Выбрать главу
* * *

Страляў па зайцу Барута. Калі мы падышлі да яго, за ягонай сьпіной іх вісела тры.

-- А вы што? Пустымі абодвы?

-- Паляўнічае шчасьце здрадзіла нам! -- ізь сьмехам адказаў Балевіч.

-- Расстраляць па загаду багіні Дыяны! -- адвязаў ад сваёй торбы аднаго зайца й прывязаў яго да торбы Балевіча. -- А вам будзе той, што ляжыць на зямлі, сьвяжэйшы... Для мяне чатыры зашмат!

Хаця можна было-б яшчэ пахадзіць, але мы скіраваліся да мосту, куды мелася прыйсьці машына. Пэйзаж адгэтуль адчыняўся досыць прывабны: па нізіне вілася рэчка; яе апавілі ланцужком альховыя зарасьлі; над нізінай шырака разьлёгся парк былога маёнтку, цяпер саўгасу; двохпавярховы палац ягоны панаваў бялізной і раскошай над мясцовасьцю; убаку ад парку з-за аголеных бярозак выглядала сваім вострым купалам драўляная каплічка з пагнутым і паржавелым крыжом над ёй... Вёска, цяпер калгас імя Тэльмана, шэрымі саламянымі дахамі выцягнулася па дну нізіны, прыціснутая рэчкай да крутога гліністага абрыву.

Мы ўзышлі на мост. Над паркам кружылі зграяй вароны й галкі. З маёнтку цягнула кісьлінай сілосу. Чуліся галасы людзей, але ў вёсцы ня было відаць ніякага руху -- здавалася вымершай; хацелася пабываць на ейнай вуліцы й распытаць, як цяпер жывецца людзям.

Падышла машына. Мы залезьлі пад ейны брызэнт. Шафёр даў некалькі сыгналаў для тых, каго яшчэ ня было. Аднак на сыгналы ніхто не адгукнуўся.

Расчынілі свае торбы й пачалі перакусваць. Які смачны быў хлеб і «кулацкае» сала, якім частаваў нас Балевіч!

-- Партыйны таварыш прывёз зь вёскі, -- растлумачыў. -- Езьдзілі некага выправаджаць...

Выпіўкі ў нас ня было ніякай, але ў тэрмасах была яшчэ не астыўшая кава. Запівалі хлеб ёю. Вялі гутарку аб тым, як шмат было дзічыны на Беларусі яшчэ нядаўна. У гэты час пачуўся нейкі енк. Выглянулі з-за брызэнта: бег і енчыў Капейка. Убачыўшы нас, залемантаваў:

-- У імя Айца й Сына, хутчэй на хутар, там партыйны таварыш людзей пастраляў.

Балевіч скочыў зь мейсца.

-- Дзе? Хутчэй! -- крыкнуў.

Мы пасьпяшылі за Капейкам. Калі прыбеглі на хутар, партыйны таварыш ляжаў ужо зьвязаны.

Высьветлілася наступнае: Саладуха, Капейка й Галякоў спаткаліся ў лесе. Селі перакусваць. Спачатку ўсё йшло зусім добра: Галякоў агітаваў за савецкую ўладу й разважаў аб задачах расейскага пралетар’яту ва ўсім сьвеце. Капейка, каб усё было ціха, ківаў яму галавой у знак згоды. Саладуха-ж налягаў на гарэлку. Такім чынам было выпіта два паўлітры «лубінавай» -- Капейкаў і Саладухаў. На трох гэтага было аж занадта дастаткова. Але Галякоў адчуваў сябе на паўдарозе. Паставіўшы на пень і «расстраляўшы» парожнія бутэлькі, ён выняў з рукзака сваю, поўную і якраз «адборную». Паклалі ў агонь палак і зноў пачалі піць. Кіраваў усім гэтым Саладуха. Раптам галава ягоная паехала ўніз. А потым ён і зусім паваліўся на гальлё, на якім сядзеў.

-- Гэта ўжо дрэнна, трэба рушыцца, а ты спаць, -- прамовіў Капейка, тармосячы яго за плячо.

-- Вы ідзіце, ідзіце. Я даганю вас...

-- Не, я цябе тутака не пакіну, каб крукі вочы павыдзяўблі...

Галякоў тым часам завалодаў бутэлькай.

-- Ці не пара паставіць кропку, таварыш партыйны? -- спрабаваў спыніць яго Капейка.

-- Каціся, калі ня хочаш быць маім таварышам!

-- Усякаму рад дапамагчы, ды няма сілаў. Выпілі добра, і на гэтым хвала Богу!

-- Што ты ўсё Бог ды Бог!?

-- Няма нікога вышэй за яго, дык ён на першым мейсцы.

-- Ну, дык каціся зь ім!..

Урэшце была расстраляная і апошняя бутэлька. Галякоў узьняўся й пайшоў, валочачы за сабой ногі. Капейка некаторы час чуў, як ён спрабаваў зацягнуць: «По долинам, по загорьям...» У гэты час прачнуўся Саладуха.

-- Што, пайшоў? -- спытаў.

-- Аняго?! Ня будзе-ж ён тут спаць, як ты!

-- Падтрымай мяне -- пойдзем і мы!

Тым часам Галякоў выйшаў на паляну. На ўскраю яе стаяў хутарок. Спыніўшыся ля яго, Галякоў закрычаў:

-- Снести хутора!

На гэты крык выскачыў і пачаў брахаць беленькі сабачка. Галякоў нацэліўся ў яго із сваёй дубальтоўкі. Сабачка сеў на сьнег, падрапаў лапкай за вухам.

-- Ага, не боишься?

Націснуў на курок, і сабачка закруціўся на мейсцы, афарбоўваючы крывёй сьнег. Далей пачалося яшчэ больш дурное: Галякоў пачаў страляць па галубох, якія кружылі над дахамі хутару. Дзьверы ў доме адчыніліся, і на ганак выйшла дзяўчына. Ёй было пад дваццаць. На нагах мела старыя атопкі ад бацькавых ботаў. Трымаючы дзьверы прыадчыненымі, каб пасьпець у выпадку патрэбы шпарка заскочыць за іх, пачала саромець Галякова.