Выбрать главу

Калі дзед Габрусь панёс рыбу й кашы ў мястэчка ў другі раз, Сымонка сам адважыўся пайсьці на возера. Знайшоў човен і, як звычайна, забраўся ў сітнікі, дзе рыба найбольш тыркала. Плоткі браліся адна па другой, і Сымонка так захапіўся ловам, што й не заўважыў, як ідзе час...

Па паўдні надвор’е крыху сапсулася: над возерам затрымалася, на першы пагляд, невялікая хмара, і пырскаў дождж. Але потым хмара нейк расплылася, выцягнулася ўва ўсе бакі. Аднекуль наляцеў вецер, і над возерам узьняліся валуны хваляў. Човен закруціла, загушкала... Сымонка наважыў выплыць на бераг і перачакаць там, пакуль хмара міне. Але на возера былі пушчаны рагаткі з жыўцамі, і ён баяўся, што хвалі занясуць іх куды-небудзь вельмі далёка; паплыў спачатку пазьбіраць рагаткі. Але гэта было ня так і лёгка: валуны хваль кідалі човен ува ўсе бакі. Раптам грукнуў гром, і рэха ад яго пакацілася па лясох і палёх. Хлапцу стала так страшна, што ён адмовіўся ад свайго намеру і энэргічна скіраваў човен да берагу, які быў ужо няблізка. Гарнуў ваду вяслом і чытаў пацеры. От яшчэ крыху, і ён будзе на цьвёрдай зямлі! Ужо бачыў тое мейсца, дзе лягчэй за ўсё прычаліць! Ужо човен ткнуўся ў бераг! І раптам з-за кустоў -- Шашок.

-- Стой! Стой, кажу табе! А то пойдзеш на дно...

На нейкі мамэнт Сымонка як-бы аслупянеў, але гэта цягнулася нядоўга. Ведаў: Шашок не пашкадуе! Сьцяў зубы і, як найглыбей, загарнуў ваду вяслом. Човен шпарка крутнуўся ад берагу.

-- Стой! Стой, не ўцякай!

Сымонка нібы й ня чуў: гнаў човен усё далей і далей...

Быў мамэнт, калі ў сэрцы Шашка загаварыла сумленьне і сьціганьне беднага хлапца зусім ні за што здалося яму дзікім і жорсткім. Але хутка хцівасьць заглушыла гэтае пачуцьцё. Шашок скочыў у ваду, прабуючы дагнаць Сымонку. Праплыў крокаў з сотню й вярнуўся на бераг, пабачыўшы, што човен не дагоне. Вытрасаючы ваду з вопраткі, пагражаў кулаком Сымонку й бубнеў:

-- Няшчасная галота!.. З-за іх рыбкі не зьясі!.. Ну, пачакай-жа, злаўлю, дам добрую лазьню...

Схаваўся за кусты і адтуль пачаў сачыць, куды паплыве хлопец...

Хмара закрыла ўсё неба. Паліў такі густы й буйны дождж, што неба злучылася з возерам і за пяць крокаў нічога ня было відаць. А Сымонка націскае й націскае на вясло, шэпчучы пацеры, -- сьпяшаўся прыбіцца да таго берагу, дзе Шашка няма й куды ён не пасьпее дабегчы. Ад дажджу на дне чаўна сабралася шмат вады. Сымонка высыпаў рыбу з чыгунка ў човен і пачаў ім выліваць за борт ваду. Човен, згубіўшы імпэт, закружыў на мейсцы. Зноў хапіўся за вясло, але адчуў: сілы ягоныя слабеюць. Раптам па гарбох валуноў пракаціўся такі віхор, што вырваў з рук Сымонкі вясло й шчэпкай пакаціў яго па вадзе. Цяпер Сымонка быў зусім бязрадны: човен закружыўся на мейсцы, робячы крэн то на правы, то на левы борт. Азірнуўся: усюды бушавала вадзяная стыхія; па зыбкай паверхні яе сьвісьцеў дзікі вецер... Час ад часу паветра і, здавалася, зямлю патрасаў пярун, і тады ў галаве хлапца варушыліся змрочна-безнадзейныя думкі... Заплюшчыў вочы, каб нічога ня бачыць; заткнуў пальцамі вушы, каб і ня чуць; лёг ніцма на дно чаўна й бязупынку паўтараў: «... Прасьвятая Багародзіца... выратуй і пазбаў ад сьмерці...» Па целу разьлілася нейкая млявасьць, стома... І ён пачаў драмаць. І зьявіўся Шашок: кружыўся перад ім, крыўляўся, пагражаў, замахваўся, але наблізіцца высьцерагаўся. «Нічога, Шашок, ты мне ня зробіш! Калі ты мяне тут утопіш, будуць на цябе ўсе паказваць пальцам, як на забойцу... А мяне выцягнуць тваім-жа невадам... А потым? Потым будзе тое, што бывае з усімі...»

Гарэлі кругом сьвечы -- шмат сьвечаў! Суворыя твары сьвятых глядзелі на Сымонку з усіх бакоў. Дзяк чытаў псалмы. І тут-жа стаяў дзед Габрусь, зь сьвечкай таксама. Твар ягоны быў падобны на твары сьвятых. Раптам адчыніліся царскія вароты. Цераз іх хоча прашмыгнуць да «сьвятая-сьвятых» Шашок. «Вось ён! Вось!» -- крычыць Сымонка. Габрусь із сьвечкай заступае яму дарогу... Усьлед за тым загудзелі басы й тэнары й царква напоўнілася цудоўным сьпевам. Плаўна паплыло ў паветры: «Сьмерцью сьмерць папраў...»

Човен стукнуўся носам у бераг. Сымонка ўздрыгнуў і адплюшчыў вочы: перад ім стаяў Шашок...

Дажджу ўжо ня было. Зыркія промні сонца блішчэлі на вадзе. Усюды сьпявалі птушкі. «Як-жа гэта так?! Хіба дзед Габрусь усё-ткі ўпусьціў Шашка?» -- падумаў Сымонка ўсё яшчэ пад уплывам сну. І ў гэты час пачуў голас жывога Шашка.

-- Ну, што? Уцёк?! А ну, вылазь, шчанё!

Сымонка сабраў рыбу ў чыгунок, узяў свае вуды й пакорліва падняўся з чаўна; ішоў і азіраўся, выбіраючы мамэнт, каб як-небудзь прашмыгнуць паміж Шашковых рук. Але той схапіў яго за каршэнь і з такой сілай тузануў, што хлопец кулём падкаціўся яму пад ногі. Рыба пасыпалася з чыгунка ўва ўсе бакі.