-- Ну, сябры, вып’ем! Чаго-ж, на тое й сьвята, каб усім было весела!
Стукаліся шклянкамі, праліваючы вадкасьць на па-сьвяточнаму прыбраны стол, і выпівалі. Кузьма раптам заўважыў:
-- Ну, вып’ем! Хроніка зазначае: расеец выпіць ня дурань! От на што-небудзь іншае дык глузду часам не хапае...
-- Ну, Кузьма, гэта ты ўжо беспадстаўна... Былі-б у мяне такія здольнасьці!
-- А хто сказаў, што я расеец?
-- Ну, калі не расеец, дык «малодшы брат».
-- Зусім -- не! Чуеш, як гучыць маё прозьвішча? Можа быць, крыху немец, крыху ангелец, прасьцей кажучы, -- цэлы інтэрнацыянал ува мне адным...
-- Што-ж, гэта нядрэнна, ува ўсякім разе «на даным этапе»...
Кузьма працягваў:
-- Апрача таго, калі-б і расеец, дык гэта зусім не пярэчыць таму, што я сказаў, бо вось ужо год, як пішу дысэртацыю па дыямату й ніяк не магу скончыць!
Усе весела засьмяяліся.
-- Так, маючы такую нагрузку, як ты? Ты-ж прыходзіш на лекцыі толькі паспаць!
-- А якога чорта там рабіць? Выйдзе вось гэтакі кагуцік і пачынае кукарэкаць аб «адпаведнасьці вытворчых адносін вытворчым сілам...» Трэба разумець: «дыялектыка што дышла, куды павернеш, туды й выйшла...»
Зноў усе гучна засьмяяліся. Але знайшоўся й такі, што папераджальна сказаў:
-- Цішэй, хлопцы! Няпрыстойна-ж усё-ткі гэтак...
Гэта быў аднакурсьнік Кузьмы і ягоны першы сябра Нупрэй Орлік.
-- Што няпрыстойна? Сьмяяцца? Ты, як будучы лекар, мусіш хутка рэцэпты выдаваць на сьмех, бо, зразумей, памірае...
-- А гэта востра ўсё-ж: дыялектыка што дышла... -- заўважыў студэнт Алесь, калі зноў аднавілася цішыня.
-- Ты, Ляксей, чалавек божы, відавочна, п’яны? Дыялектыка -- гэта аснова марксысцкага пазнаньня існуючага! -- раптоўна атакаваў яго Орлік. -- І што тут ёсьць недакладнага?!
-- Нічога! Сёньня пабалаголіць можна! -- умяшаўся Кузьма.
-- І ты таксама, Кузьма, сёньня нешта збэсьціўся...
-- Дыялектыка -- гэта ёсьць спосаб давесьці... -- сур’ёзна загаварыў Алесь.
-- Давесьці, што ты грыб, а не студэнт! -- пасыпалася на яго з усіх бакоў.
-- Хай сабе грыб, але першы, Баравік (такім было ягонае прозьвішча).
-- Ну й баравік! Проста атрутны мухамор, смаршчок!
-- Я навет скажу, што й не смаршчок, а звычайны грыб, неазначанага роду, сьмярдзючы шаплык, як кажуць у нас...
Зноў усе весела засьмяяліся, і гэтым інцыдэнт быў-бы скончаны, каб не ўмяшаўся нехта пабочны.
-- Пра што спрэчкі? -- спытаў.
-- Ды ні пра што! -- быў адказ. -- І наагул, ніякіх спрэчак няма.
-- Дыялектыка што дышла... -- усё-ж захіхікаў Алесь Баравік. -- Не, як сабе хочаце, а гэта прамоўлена...
Адразу-ж усе прыціхлі.
-- А вы ведаеце, грыбы-ж самі сеюцца, -- заўважыў Орлік, шматзначна пераглядаючыся зь сябрамі. -- Таксама, як і дурні...
-- Намёк быў вельмі выразны, і гутарка адразу-ж спынілася. Але моўчкі сядзець было няёмка, і нехта запрапанаваў:
-- Давайце засьпяваем!
-- Не! Гэта наробе шмат шуму, якога ў залі й так, хоць адбаўляй!
Сапраўды, за сталамі амаль нікога ўжо ня было. Хадзілі, курылі, гучна размаўлялі; нейдзе стукалі більярднымі кіямі; нейкая падвыпіўшая дзяўчына гістэрычна рагатала... І ўсё гэта пакрывалася шалёным звонам фартап’яну, на якім нехта прабаваў зайграць: «У Кацюшы выраслі ігрушы, бо ночку ў садзе правяла...», але з-пад п’яных пальцаў высклізала клявіятура. Урэшце яму ўдалося схапіць матыў, і яго адразу-ж падхапілі п’яныя галасы.
-- Вось бачыце? Папросім лепей Кузьму прачытаць што-небудзь, -- запрапанаваў Орлік.
-- Які-небудзь верш!
-- Які там верш! Ён можа нам цэлага Джамбула напамяць выкласьці.
-- Маналёг Раскольнікава -- ён прыхільнік Дастаеўскага.
-- Ён -- прыхільнік Дастаеўскага? -- пачуўся голас таго-ж незнаёмага, які пытаўся толькі што аб спрэчцы, але некуды быў адышоўшы і цяпер зноў стаяў за сьпіной Кузьмы.
-- Шпіцаль! -- адразу-ж прыйшла ў галаву шмат каму адна й тая-ж думка.
-- Мы -- студэнты! Мы мусім ведаць ня толькі тое, што выклікае спачуваньне, але й тое, што ўпакараньне...
Кузьма больш адчуў, чым зразумеў, што акалічнасьці склаліся неяк нядобра. Але яго нешта штурхала, як гэта нярэдка бывае зь ня зусім цьвярозымі людзьмі, зьдзівіць чым-небудзь прысутных. Ён падняўся, каб голас ягоны больш даходзіў да слухачоў, і прадэклямаваў верш Янкі Купалы -- верш, які быў быццам-бы забаронены, але тым ня менш ня сходзіў з вуснаў людзей. У вершы гэтым шмат разоў паўтараліся радкі:
Чытаў Кузьма сапраўды добра й заслугоўваў на пахвалу, але, калі скончыў, наўкола стаяла амаль мёртвая цішыня.