Павярнуўся й пайшоў у той бок, адкуль зьявіўся.
Кузьма адчуваў, як пачынае разьбіраць яго хваляваньне. «Дзіўна!» -- парушыў плячамі. Вярнуўся ў залю, выняў з сундучка пашпарт, паклаў яго ў кішэню і ўзьняўся нагару. Але пакою нумар дзевяць нідзе ня было -- усё ішлі соткі. Ён успомніў: нумары для большай зручнасьці ідуць ад сотак. Падышоў да нумару 209. Праўда, у дзьверы было ўробленае невялічкае вакенца, такое невялічкае, каб толькі можна было празь яго зазірнуць на калідор з пакою. Пастукаў, як вучыў Падкаблук. Вакенца адчынілася, нібы аўтаматычна, і паказаўся твар заўспэцаддзелу. Быў як-бы заклапочаны, павекі падміргвалі.
-- Ага! Вы? Заходзьце!
Хранцузскі замок на дзьвярах мякка пстрыкнуў, і дзьверы бяз шуму адчыніліся. Як толькі Кузьма пераступіў парог, зараз-жа зачыніліся.
-- Ну, вось і новы кліент. Сядайце!
Кузьма азірнуўся. Ён і ў думках ня меў, што пры ўнівэрсытэце можа быць установа, нагэтулькі засакрэчаная. Дзьверы, сьцены, столь, навет рамы вакон, усюды, дзе мог пранікаць гук, былі абкладзеныя нечым мяккім -- коркам або ватай, або тым і другім. Зьверху абабітыя цыратай. Падлога засланая мяккім і грубым дываном. Але мэблі было параўнаўча мала: тры-чатыры крэслы, апрача двух фатэляў, канапа і ў кутку пакою агнятрывалая шафа. На сьценах віселі колькі партрэтаў: Ленін, Сталін, Дзяржынскі і Яжоў...
Падкаблук узяўся за адзін з трох, стаячых на стале, тэлефонаў. Потым перадумаў, паклаў слухаўку на мейсца й зьвярнуўся да Кузьмы:
-- Ну, што, пакукуем?
Студэнт зачырванеўся.
-- Пашпарт пры вас?
Кузьма перадаў пашпарт.
-- Уперад мушу вас папярэдзіць: сам факт, што вас сюды паклікалі, а таксама тое, аб чым з вамі тут размаўлялі, мусіць застацца таямніцай. Зразумела?
-- Зразумела.
-- Калі-ж бы выявілася, што вы свайго слова ня стрымалі, будзеце адказваць, як за разгалошваньне дзяржаўнай таямніцы...
Потым Падкаблук пачаў дапытваць Кузьму пра ягонае асабістае жыцьцё: дзе праводзіць час, зь кім спатыкаецца, якія вядзе гутаркі. Кузьма адказваў, што, апрача навукі, ён мае васьмігадзінную нагрузку ў школе, для гульні часу ня мае, і таму знаёмствы ягоныя абмяжоўваюцца студэнтцкім і настаўніцкім асяроддзем.
-- А вы не знаёмы з палкоўнікам Міхалам Дуброўскім?
Кузьма зразумеў, што прозьвішча выдуманае, і спакойна адказаў:
-- Ведаю аднаго Дуброўскага, сакратара райкому, а ці палкоўнік ён, ці не, ня ведаю...
Падкаблук на момант як-бы зьмяшаўся.
-- Ага, так?! А вось вытлумачце, як вы ўчора правялі вечар кастрычніцкіх сьвятаў: ці ня здарылася з вамі чаго-небудзь асаблівага, ці не спаткаліся вы зь кім-небудзь такім... ну?
Кузьма перадаў усё пра вечар, як і было, бо дагадаўся, што Падкаблук дастаткова паінфармаваны.
-- Гэтак нядобра! Вось-жа вы там кідаеце розныя туманныя тырады... І гэты верш, як ён там: «зязюлька кукавала» ці што?
-- Янка Купала -- народны паэта, узнагароджаны ордэнам...
-- Так, усё гэта правідлова. Але бывае ўсялякае й зь вельмі вялікімі людзьмі, што-ж казаць пра народных паэтаў?
-- У вершы гэтым няма нічога, што магло здавацца супярэчлівым...
-- Вы так перакананы? Гэта даволі дзіўна, прымаючы пад увагу ваш век. Я, напрыклад, знаходжу ў ім і вельмі шмат, як вы кажаце, супярэчлівага... -- Ён узяў нейкі лісьцік паперы й пачаў: -- Па-першае, высьмейваньне калгаснага будаўніцтва -- адчыненае, нахабнае... Вось нейкі Янка сеяў, а прыйшлі людзі й зжалі! Хіба гэта не намёк на беднату й не абарона кулака? Па-другое, у той час, як Янка сеяў, зязюлька кукавала. Якая яна, гэтая птушка?! А птушка яна такая, што не клапоціцца аб сваім дабрабыце -- ня робіць сабе гнязда, а забіраецца ў чужыя... Хіба тут, у гэтай бяздомнай птушцы, не відавочны намёк на пралятарскую клясу, вясковую беднату й ліквідацыю прыватнай уласнасьці на аднэй шостай зямной кулі? Не працуюць, ня дбаюць, а як Янка пасее, сажнуць! Так, Янка Купала народны паэта, адзначаны ордэнам, пакінем яго ўбаку, хай жыве сабе на здароўе, пакуль што... Але чытаць такія вершы публічна!? Адно толькі аблягчаючае віну ёсьць ува ўсім гэтым -- гэта тое, што вы нічога не схавалі, паведамілі пра ўсё, як яно было... Калі вы захочаце пакапацца ў сваёй памяці і ўспомніць тое, што зь вечарам ня зьвязана, але мае для нас вялікае значэньне, дык вам гэта дапаможа знайсьці правідловы шлях у будучыні...
Як гэта ня дзіўна, Кузьма зарагатаў -- зарагатаў ад усіх гэтых бязглуздых інтэнцыяў і выдумак. Падкаблук зірнуў на яго ўніклівым позіркам. Але тут быў усё-ж унівэрсітэт, і ён нічога лепшага не знайшоў, як толькі змаўчаць. Узяў слухаўку тэлефону, прыклаў да вуха. Ціха й доўга размаўляў зь некім. Потым, таксама ціха, зьвярнуўся да Кузьмы: