Ён заплюшчыў вочы й доўга ляжаў так моўчкі.
Бойка цягнулася нядоўга, усяго хвілін дзесяць, пятнаццаць. Ужо даўно заціх і рух калёны. Цяпер можна было паглядзець, што робіцца наўкола. Падняліся з травы: нідзе ніякага жыльля ня было. А есьці й піць хацелася страшэнна. Кожны трымаў у рукох пучок моху й высмактваў зь яго вільгаць. Калі-б жыта было сьпелым, можна было-б падмацавацца калосьсем. Але яно толькі пачало налівацца. Ірвалі і елі шчаўе. Ізноў ляжалі ў траве, бо ногі млелі й слабелі. Алесь увесь час спаў. Твар ягоны быў нядобрага колеру, пад вачыма лягла пухліна. Дыхаў цяжка й няроўна. Ён цяпер быў для Кузьмы й Орліка праблемай: як яго даставіць у такое мейсца, дзе знойдзецца такі-сякі мэдыцынскі пэрсаналь? Дзе ёсьць тут паблізу такое мейсца? Некалі разам зь іншымі студэнтамі Орлік быў мабілізаваны на час летніх вакацыяў на торфараспрацоўкі. Успомніў, ехалі па гэтым-жа шляху. Калі-б торпазавод знайшоўся блізка, было-б добра. Там ёсьць мэдыцынскі пункт і жыве знаёмы лекар. Але памяць не магла падказаць, як дабрацца да торпазаводу.
Кузьма спачуваў Алесю, але нічым ня мог дапамагчы, ён ніяк ня мог нацешыцца воляй. Ляжаў і глядзеў на ўсё наўкола, як на нейкі цуд. Трава, лес, воблакі і ўсё астатняе здаваліся яму цяпер бясконца мілымі. Да арышту ён ніколі не адчуваў гэтага.
Ляжаў і думаў. Раптам прамовіў да Орліка:
-- Воля можа быць здабыта толькі няволяй... Вось чаму людзі з-за мяжы ніяк ня могуць зразумець нас. Пяць год, як я травінкі ня бачыў!
Раптам з таго боку, дзе праходзіла шаша, з жыта выйшаў чалавек. Было відаць -- вайсковец. Кубікі на пятліцах кашулі адсьвечваліся чырвоным бляскам. На рамяні вісеў футарал ад нагана. Кузьма і Орлік пасьпешна схаваліся ў траву, але чалавек усё-ж заўважыў іх. Скіраваўся туды, трымаючы руку на футарале.
-- У выпадку чаго трэба яго абяззброіць, -- заўважыў Орлік.
-- Голымі рукамі?
-- Навет і голымі. Лепш памерці ў змаганьні, чым трапіць у іхныя рукі зноў!
Але чалавек, падышоўшы бліжэй, гучна й па-сяброўску засьмяяўся.
-- Арыштанты? -- запытаў, водзячы па іх зрокам.
Сябры маўчалі.
-- Не палохайцеся! Такімі тут перапоўнена жыта... і жывымі й мёртвымі...
Чалавек перасунуў футарал з наганам за сьпіну і апусьціўся каля іх на траву. Яму было год каля трыццаці. Бялявы, лейтэнант, з ордэнам на грудзях. Сінія вочы глядзелі спакойна й ласкава. Шырака расставіў ногі. Упёрся лакцямі ў каленкі і апусьціў на далоні галаву. Прамовіў:
-- Разьбегліся ўсе: арыштанты й не арыштанты, гэнералы й байцы, сябры партыі й беспартыйныя... А ЦК КП(б)Б на чале з сакратаром Панамарэнкам ганебна ўцёк першым. Дваццаць тры гады балбаталі пра абарону, умацоўваліся, ачышчаліся, зьнішчалі ворагаў, замыкалі граніцу на замок, будавалі аэрадромы, танкі, самалёты, а разьляцелася ўсё гэта ў пух і прах за няцэлыя дваццаць тры гадзіны! Ад першага-ж удару! Арміі няма, пайшла ў палон. Прабіваюцца ў тыл толькі паасобныя часткі. Гарматы й танкі ляжаць пагарэлыя на дарогах, самалёты -- на аэрадромах!
Павольным позіркам зірнуў на ўпрыгожаныя ордэнам грудзі. Раптам пальцы рук ягоных скурчыліся, як кіпцюры ў драпежнай птушкі, і ён шпарка, можа, навет нечакана для самаго сябе, учапіўся за ордэн.
-- Да д’ябла гэтыя цацкі! -- выкрыкныў.
Адарваў ордэн, сагнуў яго, зламаў і швырнуў надалей ад сябе.
-- Колькі пакутаў прынесла мне гэта цацка!
Змоўк. Цяпер яго ўжо не баяліся. Орлік пацікавіўся:
-- За Фінляндыю, мабыць, узнагародзілі?
Лейтэнант узьняў вочы й доўга глядзеў на яго, быццам не разумеючы, аб чым пытаюць.
-- Так, за Фінляндыю, -- адказаў напасьледак.
Задзёр на жываце кашулю. Паказаўся вялізны сіняваты шрам.
-- Шрапнэль! -- прамовіў.
Закасаў рукаво на правай руцэ.
-- Куля!
Зьняў абодвы боты, паказваючы пакрамсаныя ікры галеняў.
-- Таксама шрапнэль! Досыць зь мяне! Наваяваўся! -- на мамэнт змоўк. -- Прабіваюся да сям’і, дамоў...
-- А вы адкуль? -- запытаў Орлік.
-- З-пад Менску, -- зноў памаўчаў. -- Ня ведаю, дзе цяпер сям’я. Жыла тут недалёка, на лётнішчы... Хто мог прадбачыць, што так хутка будзе вайна?! -- зірнуў на Алеся. -- А гэта што -- хворы?
-- На допытах паламалі рэбры...
-- Так, ламалі й ламаюць! Колькі нашага няшчаснага беларускага народу пагінула ў вязьніцах, на Калыме, за Уралам... Раней, за царамі, самі мусілі ехаць туды ў пошуках вольнай зямлі й кавалка хлеба, ехалі й паміралі, як мухі, у дарозе... А цяпер як кулакоў, нацдэмаў, непажаданы элемэнт з пагранічча эшалёнамі звозілі... Палітычныя? -- запытаў праз некаторы час. -- Пэўна, із студэнтаў? Сярод гэтай катэгорыі ўсё раскрывалі ўсялякія змовы...