Выбрать главу

незалежнасьць. А як абвясьцілі мабілізацыю, моладзь схавалася ў лесе. Із сотні двароў нашае вёскі толькі ён адзін з козырам зьявіўся на пункт. А потым, у адзін дзень, прыляцеў атрад ЧаКа. Пагналі хлопцаў, гнаілі па турмах, судзілі... Адных паставілі ў войска, а другім кулю ў патыліцу... Людзі ведаюць: гэта ягоная работа...

-- Гэта значыць, сваіх сяброў, зь якімі пацаном бегаў па вуліцы!?

-- Навет, кажуць, стрыечнага брата не пашкадаваў: ардэны й мэдалі задарма не даюць...

-- Пачвара! -- выклікнуў Чарняўчык.

-- І гэта ня ўсё! У тыя часы настаўнікі па вёсках стваралі беларускія гурткі, каб даць няпісьменным сялянам -- а яны ўсе былі няпісьменнымі -- веду пра свой край. І вось-жа ў гэты час ён ужо быў высака падняўшымся тамака, у самой Маскве. І яго прыслалі адтуль вынішчыць гэтую «пагрозу»... Кіраваў ён усім і ўсімі. Не магу табе сказаць, колькі гэтых настаўнікаў саслана ў Сыбэрыю, а колькі загінула па турмах і ад куль... Потым, як усё было зроблена, яго забралі ў Маскву і зноў узвысілі...

-- Страшна слухаць, браце мой! -- прамовіў Чарняўчык.

Залатавуст працягваў:

-- А ў часе гэтае няшчаснае вайны зь немцамі: дзе ён быў, што рабіў? І гэтыя шыбеніцы... шыбеніцы... у кожным гарадку, у кожным мястэчку і навет у вёсках. Колькі на іх загінула нашых людзей!? За што? Што баранілі сваіх дзяцей, што любілі Бацькаўшчыну? Ці можа яны былі вінны ў тым, што Гітлер абхітрыў Сталіна! Мікіта пакрысе ачышчаецца цяпер ад гэтага, бо далей ужо некуды...

Чарняўчык і Залатавуст усё яшчэ стаялі й курылі, ціха размаўляючы, калі з хаты выйшаў сам гаспадар, Міхайла

Жыжка, малодшы брат нябожчыка. Быў ён каржакаваты, шыракаплечы, крыху як-бы на раскірэчаных нагах, што сьведчыла аб ягонай станоўкасьці і спрыце ў працы. На ім быў шэры кулёк із сукна хатняга вырабу, якія ў нас насілі тады, як мелі права браць воўну ад сваіх авечак для хатніх патрэб. На макаўцы лысаватай галавы -- ён быў бяз шапкі -- віднеўся як-бы гузак: казалі, гэта шышка таленту. Міхайла таксама падышоў да кастра.

-- Ну, як у вас тутака? -- спытаў мяккім і прыемным барытонам, пазіраючы то на Чарняўчыка, то на Залатавуста. -- Клеіцца што-небудзь?

Чарняўчык адказаў:

-- Гэбаль нікуды ня варты, хоць коўзайся па ім пэўным мейсцам. Дый цьвікоў нідзе не знайсьці!

-- А вы ня думайце пра цьвікі: па іх, можа, прыйшлося-б аж у Маскву ехаць! Ды ў народзе кажуць, труну й ня зьбіваюць цьвікамі: яна павінна быць на сашчэпах па канцох, як, прыкладам, робяцца сундукі. Ня ведаю, ці гэта забабон, ці вымогі тэхнікі?

-- Ясна, -- заўважыў Залатавуст, -- зялезны цьвік хутка дасьць акісьленьне, і дошка пачне гніць, а нашы прашчуры верылі, што, паміраючы, ён пачынае жыць у іншым сьвеце, і труна -- жыльлё ягонае -- мусіць быць моцным; гэтак і стварылася традыцыя: ня зьбіваць труну зялезнымі цьвікамі...

-- Не клапаціцеся дужа! -- адказаў Міхайла. -- Калі ня знойдзем адпаведнага начыньня выдзеўбці дзюркі для сашчэпаў, дык возьмем канцы дошак у драўляныя цьвікі, добра заклінаваўшы іх звонку. Моцна будзе, уга як!

Міхайла павярнуў ужо ў хату, як яго перапыніў Чарняўчык.

-- Міхайла, а скажы, калі ласка, як гэта ўсё здарылася?

-- Што?

-- Ну, ды зь нябожчыкам Захарам, вашым братцам. Гэта-ж проста нельга ўзяць да галавы: ня было амаль паўвеку, а потым раптам, -- як сьнег на галаву... Дзе быў, што рабіў, нічога ня ведама...

-- Усё ведама, Чарняўчык!

-- Ну, як-жа?

-- У партыі быў. Шмат разоў узнагароджаны за адданасьць...

-- Каму?

-- Партыі, зразумела, а не народу! Супроць народу якраз! Ну, а што яшчэ?

-- Ці ён табе пісаў, што прыедзе паміраць у бацькаву хату?

-- Нязручна яму было пісаць гэта...

-- Дык ён прытупаў пехатою ад станцыі?

-- Мабыць! Дужа позна зацягнулася паседжаньне праўленьня калгасу. Выйшаў я дахаты, можа, гэтак а другіх ужо пеўнях. Іду, цемра хоць вока выкалі. А спаць -- млее ўсё цела! І халіпа якраз, сьлізка. Думаю, от, каб крыху падмарозіла яшчэ ўночы, дык назаўтра добра было-б гной вывезьці. І раптам бачу: каля хаты нехта сноўдаецца -- то туды, то сюды... Думаю: у помраку ад «гары» нехта ня можа знайсьці тропу. А потым гэтакая думка: можа, з раёну хто-кольвек, ды няшчасьце якое здарылася, ды пакалечаны ці што? Якраз меўся прыехаць гэты наш Хведарчук па справе насенных фондаў... І так, прыбавіўшы кроку, апынуўся я каля сваіх варотаў. Не, бачу, і не Хведарчук і ня хто-небудзь з падвыпіўшых: хоць і цемра, а гузікі блішчаць на шынялі, і нешта мырмоча сабе пад нос...

-- Хведарчук у гэты час гарэлку піў у Мітраханавых, -- ізь сьмехам заўважыў Чарняўчык.

-- Ага, я так неяк усумніўся: ці сплю я? Ведама, прыляжаш штораз на дзьве-тры гадзінкі, дык той сон падпільноўвае цябе на кожным кроку. Не, ня сьплю, чуваць плёханьне пад нагамі чалавека. Падыходжу крыху бліжэй і тады ўжо зусім выразна бачу: чалавек хоча дастацца ў двор, ды ці ня ўмее адчыніць хворткі, ці сілы не хапае...       -- Вы каго, таварыш, шукаеце? -- пытаюся.