылася: праз колькі часу ён скіраваўся якраз у напрамку да мяне. Я адчуваў сябе не на мейсцы: час неспакойны, арышты, ссылкі, у тым ліку й паважаных асоб з самой партыі, асабліва зь ліку беларусаў! Чалавек можа падумаць: шпіёніў, падслухваў... Мне нічога іншага не заставалася, як ісьці яму насустрач.
Балевіч ня выявіў ніякае трывогі. Спыніўся, убачыўшы мяне, і спакойна заўважыў:
-- Як добра тут, га?! Зірніце на гэтыя шапкі соснаў! Ані варухнуцца! Стаяць і быццам-бы дрэмлюць у ціхай задуме! Бог ты мой, які цудоўны наш беларускі лес! Здаецца, нідзе больш такога няма! Сапраўды, я адчуваю сябе памаладзеўшым на дзясяткі год...
-- А колькі-ж вам у сапраўднасьці?
-- Не паверыце! Усяго толькі на чацьверты дзясятак падбіраецца...
-- А галава ўжо сівее!
-- Ня дзіва...
Ён глядзеў на мяне сваімі сінімі спакойнымі вачыма, такімі сінімі, як сёньняшняе неба.