Здавалася-б, усё гэта -- дзяцінныя гульні, на якія ня сьлед зьвяртаць увагі. Толькі пару гадзін таму на ўрачыстай частцы вечара столькі было слоў пра волю, а ўсё-ж і гэтым нехта зацікавіўся. Першым пра гэта даведаўся Орлік. Кузьма яшчэ ляжаў у ложку з кніжкай у рукох (студэнты жылі ў інтэрнаце), калі Орлік падышоў да яго. Быў усхваляваны або, праўдзівей, прыгнебены. Аблакаціўся на ложак супроць Кузьмы, і вочы іхныя спаткаліся. Кузьма адразу-ж зразумеў: нешта здарылася. Запытаў сьцішаным голасам:
-- Хворы ці што -- з перапою?
-- Так, хворы! І вельмі дужа хворы... -- скрывіўся. -- Але як мне сказаць табе пра гэта?
-- Што за выбрыкі?! Язык у цябе прысох?
-- Здаецца, на цябе зрабілі данос. Але ведай: я пра гэта з табой ніякай гутаркі ня меў, -- памаўчаў. -- У мяне й без таго клопатаў хапае...
-- А што здарылася?
-- З бацькамі нядобра.
-- А што зь імі ёсьць: раскулачаныя, сасланыя?
-- Пакуль -- не! Але вось прычапіліся, што некалі мелі малатарню, пазычалі суседзям, значыць, -- эксплуататары, жылі з чужой працы...
-- Тутака няма лёгікі. Кожны што-небудзь пазычае ў суседа.
-- Ты шукаеш лёгікі? А якая лёгіка ў тым, што цяпер вынішчаюць пад корань усю нашу інтэлігенцыю? Рэвалюцыя-ж была за вызваленьне ўсіх народаў з-пад ярма расейскага шавінізму й за вольнае станаўленьне гэтых народаў у сваіх межах. Макіявэлеўшчына! -- Орлік прыкра ўхмыльнуўся. -- Але я ня з гэтай прычыны пачаў з табой гаворку: хочу папярэдзіць -- сьцеражыся!
-- Пра які данос ты пляцеш?
-- Я-ж сказаў: на цябе ёсьць данос!..
-- На мяне?
-- Так, на цябе! За ўчарашняе, я так думаю.
-- А што ўчора здарылася? -- задумаўся. -- Ах, гэта? Які можа быць данос, калі я зусім сумленны! Ды пры тым яшчэ -- нашчадак пралятараў!
-- Ну, як хочаш!
-- Але адкуль у цябе гэтакія весткі?
-- Бачыў, як Баравік празьмерна пасьпешна выскачыў із спэцаддзелу.
-- На падставе гэтага ты мяркуеш, што на мяне данос? Але-ж ён ходзе туды штодня, бо яму даручана рэгістрацыя вайскоўцаў. Якая дурнота! І пра што на мяне могуць даносіць, калі я чысты, як крышталь?!
-- Ну, не скажы, і на крышталю могуць знайсьці лішаі, калі гэта патрэбна.
-- Але-ж у цябе няма ніякіх ня толькі доказаў, але й пасьлядоўнасьці?
-- Бачыш, Баравік тут раззваніў пра ўчарашняе па ўсяму ўнівэрсітэту, і стварылася ўражаньне...
-- Учора я ня быў п’яны й дасканала памятаю ня толькі кожнае маё слова, але й гэст, зь якім яно было выказана. Тое, што пакпіў з прафэсара па дыямату? Але-ж ён -- мішэнь для кпінаў ва ўнівэрсітэце!
Гэтая гутарка адбылася, як было ўжо зазначана, раніцой наступнага дня пасьля ўрачыстасьцяў; а гадзіне чацьвертай нечакана зьявіўся загадчык спэцаддзелу таварыш Падкаблук. Прайшоў разы два па галі, кінуў позіркам на ложак Кузьмы. Хаця той, здавалася, і ня прыняў блізка да сэрца паведамленьне сябра Орліка, усё-ж гэта яго крыху занепакоіла. На працягу цэлага дня нікуды ня выходзіў, за вылучэньнем у сталоўку праглынуць сьняданьне. Як толькі вярнуўся, зноў разабраўся і лёг на ложак. Узяў у рукі кніжку, але чытаньне ў галаву ня йшло. «Дзіўна -- данос!? Які можа быць данос на мяне? Хіба ня ведама, хто я? І што мог раззваніць гэты ішак, Алесь Баравік? Дыялектыка што... Але-ж гэта жарт! Хіба ён гэтак страшны? Верш Янкі Купалы! Добры верш, прачулы, лірычны. Людзі пяюць яго. Пабольш-бы гэтакіх вершаў! Дурнота нейкая з гэтым даносам... Не, Орлік проста здэнэрваваны сваімі асабістымі справамі -- няпрыемнай сытуацыяй з бацькамі -- і свой настрой хоча перадаць іншым...» Адклаў убок кніжку й задумаўся. Хай сабе даносяць! Ягонае сумленьне чыстае, і ён спакойны. Зноў пачаў чытаць, але радкі, быццам жывыя, рухаліся й рассыпаліся перад вачыма. «Гэта пройдзе, трэба толькі прагуляцца, дыхнуць сьвежым паветрам». Апрануўся й выйшаў на калідор. Насустрач яму ішоў таварыш Падкаблук, быццам спэцыяльна нейдзе тут яго чакаў.
-- Вось і добра! -- падумаў, адчуваючы ўсё-ж трывогу ў сэрцы. -- Можна будзе зь ім адразу-ж гэную справу й высьветліць...
Але Падкаблук, не дайшоўшы да дзьвярэй інтэрната, сам паклікаў да сябе студэнта пальцам.
-- Зайдзіце, калі ласка, да мяне на хвілінку, -- прашаптаў, як-бы баючыся, каб хто не пачуў. -- Ведаеце куды? У спэцаддзел, пакой нумар дзевяць...
Кузьма заглянуў яму ў вочы і ўбачыў у іх нешта хітрае, лісьлівае і, разам з тым, пагрозьліва-падступнае. «Якія брыдкія вочы, -- падумаў, -- жоўтыя, як у д’ябла!» Але запытаў:
-- Калі -- цяперака?
Падкаблук ледзьве не падскочыў.
-- Чаго-ж вы крычыцё? Чаго крычыцё? -- і потым зь незадавальненьнем: -- Зразумела, цяпер! А то калі-ж? -- азірнуўся і зноў зашаптаў, ужо ветліва: -- Перад тым, як увайсьці, пастукайце ў вакенца, вось гэтак во! -- і пальцам пастукаў у сьцяну, паказваючы, як трэба. -- Пашпарт маеце із сабой? Добра! Не забудзьце пашпарт!