Выбрать главу

Ён гэтага зусім не чакаў і зь непакоем глядзеў уніз. Каля галчаня ўжо мітусіўся Бобік. Пёсік ня быў галодны, сырога мяса ніколі не каштаваў; ён думаў, што гэта нейкая новая забава і стараўся дагадзіць Славіку. Прыціснуўшы галчанё лапай, радасна павізгваючы, глядзеў на Славіка...

За галчанём кінулася ўніз адна із старых галак. «Пэўна, мама ягоная! -- падумаў Славік. -- Мамы заўсёды кідаюцца ў абарону сваіх дзетак, хоць ім і пагражае небясьпека». Каб выратаваць галчанё й галку ад Бобіка, Славік, рызыкуючы зваліцца з вышыні й разьбіцца, шпарка зьлез з драбак і кінуўся на двор. Але было ўжо запозна: Бобік лапай ціскаў паўжывое галчанё, а каля яго ляжала й мама-галка зь перакушаным горлам. Так часам бывае: хочуць зрабіць дабро, а выходзіць зло...

Славік, схапіўшы прут, сьцебануў разы два Бобіка. Пёсік заенчыў і кінуўся ўцякаць, дабег да скрыні, у якой гаспадыні пакідалі сьмецьце, схаваўся за ёй і адтуль пазіраў сваімі хітрымі вачыма на свайго сябра па забавах, ня могучы зразумець, за што яго набілі...

Славік зноў падняўся на балькон. Тут яго чакала новая няпрыемнасьць: на даху суседняга дому сядзела другая галка -- бацька, а мо’ матка галчанятаў, із сумам пазіраючы на сваю загінуўшую таварышку. Славіку дужа хацелася, каб уцалелая галка не пакідала гнязда й сваіх дзетак. Але ўвесь гэты й наступныя два дні галка не паказвалася. Галчыны дзеткі пішчэлі ад голаду. Цяпер нічога другога не заставалася, як толькі забраць іх з гнязда, -- іначай яны загінуць. Але перш-наперш трэба падрыхтаваць для іх мейсца. На вуліцы ён знайшоў скрыначку з дыхты. Акуратна вычысьціў яе й паставіў у прыхожай. Уверсе над скрынкай вывеў друкаванымі літарамі: «Прытулак для галчанятаў-сіротак». Зноў паставіў драбкі й палез уверх. Галчаняты выцягвалі да яго галоўкі з разьзяўленымі ртамі й жаласна папісквалі. Асьцярожна выняў іх з гнязда і аднёс у хату.

Карміў іх тварагом і хлебным мякішам. Але яны елі дрэнна, і адно з галчанят загінула. Славік быў гэтым вельмі ўзрушаны. Узяў рыдлёўку й пайшоў закапваць галчанё. І дзіўная рэч, у той час, як ямка была ўжо гатова, зьявілася старая галка. Яна сядзела на дрэве й жаласна каркала. Славіку стала неяк вельмі нядобра, быццам ён зрабіў вялікае злачынства. «Зразумела, плакала-б усякая мама па сваім дзіцяці!» -- падумаў. І на ягоных вачох зьявіліся сьлёзы.

Калі вярнуўся назад, дзьверы ў прыхожую былі напята, а каля парогу ляжаў Бобік, павільваючы сваім кароткім хвосьцікам. Лёгка было зразумець: пёсік расправіўся з астатнім галчанём. Гэтага было ўжо шмат для чульлівага хлапца: апусьціўшыся на крэсла, ён пачаў ужо плакаць уголас. Бобік падпоўз да яго і, заглядаючы яму ў твар, пачаў лізаць яму рукі. Вочы ягоныя прамаўлялі: «Ну, чаго ты плачаш? Я-ж добра гуляў з табой і зрабіў усё, што толькі мог, нягледзячы на тое, што ты мяне набіў. Ня плач, хлопчык! Ня плач!..»

Менск, 1930

Шчупак

І летась ён хадзіў лавіць рыбу, але з гэтага нічога добрага не атрымлівалася. Аднаго разу дык навет здарылася прыкрасьць: пры закіданьні вуды Ромка так няёмка размахнуўся, што зачапіў сябе на гачак за мяккія часткі заду. Ня раз адрываліся ў яго й гачкі. А больш за ўсё рыба тыркала добра, толькі на гачак не чаплялася. Дома жартавалі: «Ат, забаўляецца хлопец! Ну, і хай сабе!» Але няпраўда, што ён забаўляўся. Рэчка яго вабіла таму, што там дужа прыгожа й цікава. Птушкі весела сьпяваюць і чырыкаюць на розныя галасы, рыбка гуляе ў празрыстай вадзе, ніхто яму нічым не надакучае. Кіне ў ваду чарвяка з гачкам, ляжа на траву і глядзіць, што будзе далей. Як толькі чарвяк апусьціцца на дно, зараз-жа наляціць аднекуль рыбная драбязга. Штурхаюць чарвячка, круцяцца, мітусяцца, цягнуць яго за кончык ува ўсе бакі, носяцца за ім... Тады аднекуль выплывае большы натапырысты акунь. Ён пасоўваецца наперад павольна, паважнымі штуршкамі, раз-поразу раскрывае рот, нібы пазяхае. «Іш, які пан, -- думае Ромка. -- Ня выспаўся, пэўна...»