Выбрать главу

Драбязга -- хто куды! Акунь бярэ чарвяка, прабуе яго, ці смачны, ці можна яго зьесьці. Падабаўся, відаць, чарвячок! Бярэ яго мацней, каб ня выкруціўся. І пад бераг! Усё гэта з вялізарнейшым захапленьнем назірае Ромка. І здаецца яму, што ў гэтым ёсьць нейкі вялікі інтэрас для ўсіх, а ня толькі для яго аднаго. І ведаў прыроду Ромка так добра, што зьдзіўляў усіх. «Шчупак!? Шчупак -- драпежнік, -- казаў ён, -- жывіцца толькі маленькімі рыбкамі, ну, і іншымі істотамі, пэўна, таксама і, зразумела, мусіць хавацца, затойвацца дзе-небудзь пад карчом, пад каменем, пад берагам, у траве і адтуль нападаць на свае ахвяры. Акунь -- таксама, але ён, як пан, ходзіць сабе паважна па сваёй акрузе і, калі што не ўпарадку, дык дасьць наганяй! Што? Язь! О, гэта далікатная рыба! Ён нікога ня крыўдзе, кармоў не адбірае. Выйдзе сабе на глыбокі струмень празрыстай вады й давай гуляць! То нырне глыбока й перакуліцца жоўтым пузам угару, то мільгне маланкай перад вачыма, то моцна плёхне вадой, як-бы некаму наругаецца. Мянтуз? О, гэта рыба санлівая. Удзень сьпіць дзе-небудзь у нары, а ўночы выпаўзае пажывіцца...» Так звычайна апавядае пра свае прыгоды сябрам Ромка.

Калі пастарэў на год ці на два, яму надакучыла хадзіць на рыбу каля горада. От, каб туды дабрацца, дзе ловіць дзед Акула! І аднаго разу яму пашанцавала. Дзед сядзеў на ганку і апавядаў свайму суседу:

-- Дзіўны гэта дзень быў: цёплы, прыемны! Вада ў рэчцы ані варухнецца, толькі ледзь прыкметна цурчыць на вірох! Ды там-сям шчупак альбо сом плюхне! У такі дзень рыбцы не сядзіцца па хатах! Гуляе, жыруе! І, ведаеце, акунёў дык па чатыры браў на аднаго чарвяка! Аж рука забалела, цягаючы іх!..

Тут Ромка, які слухаў гэтую гамонку, ня вытрымаў:

-- Аж па чатыры на аднаго чарвяка! Ой-ёй-ёй, гэта цудоўна! -- і потым лісьлівым тонам: -- Дзядусь, вазьміце мяне із сабой у наступны раз!

-- Ты мне ўсю рыбу папудзіш! -- адгукнуўся Акула.

-- Не, ой, не! -- узмаліўся хлопец. -- Далі Бог! Буду вас ува ўсім слухацца!

-- Ну, вазьму, хай цябе качкі!..

* * *

Вясна была ў самай сіле. Кукавала зязюля, і Ромка ў памяці падлічваў, колькі год адкукуе. Над самай галавой рыбаловаў то цохкаў, то падсьвістваў, як-бы некага зманьваючы, салавей... Ромку так прыемна было гэта слухаць, што ён забываўся, дзе й знаходзіцца.

Раптам, нібы скрозь сон, дзедаў голас:

-- Ах, пярун-бы цябе забіў! Вось шчупак, дык шчупак!

-- Выцяглі? -- крыкнуў Ромка.

-- Выцяг... свой перарваны шнур... Падумаць толькі, новы шнур і перарваў?! -- Акула стаяў і торгаў у рукох шнур, прабуючы яго на моц.

Пакуль дзед лаяў шчупака й зьвязваў шнур, Ромка перакінуў сваю вуду з жыўчыкам на аблюбаванае дзедам мейсца, але ўсё-ткі на такой адлегласьці ад дзеда, каб ён не пакрыўдзіўся й не накрычаў. Не прайшло й дзесяць хвілін, як плаўнічок раптам як-бы скокнуў угару, потым дробненька задрыжэў, а потым паехаў па вадзе й пачаў ныраць. Ромка ведаў: калі плаўнічок скокнуў угару, значыць, шчупак схапіў жыўчыка, а калі пачаў дробненька дрыжэць, шчупак ціскае ў зубах рыбку, а калі паехаў па вадзе, значыць, шчупак пайшоў з жыўчыкам куды-небудзь пад корч. Нарэшце, калі плаўнічка ўжо зусім ня было відаць, Ромка падсек і пачаў цягнуць да сябе. Шнур напружыўся, як струна, але Ромка няўхільна і ўпарта цягнуў усё бліжэй і бліжэй да сябе. Шчупак тузаўся на вудзе, кідаючыся ў бакі. Раптам сагнуўся ў дугу й высака скочыў угару. Вудзільна трэснула папалам! Ромка, як учадзелы, стаяў над рэчкай і глядзеў у ваду.

-- Вялікі шчупак, дзядусь! Зламаў мне вуду!

-- Казаў табе: не цягні нахрапам!

-- Я аж спалохаўся -- такі вялізны шчупак! Скочыў дугой угару...

Прайшло пяць або дзесяць хвілін, пакуль Ромка прыспасобіў пад жыўцоўку другую вуду. «Можа, не паплыў далёка? Можа, зноў возьмецца?» -- думаў. Чытаў некалі, што шчупакі галодныя, навет злоўленыя ў сеці, кідаюцца на другую рыбу.

Пачапіў на гачак другога жыўчыка й закінуў вуду на тое самае мейсца. Сеў на траву й пачаў пільна прыглядацца да плаўнічка, час ад часу кідаючы позірк на дзеда, які ўсё калупаўся із сваімі шнурамі. Хвілінаў празь дзесяць плаўнічок зноў, як і тады, раптам як-бы скокнуў угару, потым драбнюсенька задрыжэў, потым асьцярожна, нібы прабуючы, павёў па вадзе і ўрэшце пачаў ныраць усё глыбей і глыбей. Сэрца ў Ромкі задрыгала! Сьціснуў у рукох вуду й чакаў мамэнту, калі можна будзе падсякаць. Неўзабаве шнур напружыўся зноў, як нацягнутая струна. Але на гэты раз Ромка ня даў маху: перш-наперш, ён гукнуў дзеда Акулу на дапамогу. Той спрактыкавана падцягнуў шчупака да берагу. Потым падвёў пад яго свой сачок і спакойна выняў рыбіну з вады.