Выбрать главу

-- Але гэта ня ёсьць так дужа прыватнае! -- узвысіў голас прапагандыст. -- Гэта спалучына з грамадствам, з вашай функцыяй у ім: копіі з плянаў, якія вы робіце, ня ёсьць дакладныя. Ня будзеце-ж вы цяпер адмаўляць, што тут ёсьць простая сувязь із вашай сямейнай сітуацыяй...

-- Ці ня думаеце вы мяне лячыць? -- прамовіла Маўра й адсунулася ў другі канец канапы.

-- Я хочу толькі вас пераканаць: у нас вырастае свая, сацыялістычная мараль, вырастае новы чалавек, вольны ад усякіх умоўнасьцяў, як грэх, сумленнасьць і іншае... Сутнасьць гэтага новага чалавека -- гэта, перш за ўсё, адданасьць нашай партыі і ейным правадыром, любоў да сацыялістычнай працы, сяброўскія адносіны да жанчыны й бязьмежная нянавісьць да ўсякіх вылазак ворагаў, пад якой-бы маскай яны ні хаваліся. Пытаньне: як ведаць, хто вораг? На гэта ёсьць спэцыяльныя ворганы, і кожны член сацыялістычнага грамадства павінен дапамагаць ім...

У Маўры закружылася ў галаве, і яе ледзьве не званітавала.

-- Перапрашаю, пайду пастаўлю гарбату! -- і выйшла на кухню.

Выпіла шклянку вады. «Божа мой, але як-жа жыць!? Няма сумленьня, няма друга, прадай кожнага й чакай, што ён прадасьць цябе -- вось ён новы чалавек!..» Адвярнулася да вакна, застрэміўшы ногці пальцаў у далоні рук і адчуваючы, што вось-вось брызнуць з вачэй сьлёзы. Каб перамагчы сябе, пачала даставаць з шуфляды судзьдзё. Потым наліла ў пасудзіну вады й паставіла яе на вагонь. Адцягваючы паварот у пакой, стаяла перад вакном і глядзела ў чорную, непраглядную цемру. Чула, як Падкоўнік, закурваючы, паліў запалку. Потым падышоў да этажэркі і ўзяў сямейны альбом. «Але-ж там фотакарткі стрыечных братоў у хворме польскіх ахвіцэраў», -- успомніла з жахам. Схапіла банку з канфітурамі, шклянкі й сподкі й кінулася ў пакой.

-- Перапрашаю! -- сказала, імкнучыся ня даць магчымасьці вырвацца наяў свайму гневу. -- Зараз ня час разглядаць альбомы: будзем піць гарбату!

Узяла альбом у яго з рук і аднесла ў кухню. І адразу-ж адчула палёгку. Пачала наліваць у шклянкі гарбату. Падкоўнік сачыў за плаўнымі рухамі ейнай добра складзенай постаці. Лісьліва заўважыў:

-- Я кажу, кожны з нас гатоў-бы памерці так, як памёр ваш муж. Чэсьць і слава героям!

-- Чаму-ж вы не запісаліся на фінляндскі фронт добраахвотнікам?

-- Ну, гэта ўжо іншае пытаньне: намі распараджаецца партыя!

«Пад гэтай шырмай добра вам хаваць свой эгаізм», -- падумала. Падсунула шклянку з гарбатай да Падкоўніка.

-- Частуйцеся, калі ласка.

-- А вы, што-ж?

-- І я таксама.

Падкоўнік макаў у гарбату коржыкі і адхлёбваў вадкасьць.

-- Цікава! Хачу вас праверыць, ці не забылі вы Пушкіна. -- І, адсунуўшы шклянку, прадэклямаваў:

      У лукоморья дуб зелёный,

Златая цепь на дубе том.

И днём и ночью кот учёный

Всё ходит по цепи кругом...

Уважліва глядзеў у твар Маўры. Яна маўчала. «Вось яно што, -- думала, -- вось дзе сабака закапаны? Значыць, міліцыянэр не прапусьціў міма вушэй... Базыль пад падазрэньнем, значыць?..»

Падкоўнік заўважыў ейную заклапочанасьць.

-- Цікавая вы жанчына, -- сказаў, -- ва ўсіх адносінах... І ў самым, што называецца, саку!.. Можаце захапіць! Можаце... -- ён зірнуў на гадзіньнік. -- Аднак, мне пара ўцякаць...

Вылез з-за стала, узяў у рукі кепку, пабарабаніў пальцамі па ейным казырку. Потым сагнуўся перад Маўрай і паціснуў ёй руку. Выйшаў...

* * *

-- Падлюка! -- амаль крыкнула Маўра, калі крокі заглухлі.

Дзьверы з катушка Ўладзіка прыадчыніліся.

-- Ты крычыш на яго, мама?

-- А ты яшчэ ня сьпіш? Ідзі й сьпі! Заўтра я цябе пабуджу рана: мы некуды паедзем...

-- О, як добра! Але я раней цябе ўстану...

-- Ну, добра, ідзі сьпі!

Дзьверы зачыніліся. Маўра села да стала, абхапіўшы рукамі галаву. «Цяпер пачне падводзіць базу...» Хацелася найхутчэй убачыць Базыля, папярэдзіць яго. «Але, усё-ткі, што тут такога небясьпечнага? Пушкін -- клясык!» Але тут-жа ўспомніла адну з лекцыяў Падкоўніка. «...У клясыцы таксама ёсьць шмат двохсэнсовага й для нас непажаданага, а навет і варожага... Да клясыкі трэба падыходзіць крытычна...» Задумалася. «Сапраўды, дуб, залаты ланцуг на дубе тым... І дзень і ноч кот вучоны ходзе па ланцугу кругом... Ёсьць нешта няяснае, як быццам... Але ўсюды можна знайсьці што-кольвек няяснае. Як-жа тады быць? Нічым ня цікавіцца, нічога ня чытаць, ня ведаць і не гаварыць? Маўчаць як рыба?! Але й гэта можа паказацца падазроным такім, як Падкоўнік. Гэта праўда, Базыль неасьцярожны, і трэба яго папярэдзіць...»

Прабіла дзьве гадзіны ночы. Успомніла: шмат няскончанай працы. Паднялася, хістаючыся, запаліла ліхтар і, уперад за ўсё, дастала з вышак бялізну, каб папрасаваць. Выйшла на двор узяць вугольля для праса. Пачула першыя, як-бы пробныя, трэлі салаўя. Зірнула ўгару. Па сінім аксаміце неба рассыпаны дыямэнты зораў. «Божа, якая прыгажосьць! А жыцьцё чалавечае такая мярзота! Калі-ж людзі навучацца прыгожа жыць? Ці назаўсёды застануцца такімі брыдкімі й подлымі?» Разьвяла агонь у прасе й прысела на хвілінку на крэсла, пакуль нагрэецца прас. «Бр-рр, якая брыда, кішка сьмярдзючая! А от нос задзірае: новы чалавек! Калі такі новы чалавек, дык хай лепш яго ня будзе. Але Базыль?! Базыль... Ён-жа такі шчыры, добры...»