Выбрать главу

На астатнюю заўвагу Сымонка таксама нічога не адказаў. У гэты час Габрусь скончыў свой кошык. Адставіў яго ўбок і прамовіў:

-- Ну, нічога! Як-небудзь будзе!.. Вось адзін ужо гатовы -- давай купца хоць зараз! Усё-ж нешта дадуць?! А заўтра пойдзем рыбкі паловім...

-- А Шашок!? -- раптам гукнуў Сымонка.

-- А што Шашок?! Ягонае гэта хіба возера!? Ён узяў яго пад рэнту? Насадзіў у ім рыбы? Бог дзеля ўсіх у аднолькавай меры пасылае і рыбку, і бульбіну, і грыбок...

-- Але-ж човен Шашкоў! І ня любе ён, як хто ловіць рыбу! І злуе, калі невад ягоны вяртаецца пустым!.. На мінулым тыдні, кажуць, выкуліў з чаўна Нічыпара, злавіўшы на возеры...

-- Ото хапуга душагубны! Але човен ня ён рабіў -- цесьляры агулам выдзяўблі, каб зручней было часам перабрацца на тэй бок... Прыўлашчыў, значыць, народную працу... Паўсьвета загроб-бы, каб мог... новасьпечаны пан... Бачыце, дырэктар саўгасу!.. Шышка вялікая! От і дай такім уладу!

-- А скажыце, дзядусь, чаму ў вас нічагуткі няма -- навет хаты?

-- Было... Было тое-сёе і ў мяне: і зямля, і коні, і кароўкі... Але лёс ужо мне такі выпаў, што ўсяго лішыўся!.. А здарылася вось як: як пайшлі чуткі, што гаспадаркі будуць адбіраць ды ўсіх зганяць да кагалу, людзі, хто мог, кінуліся ўцякаць у Сыбэрыю тую... Ну, думаю, трэба й мне пяткі падмазваць!.. Паехаў! А Сыбэрыя тая і ёсьць Сыбэрыя: нездарма туды людзей зганялі за ўсякія ўчынкі... Пагібель!.. На сто вёрстаў чалавека не спаткаеш! А калі й спаткаеш, дык сьцеражыся яго, як зьвера таго... бо зарэжа або заб’е... Сядзіш у сваім салашы й душы ня чуеш: ні пагутарыць зь кім, ні чаркі выпіць... А тут машкара проста загрызае. Твар распух у мяне... Кінуў усё ды павярнуў аглоблі назад... -- паскроб бараду й дадаў: -- Не, выгаднейшага жыцьця, як тутака ў нас, мусіць, нідзе няма: тут табе й крынічка, і з рыбкай вадзічка, і лясок ды грыбок, яблычак ды агурок, выйдзеш на сьвет Божы, птушкі заводзяць такі харавод, што аж сэрца заходзіцца...

Дзед зморшчыўся й заміргаў вачыма, пэўна, прачуліўся дужа. Зьняў бульбу з кастра, адцадзіў яе. Перахрысьціўся, выцер бараду.

-- Ну, дык хадзем, будзем есьці, што маем!.. -- гукнуў Сымонку.

Бульба была смачная, сопкая, адно толькі -- гарачая. Абодвы, пякучы пальцы, дзьмухалі на яе. Хвоя над галавой баюкала іх сваёй маркотнай песьняй; возера гудзела й бухала каля берагоў...

Сымонку гэта неяк па-асабліваму хвалявала -- то журботна, то ўзьлётна, і ён усё пазіраў на возера...

-- Людзі кажуць, -- прамовіў урэшце, -- што на гэным мейсцы, дзе цяперака возера, некалі стаяў горад, а ў ім царква... Потым горад пайшоў пад зямлю, і стала возера... Ці праўда гэта?

Дзед некаторы час маўчаў, пазіраючы некуды ўдалеч. Потым паскроб сваімі жорсткімі пальцамі бараду і адказаў:

-- Гэта голас зь мінулых вякоў, дзядоў ды прадзедаў нашых!.. Некалі мы жылі сваім царствам-гаспадарствам... І было яно слаўным, вольным і справядлівым, так што другія цары-каралі зайздросьцілі яму... Ну, зразумела, і ненавідзелі за гэта... І ўзялі сабе за мэту: зьнішчыць яго! Адны дзеялі подступам, другія -- сілай... Папалілі нашы гарады й сёлы, панішчылі людзей, парабавалі... От, і склалася ў народзе, што гарады пад зямлю праваліліся!.. -- задумаўся й зноў паскроб бараду: -- Павер’е гэтае паказвае, што народы -- усе народы! -- мараць пра сваё ўласнае гаспадарства, каб ніхто чужы не стаяў над імі!..

-- А от зірніце, дзядуля, і птушкі і іншыя жывёлы -- усе зьбіваюцца ў свае чароды! -- уставіў Сымонка.

-- Так ужо адтуль, -- зірнуў у неба дзед, -- прызначана, бо іначай усе адзін другога пазагрызалі-б... А так усё-ткі могуць абараняцца, хоць і слабейшыя! От ты бачыў калі-небудзь, як верабейкі грамадой, калі на іх нападае варона, праганяюць яе...

-- А кажуць, што ўначы перад Вялікаднем пасярод возера выплываюць царскія вароты той затануўшай царквы і анёлы так прыгожа сьпяваюць «Алілуя», што ўсё наўкола замірае, як зачараванае...

-- От гэта й сьцьвярджае, што народ наш марыць пра сваё гаспадарства, хоць, можа, і нясьведама; некаторыя й вераць, што яно ўваскрэсьне...

У Сымонкі было яшчэ шмат пытаньняў, на якія ён хацеў-бы атрымаць адказы: а якое гэта было царства-гаспадарства? а якія ў ім былі каралі ці князі? а чаму яно не баранілася? а ці добра ў ім было бедным людзям?.. А дзеду Габрусю трэба было сплесьці сёньня яшчэ пару кашоў на заказ, і ён па картоплі ўзяўся за працу...

* * *

Выйшлі да возера, яшчэ толькі пачало вылузвацца з ранішніх туманаў сонца. Знайшлі човен, заехалі ў сітнікі й там прастаялі цэлы дзень. Улоў быў ладны, і Шашок іх не злавіў. Рыбу разам з кашамі дзед панёс у мястэчка прадаваць. Прынёс адтуль мукі, солі, запалак, газы і іншае, што патрэбна ў хаце...