Прас нагрэўся. Маўра разаслала на стале байкавую коўдру й пачала прасаваць, адчыніўшы крыху вакно (баялася чаду ад праса). Ува ўсходняй частцы неба зьявіліся проблескі раніцы -- вясёлыя, прыемныя. Жаўрукі дружна ўзьляталі ўверх, услаўляючы сьпевамі новы дзень. І Маўры раптам стала неяк асабліва радасна: забыліся ўсе няпрыемнасьці. «Заўтра, -- падумала. -- Не, гэта-ж ужо сёньня, зараз ужо чацьвертая гадзіна? Базыль... можа быць...» Зазірнула ў вакно. «А дзень, здаецца, будзе прыемны...» Уявіла сябе на ціхай дарожцы паміж цэлага мора жыта з васількамі ў рукох. Потым гэтай дарожкай сышла ўніз, на лонку, да рэчкі. Базыль з Уладзікам ішлі збоку. Потым яны апынуліся ў нейкім захаваным куточку. Лісьцьва над імі была густой -- падобная на шацёр. Уладзь бегаў па лонцы за матылямі, а Базыль апавядаў розныя вясёлыя й сьмешныя гісторыі. «Ах, ня трэба стамляць сябе перадчаснымі марамі... Хутка ўжо!»
Скончыла прасаваньне толькі а пятай гадзіне. Наважыла прылегчы хоць на часіну. Але сон ніяк ня прыходзіў. Круцілася з боку на бок. Потым устала, адчыніла вакно: можа быць, пры сьвежым паветры хутчэй удасца заснуць! Спынілася на хвілінку перад люстэркам шафы. Распахнула халат і павяла далонямі зьверху ўніз па пругкіх ружовых грудзях, потым па бёдрах. «У самым саку!» -- прашаптала, усьміхаючыся. Шмыгнула мышкай пад коўдру...
Салавей пеў цяпер нейдзе зусім блізка. І пеў так горача, з запалам, адчаканьваючы кожную трэль, кожны гук, што яна заслухалася. Уяўляла, як ён растапырвае крыльцы пры гэтым і трапеча імі, як вібрыруе ягоны маленькі язычок у пашыраным горлачку й зь якім вялікім жаданьнем імкнецца забавіць сваю каханку, якая сядзіць нейдзе ў гнязьдзечку на яйках. І чуліся ёй то бульканьне ручайка нейдзе ў лясной гушчы, то пераліваньне плаўкага срэбра ў залатое судзьдзё. Потым песьня салаўя пачала ўсё болей і болей аддаляцца, і сам салавей раптам ператварыўся ў нейкае вялізнае страшыдла -- ці то птах, ці то зьвярына!? «Ды гэта-ж той Падкоўнік, прапагандыста! Вунь і ягоныя брудныя чаравікі на даўгіх нагах, выцягнутых на цэлы пакой...» Маўра із страхам усхапілася. Спачатку ніяк не магла ўспомніць, дзе яна й што зь ёй. Потым апамяталася. Наўкола было ціха. Успомніла: а сёмай павінен быў прыйсьці Базыль. Пачула крокі на кухне.
-- Уладзь, гэта ты?
-- Я, мама!
-- Ніхто да нас ня прыходзіў?
-- Не, мама!
Зірнула на гадзіньнік: было каля дзявятай гадзіны. «Значыць -- не! І вось гэтак... Чакай кожную хвіліну якой-колечы няпрыемнасьці...» Сэрца стукала моцна, моцна! «Забыцца-б, забыцца ад усяго гэтага!» Апусьціла галаву на падушку...
1959-1970
Дзе шукаць праўду
Яны сядзелі пад разгалістай вечназялёнай хвояй. Дзед Габрусь плёў з пруцікаў кошык, а Сымонка глядзеў у задуме на сінюю зыб возера, што кіпела й пенілася, стукаючы ў берагі. Каля іх дыміў невялікі касьцёр, над якім парылася ў кацялку бульба. Калі агонь у касьцёрчыку малеў, дзед Габрусь папраўляў галавешкі й падкладаў новае паленца.
-- Ты так дужа не бяры да галавы, Сымонка! Як-небудзь будзем жыць! От хутка бульбачкі паямо, вадзічкі пап’імо, і ўсё пойдзе на лад...
Сымонка навет пальцам не варухнуў і нічога не адказаў: у памяці ягонай стаяў абраз паховінаў бацькі: «бацюшка» чытаў над магілай «са сьвятымі ўпакой»; маці кідалася вобземлю й рвала на сабе валасы; аб камяні скрыгатала рыдлёўка, і аб вечка труны дуднелі, падаючы ў яму, камы зямлі...
Дзед Габрусь цераз хвіліну загаварыў зноў:
-- Ну, а як зь нядоімкай, зноў прыходзілі?
-- Прыходзілі, -- коратка, нібы зь незадавальненьнем, адказаў Сымонка.
-- Ну, і што вы ім адказалі?
-- Нічога!..
-- А хай бы маці пажалілася вышэй!
-- А куды яна можа пажаліцца?
-- І гэта праўда! Хто яго ведае, куды йсьці й дзе шукаць цяпер праўду!?
Зноў некаторы час маўчалі.
-- Ото круцялі! Яны-ж ведаюць, якая салодкая цяперака ваша доля, а ўсё роўна лезуць: дай ім рубля! Гэта Шашок усім гэтым верхаводзіць -- так уелася яму ў косьці выцягваньне гэтых рублёў з народу!.. Усе справы ў ягоных рукох!..