Выбрать главу

-- Вельмі шкадую, але абавязаны параіць вам безадкладна зьявіцца ў вадну паважаную ўстанову на Савецкай. Вы, зразумела, дагадваецеся, у якую? Не палохайцеся, яна страшная толькі для контррэвалюцыянэраў, шпіёнаў і дывэрсантаў. Людзей-жа сумленных яна бярэць пад сваю апеку і ахову...

І ён пачаў тлумачыць, як патрапіць у гэтую ўстанову, куды для гэтага патэлефанаваць і да каго зьявіцца.

III

Кузьма, не заходзячы ў інтэрнат, выйшаў з будынку ўнівэрсітэту. Ідучы, ён ня стаў разьбірацца ў тых супярэчнасьцях, якія хаваліся ў вапошняй заўвазе Падкаблука адносна «паважанай установы». Ён спадзяваўся: там разьбяруцца. Страшная для контррэвалюцыянэраў, дывэрсантаў і шпіёнаў. Ён-жа не дывэрсант, ня шпіён і не контррэвалюцыянэр! Яму ня можа пагражаць нічога благога. Тое, што тутака нагаварыў гэны крэтын, проста плюгаўства, на якое ня сьлед зварачаць увагі.

Увайшоў у пад’езд паважанай установы, знайшоў тэлефонную будку, набраў паданы Падкаблуком нумар. Яму нехта адказаў: -- Трэба чакаць, паклічуць. -- Добра! Калі не сьпяшаюцца, значыць, няма ніякай і небясьпекі! Проста разьдзьмуханы пажар! Не сьпяшаюцца!? Ён прайшоў па прыймовай залі. Агледзеў сьцены з партрэтамі й лёзунгамі. Прачытаў на адным: «ЧК -- ДПУ -- НКУС -- вартаўнік рэвалюцыйнай законнасьці». Што тут страшнога? Наадварот, вельмі добра! Якое жыцьцё без законнасьці? Выглянуў праз акно, застаўленае кратамі. На дварэ ціха, як у магіле,-- нідзе ніякіх жахаў. І чыста, культурна. Як відаць, і праўда, больш выдумак пра гэту ўстанову. Злыя языкі, таму што сьцірае з твару зямлі дывэрсантаў, шпіёнаў, контррэвалюцыянэраў. Для іх можа быць страшная! Засьвістаў нейкі матыў, як свой чалавек у гэтай ўстанове, і сеў на адну з лавак, што стаялі каля сьцяны й на якіх ужо сядзелі, галоўным чынам, чамусьці жанчыны. Якраз у гэты час вакенца адчынілася, і яго паклікалі па імю й прозьвішчу.

Як толькі ён зайшоў за дзьверы, зь ім цацкацца ня сталі: скамандавалі падняць рукі ўгару й абшукалі кішэні. Потым прымусілі распрануцца, як маці радзіла. Заглянулі ў рот, у вушы, ва ўсе дзюркі й шчэлкі. Круцілі налева, направа, нешта сьпісвалі; глядзелі ў твар і ў вочы; зьмералі й зважылі; ашчупвалі кожны рубец і кожны гузік у вопратцы. Урэшце загадалі апрануцца. Ну, цяпер, мабыць, адпусьцяць!? Але яго павялі ў нейкі калідор і загадалі чакаць, пакуль зноў не паклічуць. Стаяла адна-адзіная лаўка, і ён сеў. Гумар ягоны адразу-ж зьнік. Абразьліва было ўспамінаць, як яго абшуквалі. Што-ж, выходзіць -- арыштант? Хацелася то плакаць, то крычаць, то ірваць на сабе валасы, то стукацца галавой аб сьценку. Чакаў выкліку, і тады будзе пратэставаць. Але ніхто ня прыходзіў і ня клікаў: на калідоры было ціха, пуста, толькі час ад часу, нейдзе далёка, мабыць, у «амэрыканцы», аб існаваньні якой ён чуў, нейдзе там ляскалі нейкія зялезныя запоры. Цяпер інтарэсы навукі, працы, адпачынку, сну й усяго іншага, чым жыве нармальны чалавек, адсунуліся на задні плян. Ламаў пальцы. Раптам яму стала зімна. Здавалася, на дварэ студзёны дождж із сьнегам, у той час як стаяла цудоўнае надвор’е.

Ён сядзеў ужо гадзіну, потым другую, трэцюю... Забалела сьпіна, і думкі лезьлі ў галаву самыя змрочныя. Ён навет падумаў, ці не ўцячы яму адгэтуль? І хай тады вырашае сам лёс, што зь ім будзе. Ён паспрабаваў адчыніць дзьверы, якія, на ягоную думку, маглі выходзіць на вуліцу або куды-небудзь на задворак. Але за дзьвярыма быў нейкі катух, у якім стаялі насілкі, а на іх ляжалі вымачаныя крывёй анучы, два раменныя бізуны, цьвікі, малаток, а збоку стаяла вядро з вадой... Не пасьпеў ён зачыніць з агідай дзьвярэй, як з пакою насупраць нехта выйшаў і спыніўся ў яго за сьпіной. Кузьма так спалохаўся, што баяўся варухнуцца і азірнуцца. Але той, хто стаяў за сьпіной, сказаў:

-- Прыбіральня ня тут.

-- Я ня маю патрэбы, -- мэханічна адказаў Кузьма.

-- Ну, то пойдзем!

Пакой, у які яго ўвялі, быў невялікі, але ён злучаўся з двума іншымі -- налева й направа. Дзьверы ў іх былі адчыненыя. Каля адных зь іх, паставіўшы крэсла проста на праходзе, сядзеў зь вінтоўкай баец. Кузьма зразумеў, што цяпер яму адсюль ужо ня выйсьці, і ён мэханічна спыніўся на парозе. У другім пакоі, за вялікім сталом, заваленым паперамі, стаяў чалавек у вайсковай хворме з малінавымі пятліцамі на мундуры. Твару ягонага ня было відаць, бо ён глядзеў у паперы.

Сонца ўжо вісела на кончыку дугі, па якой ходзіць ад усходу да заходу. Крывавыя промні, ахварбаваўшы неба, нацэліліся ў вокны. І ўсё ў гэтым пакоі: і людзі, і рэчы -- здаваліся чырвонымі, быццам залітымі крывёй. Кузьма стаяў і чамусьці доўга глядзеў на кончык багнету, добра адточаны й таксама заліты сонцам. І яму здавалася, што й з багнету таксама сочыцца кроў...