-- Бачыш, уладкаваўся! -- працягваў Уладыслаў. -- Брацец мой родны. Х-ы!
Я чуў ад Уладыслава ня раз, што ёсьць у яго нейдзе брат малодшы, але сказаць, кім ён ёсьць і дзе прабывае, ад гэтага ён заўсёды ўхіляўся. Я зразумеў: ахвіцэр прыехаў зь перасоўным домікам на дачу ў родныя мясьціны...
-- Чаму-ж ён не пад’ехаў сюды бліжэй? -- спытаў я Ўладыслава. -- Каля вашай сядзібы, бадай, найлепшае мейсца ўва ўсёй гэтай ваколіцы, каб праводзіць прыемна час.
-- Х-ы! Цураецца! Бачыш, цурацца цяпер стаў нашага мужыцкага побыту, як начапіў энеральскія лычкі на мундур... Родная костка чужым мясам абрасла...
-- Адзін ён там, у сваім доміку?
-- Чаго-ж адзін? Жонка, дачушка.
-- Занудзіцца тамака й пад’едзе бліжэй.
-- Нуды ў яго мала! Стрэльбу мае, выжлу добрага... А качак і цецярукоў тут хапае...
Уладыслаў крыху памаўчаў, ня спыняючы пазіраць з-за гумна на домік вясёлых колераў.
-- У яго тамака ўсё ёсьць, у тым доміку: лектрыка, вадзіца студзёная, як лёд, і другая, цёплая, з-пад кранціка цурчыць, у пячурцы пірагі салодкія пякуцца й качкі смажацца... Куды-ж яму цяперака да нас?! Павыбілі паноў, каб самім стаць панамі. Жонка вымашчаная пархумамі, дачушка прыбраная, як цукерка... Запэцкацца аб нас могуць! Ну, і выракся! -- выклікнуў зь нейкім непагамаваным узрушаньнем. -- І сумленьня ў іх, падобных яму, ніякага, хоць ты кол на галаве цяшы! Хы, пад дзюравай сьвіткай у дзяцінстве абодвы спалі: ён да сябе -- у мяне задніца голая, я да сябе -- у яго... А цяпер ён як-бы пан, а я ўсё той-жа мужык, а ці пад панам добра, ці ён свой, ці чужы? Ды яшчэ што?! Цярпець ня можа, як ён кажа, нашай мужыцкай мовы, га?! От тут у мяне гэта сядзіць! -- паказаў на грудзі. -- Кажа: адсталасьць гэта, бо вы адсталыя мужыкі...
-- Я думаю, усё гэта ад ягонай жонкі, -- умяшаўся я.
-- Не, не скажу! Жонка якраз наша, нейдзе з-пад Барысава, гамоніць па-нашаму і ўсё сваё любіць і на яго крычыць: чаму ты, кажа, адбіўся ад сваіх? Любе прыйсьці тут, пагаманіць, парадзіцца, а ён -- не! У першы год, як прыязджаў з гэтым домікам, дык, праўда, пару разоў заходзіў. Месяц тутака стаяць, а ня зойдзе! Ходзе па грыбы ды па ягады або із стрэльбай ці з вудай, а пацікавіцца нашым жыцьцём -- не! Як-жа так! Мы кармілі яго сваім хлебам, як ён вучыўся, і чакалі ад яго, што ён дапаможа нашаму народу наладзіць справядлівае жыцьцё, а ён вось што!? А пад аднэй сьвіткай, бывала, спалі! Я кажу: ападкі гэта! Чарвяк іх точа знутры!..
Гутарка гэта магла-б цягнуцца яшчэ даўжэй, але мне трэба было ісьці да рэчкі, бо вечарына стаяла цудоўная -- ціхая, цёплая; у такія вечарыны добра бярэць язь на гарох з падкормкай на ямах пры перакатах, дзе вада закручваецца й вымывае розны корм з дна рэчкі. Я аблюбаваў ужо некалькі год таму назад такія віры і ведаў, дзе трэба сесьці, куды й на якой тоні закідаць.
За вечарыну мне й праўда пашанцавала падчапіць пару ладных язёў, і я пакінуў затоку толькі тады, калі стала ўжо шарэць і паплаўка нельга было разгледзець. Дый камары сталі дапякаць страшэнна. Уладыслаў загадаў спаць ісьці на сенавал, дзе камароў няма й ня так душна. Раніца выдалася цудоўная -- ціхая й цёплая, як і ўчарашняя вечарына. З самага пачатку мне пашанцавала падчапіць яшчэ пару добрых рыбін. Астатні язь так доўга і ўпарта не даваўся, што я пратузаўся зь ім з паўгадзіны. Толькі наважыў перайсьці на другую, аблюбаваную мною, яміну, дзе ўчора добра сыпануў прынады, як убачыў паміж кустоў постаць у зялёным вайсковым убраньні. Гэта быў брацец Уладыслава. Намацваючы больш бясьпечную мясьціну, каб не заваліцца па пахі ў багну, ён сунуўся ў маім напрамку. У рукох трымаў вуды, сачок і невялікі сундучок із снасьцямі. Нёс таксама складаны зэдлік, каб ямчэй было сядзець каля рэчкі.
Я ветліва прывітаўся зь ім, але «энерал» не зьвярнуў увагі на маё прывітаньне, быццам нічога й ня чуў.
-- Хто вам дазволіў лавіць тут рыбу? -- раптам зьвярнуўся да мяне.
Закон я добра ведаў: ува ўсіх рэчках і вазёрах на Беларусі, за вылучэньнем спэцыяльных рыбнасаўгасаўскіх, было вольна лавіць рыбу вудачкай, і гэта пытаньне, ды яшчэ такім тонам, не магло мяне не абурыць. Тым ня менш, я ветліва, але праўда не бяз гіроніі, спытаў, у сваю чаргу:
-- Хіба трэба пытаць у каго гэтага дазволу? Гэнерал, здаецца, мыліцца, калі ўважае, што гэта так!?
Гэнерал аж выпусьціў з рук вудачкі -- пэўна-ж, прызвычаіўся «повелевать», а тут гэтакае... Мундур ягоны ў гэты час як-бы няўзнак расхінуўся, і я ўбачыў пад ім футурал ад браўнінга. Зразумела, мне напляваць на ягоны браўнінг -- страляць мяне ён тут ня будзе, -- але я, усё-ж наважыў не задзірацца зь ім. Гэнерал, пэўна, падумаў, што я спалохаўся і яшчэ больш строга прамовіў: