-- Рыбкі хоча галота?! Я пакажу табе рыбку!..
Прыціснуў хлапца нагой і пачаў выламваць з куста прут. Сымонка глядзеў на яго скоса, гатовы ў любую мінуту да рашучай абароны. Шашок ужо замахнуўся на яго прутом, але ў гэты час прагучэў спакойны, але ўладны голас дзеда Габруся:
-- Стой! Гэта табе ня пройдзе!..
Шашок азірнуўся.
-- І ты тут?
-- І я тут! Прымі нагу з хлапца!
Шашок падпарадкаваўся.
-- Ці не адкусіў ён кавалак твайго чаўна з галадухі? -- гіранічна прамовіў дзед. Выставіў наперад грудзі й паскроб бараду. -- Сьвет жыве хрыстовай праўдай, якой-жа праўдай жывеш ты?! -- і потым да Сымона: -- Устань, хлопча! Хай толькі паспрабуе крануць цябе калі-небудзь хоць пальцам...
Возера ляжала ціхім і гладкім. Толькі час ад часу чуўся слабы вецярок -- водгук мінулай навальніцы. І тады вадзяная гладзь пакрывалася то срэбнай, то залатой луской... І маркотна шумелі над возерам векавыя хвоі...
Менск 1930
Нью-Ёрк 1965
Ападкі
Хто ведае, можа, гэта ўжо і ўсё, казаў той, кропка! Перакінемся яшчэ раз у нашы родныя мясьціны, дзе кружылі мы ў жыцьці сьцежкамі-дарожкамі, ня раз спатыкаючы й злыдзень, і галечу, і незаслужаную крыўду-зьдзек, але ніколі не пазбываліся чараў нашай Маці-Бацькаўшчыны...
Народ наш з пагардай адварочваецца ад тых, хто выракаецца гэтых чараў -- сваёй мовы, культуры, традыцыяў і звычаяў, ахрысьціўшы гэтых вобаратняў мянушкай ападкі. І яшчэ тады, калі ўсё наша апрычонае, не падобнае ні на расейскае, ні на польскае, каралася законам і вынішчалася, зьявіліся волаты нашага новага паўстаньня зь мёртвых -- Праньціш Багушэвіч, Кастусь Каліноўскі, Максім Багдановіч, Янка Купала, Якуб Колас, Лёсік, Смоліч, Ластоўскі, Ігнатоўскі й сотні іншых. Беларускі народ нясе іхныя імёны на сваіх шчытох і па-сёньня, не зважаючы на тэрор і паняверку...
Ападкі! Як трапна гэта сказана народам! Як ападкі, з чырваточынай у сярэдзіне, апаўшыя зь яблыні, згніваюць бясьсьледна пад ёй, гэтак і яны зьнікаюць бясьсьледна з памяці свайго народу, стаўшы служкамі чужынцаў у сваёй уласнай хаце й згодныя на ўсялякае плюгаўства, усхваляючы ўсё чужое! Адвернемся-ж з пагардай і мы ад іх!
У абсягу Меншчыны ёсьць нямала малых і вялікіх катлавінаў. Адна зь іх прасьціраецца імшарамі й багнамі на дзясяткі кілёмэтраў на захад ад Менску. Пачынаецца яна ад Ждановічаў і цягнецца некуды аж пад Радашковічы -- у кірунку заходнім, і ад Ратамкі да Астрашыцкага Гарадка -- у кірунку паўночна-ўсходнім. На гэтай катлавіне і ўтворана цяпер «Беларускае мора». Але ў тыя часы тут можна было добра адпачыць з вудай або стрэльбай, хто ведаў куткі й закуткі сярод гэтых непралазных багнаў. На адным досыць прасторным грудку, можа, так гэктараў пад пяцьдзесят, сярод гэтых багнаў і лясоў стаяла некалькі хатак засьценку Дразды. Некалі гэта была адна сям’я. Але сучасныя ягоныя жыхары мелі ўжо навет і розныя прозьвішчы. Адна з хатак належала Ўладыславу Ягеле, якога ў сувязі са зьбегам імя гэтага беларуса з польскім каралём Ягелам, дражнілі: кароль Ягела. Быў ён высокі, хударлявы, жылісты, з вострым арліным зрокам і рабіў уражаньне моцнага чалавека. І жыў ён тут, сапраўды, як той кароль: лясы, воды і ўсё тое, што ў іх ёсьць, як рыба, дзічына, ягады, грыбы й арэхі, належала яму. Чаго яшчэ трэба чалавеку? У семдзесят год, калі я яго знаў, ён бегаў, як юнак, ня ведаў ніякіх хваробаў, спаў як забіты, ніколі ня бачыў я яго ўзнэрваваным, за выключэньнем аднаго выпадку, аб якім і будзе гутарка ўперадзе. Хата ягоная, па старому беларускаму звычаю, ніколі не запіралася на замок, і ў яе можна было ўвайсьці, калі яго ня было дома. Гэта было вельмі выгодна для мяне як рыбалова й паляўнічага, і я часьцяком наведваў гэтыя мясьціны.
На гэты раз Уладыслава я застаў на двары. Ён стаяў за рогам свайго гумна й пільна ўглядаўся некуды ўдалеч, бязупынку сморгаючы рукой па сваёй даматканай нагавіцы, што паказвала на надзвычайную ўзьюшанасьць. Паставіўшы свае вуды пад страхой, я падышоў зь ім прывітацца. Не адрываючы зроку ад таго, на што ён глядзеў, Уладыслаў паклікаў мяне рукой бліжэй да сябе.
-- Бачыш? -- сказаў, паказваючы вачыма некуды за гумно. -- Прыехаў! Ага, вунь, бачыш? Новы пан!
На пясчаным ускрайку бору пры маляўнічай ручавіне, выбягаючай аднекуль зь лесу, я ўбачыў домік на колах, памаляваны ў вясёлыя колеры вясны. Каля яго завіхаўся чалавек, і відаць было па апрананьню -- вайсковец, ахвіцэр. Ён то згінаўся над нечым, то выпрастоўваўся, пабліскваючы ў промнях сонца начыста выгаленай і круглай, як качан, галавой.