Выбрать главу

Прайшлі хвіліны. Вераб’і, адзін па адным, занялі сваё мейсца. Шчасьлівыя яны! Ім вось можна адлятаць і зноў прылятаць. Сярод іх няма «ворагаў народу» і шпіцаляў. Усе роўныя і ўсе вольныя! У гэты час за сьцяной пракацілася аўта. Кінуўшы думаць пра вераб’ёў, Кузьма стаў прыслухоўвацца: спыніцца яно тут ці ня спыніцца? Калі спыніцца, значыць, прывезьлі, як штодня ў гэтую пару, новых нешчасьліўцаў... Але шум аўта быў заглушаны грукатам далёкага цягніка. Цік-так-так! Цік-так-так! Гу-гу! Давай дарогу! Кузьма забыўся пра аўта й пачаў думаць пра цягнікі: вось, можа быць, ідзе цэлы транспарт туды, у тайгу, у немарач, на пагібель... А можа едуць людзі, хто куды хоча. Але ўсё роўна:

Усе чатыры стораны Для цябе адкрыты... Прыляцелі вораны, І кол у магілу ўбіты...

... ягоныя вершы, складзеныя ў ссылцы... Так, калоў над магіламі панаўбівана ня сотні і ня тысячы; калі высекчы пару дзясяткаў гэктараў тайгі на гэтыя калы, дык і таго не хапіла-б адзначыць сьляды сьмерці на аднэй толькі Калыме. Калы й калы! І найбольш -- «малодшых братоў»: беларусаў, украінцаў, калмыкаў, татар зь цёплага Крыму...

Вераб’і чылікалі...

Вясна! Вясна! І добра ўсё-ж, што тут, а ня там, на Калыме, калі навет і кол! Успомніў яблыні каля хаты ў маёвай красе, жоўтыя плямкі дзьмухаўцоў на лонцы, зялёныя талерачкі вадзяных ліліяў з жоўтымі й бела-ружовымі гарлачыкамі на возеры... І ў ягоную змарнелую душу прыйшло зноў тое бадзёрае й надзейнае асьвятленьне, якое яго ня раз наведвала ў хвіліны найглыбшага духовага ўзрушэньня... «Будзе! Будзе!» -- пачуў голас аднекуль з вышынь. І яму захацелася плакаць ад радасьці...

Шум цягніка зьмяніўся гудзеньнем самалёту, які ляцеў нейдзе дужа высака. Кажуць: «Высака лётаюць шчасьліўчыкі...» Яму хоць-бы глянуць адтуль, з вышыняў, а так памрэш за гэтымі тоўстымі сьценамі, нічога ня бачыўшы... І раптам страшэнны выбух! Такі страшэнны, што заскрыгаталі замкі ў дзьвярох муру. Каб гэта адбывалася ня тут, можна было-б падумаць: выбухла вялікая міна! Усьлед за выбухам першым пачулі яшчэ і яшчэ... Вераб’і над вакном заціхлі, вязьні заварушыліся...

-- Што здарылася?

-- А трасца яго ведае -- выбух нейкі...

-- Які тамака выбух -- з гарматаў смаляць...

Праўда, цяпер ужо зусім выразна смалілі з гарматаў...

Трывожным выцьцём глушылі ўсё наўкола сірэны...

-- Практыкаваньні!.. На ворагаў усё шыкуюцца!..

Прайшло з паўгадзіны. Увесь гэты час гарматы стралялі бязупынку, і было чуваць кружэньне самалётаў над местам. Заціснутыя сярод сьценаў, вязьні не маглі нічога зразумець: стаялі, слухалі, адзначаючы кожны гук сваім камэнтарам:

-- Практыкуюцца ў забіваньні людзей...

-- Ня нам судзіць! Мне-б вось цэтлік атрымаць на выйсьце адсюль -- зусім занішто ўскочыў у прысак...

Нехта ў адказ зацягнуў расейскую песьню.

Понапрасну, Ванька, ходишь, Понапрасну ножки бьёшь, Ничего ты не заслужишь, Дураком домой придёшь...

-- Хай-бы сабе й «дураком», абы прыйсьці...

-- Аняго-ж, так табе й адчыняць барджэй дзьверы: калі ласка, гаспадар, мейце ахвоту выйсьці...

-- Я й кажу: згінеш тутака ў гэтых сьценах!

-- Ня мудрона! Вязьніца -- ня курорт! Сала тутака не загадуеш.

-- А вось-жа вытрымліваюць і па некалькі год; бачыш, тамака сядзіць адзін, -- паказалі на Кузьму, -- на Калыме пяцігодку адбарабаніў...

-- Але якім выглядае!

У гэты час -- тупат ног на калідоры, бразганьне зялезных запораў, крык:

-- Выходи! С веэамі выході!

-- Рэвалюцыя? -- прамовіў нехта асьцярожна.

-- Пастраляюць нас каты!

Ляснуў замок...

-- Выходи! С веэамі выході! Не задерживаться!..

Усе пасьпешна сыпануліся ўніз. Каля сходаў стаяў вартавы й кожнага ўзнагароджваў ударам стрэльбай па тыльных частках. Кузьма быў ужо добра дасьведчаны ў гэтых справах і праскочыў у яго за сьпіной. Пры выйсьці на падворак яго нехта схапіў у абдымкі.

-- Кузьма, браток, якое шчасьце бачыць цябе!

Кузьма азірнуўся -- перад ім стаяў Орлік.

-- Жыў? Божанька!?

-- Жыў! Ня верыцца! А як тамака ў месьце?

-- Дрэнь... Тое самае...

-- Даўно цябе сюды? І завошта?

-- Завошта -- ня кажуць. Дагадваюся, з пытаньняў сьледчага, усё па тваёй справе...

Кузьма зморшчыўся: няпрыемна слухаць -- «па тваёй справе...» Але, разам з тым, высьвятлілася, чаму справу патрабавалі на перагляд.