Выбрать главу

-- Перш-наперш, уважайце, зь кім маеце гутарку. Па-другое, зьвяртайцеся да мяне на агульназразумелай мове, а не на нейкім вузкаадсталым дыялекце, перапоўненым аджылымі архаізмамі, за якія ў наш час могуць скіраваць туды, дзе Макар цялят ня пас...

Тут ужо я ня мог паўстрымацца.

-- Менавіта вы якраз і ёсьць гэты аджылы архаізм, дарма што носіце савецкую хворму. Вы ведаеца, як вас тут клічуць, -- ападак! Гэта, па-першае! Па-другое, вы мыліцеся, што да мовы. Не дыялект і не архаізмы, з вашага вялікадзяржаўніцкага пункту гледжаньня, а беларуская мова, на якой гавораць мільёны людзей, і больш старэйшая, чым ваша «обэепонятная»... І, па меншай меры, ня шчыра цьвердзіць, што вы не разумееце яе, -- вы-ж беларус усё-ткі й гэтую мову ўсмакталі ў сябе з матчыным малаком!.

-- Ну, добра, добра, сьціхніце! Я ўчора тут падсыпаў гароху, а вы мне паспасавалі ўвесь лоў!

-- Вы толькі ўчора, а я тут бываю ўжо на працягу дзесяці год.

-- Я тут вырас! Я ведаю тут кожную ямінку! -- крыкнуў гэнерал.

-- Ага, прызналіся ўсё-ткі -- беларус!?

-- Я не дазваляю вам зь мяне кпіць!

-- Вы самі зь сябе кпіце.

Тлустая шыя гэнерала налілася крывёй.

-- Я вас арыштоўваю: вы знаходзіцеся ў пагранічнай зоне бяз візы...

Гэта было крыху нечакана для мяне. Каб не дражніць больш гэнерала, які, сапраўды, мог зрабіць для мяне вялікую прыкрасьць, я зьвязаў свае вуды. Выбраліся з багнаў і накіраваліся ня куды-небудзь, а да хаты Ўладыслава.

-- Адчыні сваю стопку, трэба замкнуць гэтага чалавека, пакуль прыедзе пагранічная ахова...

Уладыслаў аж затросься ад сьмеху.

-- Гэта твая ваенная перамога? Ото-ж ужо ад вялікага розуму з глузду зьехаў! Ты во які карак маеш, а ў гэтага чалавека таксама дзеці. І чакаюць яны: татка рыбы прынясе. На карткі ня дужа разгонішся! -- І потым да мяне: -- Ідзі, чалавеча, у хату, адпачні, брацец з глузду, пэўна, зьехаў...

Ці вывеліся на Бацькаўшчыне падобныя людзі, ці яны, гэтыя ападкі, і надалей аплёўваюць усё сваё...

Нью-Ёрк, 1956

«Янка сеяў -- людзі жалі»

Ніколі й нідзе ня трацілася столькі чалавечай энэргіі на доказ вольнасьці, роўнасьці, сацыяльнага дабрабыту і іншых атрыбутаў наземнага раю, як у «сацыялістычнай бацькаўшчыне». І ніколі й нідзе ня было столькі супярэчнасьцяў між словамі й справамі, як менавіта там.       Вось урачыстасьці кастрычніцкай рэвалюцыі, якія, як ведама, прыпадаюць на сёмага лістапада. Да гэтага дня рыхтуюцца тысячы розных брашураў, артыкулаў, выступленьняў, успамінаў, апісаньняў... Усе друкарні ўва ўсіх рэспубліках мабілізаваныя надрукаваць іх ва ўдарным парадку ў мільённых тыражох і разаслаць праз адпаведныя ворганы і арганізацыі, гэта значыць -- праз абкомы, райкомы й селькомы ў самыя далёкія куточкі. Апрача таго, пачынаючы з шостага лістапада і навет раней, пэрыядычныя выданьні запоўнены прыгатаваньнямі да надыходзячых урачыстасьцяў. Чыноўнікі партыйнага апарату: райкомаў, абкомаў, ЦК КП(б) саюзных рэспублік і самога ЎКП(б) разьмеркаваныя й разьязджаюцца па хвабрыках, заводах, шахтах, сёлах, вёсках і аўвулах. І дзень і ноч грымяць радыёрупары літаральна з усіх раздарожжаў аб адным і тым-жа. Партрэты, сьцягі, лёзунгі, транспаранты, ілюмінацыі -- усё ў чырвоным колеры -- і ўсё гэта мусіць сьведчыць аб дасягненьнях, аб волі, аб шчасьці пад савецкай зоркай...

I

Кузьма Вальтэр атрымаў пяць год Калымы за дурноты. У палітыцы ён мала кеміў і наагул быў чалавекам пасыўным, але сярод студэнтаў вылучаўся здольнасьцямі. Гэтым апошнім крыху злоўжываў, што ўласьціва амаль усім або шмат каму зь юнакоў. І калі на сцэну ў дзень кастрычніцкіх урачыстасьцяў зьяўляўся той ці іншы прамоўца із сваім неадменным «падвядзеньнем вынікаў», ён знаходзіў для яго вельмі трапную характарыстыку. Гэта сьмяшыла сяброў, што сядзелі побач, і на іх нехта нябачны зьвярнуў увагу. Затым, ужо на банкеце, якім заўсёды канчаюцца падобныя ўрачыстасьці, была зроблена й другая неасьцярожнасьць. А тут якраз і трэба найбольш высьцерагацца, бо НКУС, бясспрэчна, ведае прыказку: «Што ў цьвярозага ў галаве, тое ў п’янага на языку»...

Сядзелі хэўрай за сталом, налівалі ў шклянкі «нарзан» (ад слова «нарэзаўся», значыць, напіўся), расказвалі адзін аднаму розныя гісторыі, жартавалі, сьмяяліся... Кузьма быў у цэнтры ўвагі. Часам да іх падыходзіў хто-колечы зь кіруючых, напрыклад, парторг, заўвуч або й зусім хто-небудзь зь незнаёмых, але важных асобаў, і таксама падымаў напоўненую шклянку.