-- Пачакай, тут нейдзе Алесь.
-- Алесь Баравік?
-- Яму сьледчы рэбры паламаў...
-- Значыць, Баравік -- наш?
-- То была мая памылка -- мушу прызнаць! -- І Орлік пачаў клікаць: -- Алесь! Алеська!
З натоўпу выйшаў Баравік. Зьбялелы й змучаны, ён быў не падобны да сябе. Глядзеў на Кузьму й таксама не пазнаваў. Кузьма сьціснуў яго ў сваіх абдымках, адчуваючы, як нейкая цяжкасьць спадала ў яго з сэрца: ён усё журбаваў, што прададзены сябрам... Цяпер Кузьма адчуваў сябе як-бы вінаватым перад Алесем.
Людзей усё яшчэ праганялі цераз «прыклады».
-- Куды нас, куды? -- енчыў спалохана Алесь.
-- Трымайцеся мяне, -- адказваў Кузьма. -- Я ў гэтых справах ужо спэц!
Ад варот пачуўся крык:
-- Станавіцеся па чатыры! Чаго стаіцё як бараны?
-- Аняго, хто-ж? -- працадзіў амаль дзяціным галаском высокі чалавек у вялікіх валёнках, якія ў гэтую сьпякоту выклікалі й сьмех і гора.
Пачалі станавіцца. Усе ўтрох сталі разам. Чацьвертым быў нейкі малады хлапец. Хутка зьявіўся начальнік канвою -- адзін з камандантаў НКУС. Зьяўленьне яго выклікала страх ува ўсіх палітычных. Гэта быў «Нэрон» -- прыземісты, моцны, бескампрамісова-напорысты... Як ні адгароджваецца НКУС усемажлівымі перасьцярогамі, і ў мейсцы і ў вязьніцы ведалі пра Нэрона шмат...
Як толькі ён зьявіўся на падворку вязьніцы, гудзеньне галасоў замянілася шэптам:
-- Нэрон... Нэрон...
Глядзелі на ягоны крыху васпаваты твар з даўгім носам, прыгнутым уніз, як у савы, і зь вялікімі чорнымі, на выкаце, вачмі. Страх у некаторых быў настолькі вялікі, што яны сталі зьбялелымі.
-- Што гэта будзе? Што гэта будзе?
Халодным, бясчулым зрокам Нэрон абводзіў натоўп.
-- Адысьці ад сьцяны! -- крыкнуў. -- Стаць па чатыры! Контра -- асобна, шпана -- асобна!
Да яго падскочыў баец і пачаў нешта гаварыць. Нэрон адхіліў яго рукой. Кузьма добра ведаў, што ў няволі крыміналу лепей, ніж палітычным.
-- Куды я, туды й вы, -- шапнуў сябрам, становячыся да крыміналу.
Калі мужчыны былі ўжо пастаўленыя, і пачалі выводзіць жанчын, Нэрон меў кароткую прамову:
-- Вы, контра, такую вашу й растакую... Я з вамі цацкацца ня буду! Адзін крок убок -- і куля ў патыліцу! Пастраляю, як сабак! Зразумелі? Слухайце далей: хто ліча сябе нявінным (гэта тычыць тых, хто пад сьледствам), -- пяць крокаў наперад! Хто хоча на волю, таксама пяць крокаў наперад!
Орлік і Баравік глядзелі ў вочы Кузьмы. Той пакруціў галавой. Але некалькі людзей аказаліся наіўнымі й выступілі наперад. Гэта былі, галоўным чынам, навічкі із Заходняй Беларусі.
-- Адвядзіце іх у тыл двара! -- загадаў Нэрон байцам.
Павялі. І потым пачуліся некалькі стрэлаў.
Натоўп замёр. Кузьма ціха прамовіў:
-- Вызвалілі...
Калі былі выведзеныя й жанчыны, іх таксама пачалі ставіць па тым-жа прынцыпу: контра -- асобна, шпана -- асобна. Розьніца была толькі ў тым, што ставілі асобна й цяжарных жанчын. Іх было ўсяго некалькі, з новых, узятых згодна загаду «Об із,ятіі подозрітельных ліц» з прычыны вайны.
-- Яшчэ гэтых у тыл двара! -- загадаў Нэрон і дадаў з усьмешкай: -- Усё-ж роўна прыйдзецца ў дарозе «ліквідіровать[[[»
Напасьледак вароты адчыніліся.
Вялікае места гарэла страшэнна, цэлым морам агню, як могуць гарэць у сухую пагоду напалавіну драўляныя гарады. Будынкі, тэлеграфныя слупы, электрычныя праводкі, асфальт, гума, хварба на машынах, дрэвы ў парках -- усё шугала полымем, плавілася й ператваралася ў вугаль і залу. Агонь перакідаўся з будынку на будынак, з вуліцы на вуліцу, мацаючы жоўтымі языкамі тое, што яшчэ не гарэла. Ляцелі ўніз галавешкі. Валіліся цэлыя сьцены. Неба счарнела і, здавалася, абвісла, спаўзло ўніз, закрываючы сонца. Вось па гэтых палаючых, напоўненых жарам і дымам вуліцах, іх пагналі на ўсход -- шпарка, без затрымкі.
Урэшце выйшлі з пажарышча. Бег зьмянілі на крок. Але сілы шмат у каго забракла. Адзін вязень паваліўся. Да яго падскочыў Нэрон.
-- Зь якой калёны?
-- Палітычны! Прыстрэльце мяне...
І зьняволены, сьцяўшы зубы, уткнуўся ў пясок тварам. Нэрон павольна выняў наган, нацэліўся ў галаву й стрэліў. Спакойна паклаў наган на мейсца й паскакаў наперад калёны. Праходзячы міма забітага, зьняволеныя здымалі шапкі.
Алесь усё стагнаў:
-- Куды-ж нас? Куды?..
-- Маўчы! Бачыш?..
Апынуліся за горадам. Крымінальных сьцераглі ня так пільна, як палітычных, і калёна іхная значна парадзела. Гэта яшчэ горш злосьціла канвой супроць палітычных. Нэрон скакаў з канца ў канец калёны, расьцягнутай на кілёмэтр, а мо’ і болей, і час ад часу чулася траскатня аўтаматаў...
Па паўдні сонца прыпякло. Даймала й прага, а да студняў, якія сустракаліся па дарозе, не дапускалі. З учарашняга дня нічога таксама ня елі. Аслабелых зьявілася больш, і аўтаматы страчылі часьцей. Алесь так мучыўся, што жыцьцё для яго згубіла каштоўнасьць. Ён прасіў сяброў: