Магда на момант сьціхае, як-бы набіраючы больш паветра ў грудзі.
-- Пасьля пераклічкі настаўніца адпусьціла нас на пераменку. Дзеці бегаюць, жартуюць, крычаць, але Ямілы сярод іх няма. «Дзе ён?» -- зацікавілася я, неяк паміма сваёй волі. Гляджу, а ён стаіць самотны каля прыгрэтай сонцам сьцяны й штосьці вылеплівае з гліны. Я падышла да яго. Ён сарамліва апусьціў уніз вочы й хуценька схаваў лепку да кішэні. «Пакажы мне!» -- загадала я. «Нічога я не рабіў», -- прамырматаў ён. «Але пакажы!» -- ён ня вымаў рукі з кішэні. Тады я сама прасунула туды сваю руку й выцягла лепку. Гэта была фігурка чалавечка, досыць добра вылепленая. І я была вельмі зьдзіўлена й глянула ў твар хлапчука. І мне здалося, што я заглянула ў нейкі баечны сьвет чысьціні і ўзвышанасьці -- такім натхнёным і цудоўным паказаўся ў той мамэнт ягоны твар! Сінія-сінія вочы, нейкія спакойныя, ласкавыя, чаруючыя і крыху нібы засмучоныя. Высокі і прыгожы лоб. Складкі вуснаў моцныя, але ня жорсткія, з адценьнем як-бы гіроніі. Мяне нібы асьвяціла сонца! Памятаючы, амаль ізь сьлязьмі на вачох, што ён так не па-сяброўску паставіўся да мяне, я яшчэ раз глянула на яго і аддала яму ягонага чалавечка. Ён хуценька схаваў яго зноў да кішэні. Потым сказаў: «Ты нікому ня скажаш?» Ён быў перакананы, што з яго будуць насьміхацца. У мяне ў кішэні былі пераводныя абразкі, якімі абдорвала нас настаўніца за добрыя паводзіны і адказы на ўроках. Я адарвала адзін зь іх -- блакітнага індыйскага сланя -- і дала Ямілу. Потым, магчыма, навет і нечакана для самой сябе, хуценька нахілілася да яго й пацалавала ў шчаку. Ён так зачырванеўся, што мне аж шкода стала яго!
-- Гэта ўжо пачыналася каханьне! -- зазначыў паэта Алесь.
-- Так, гэта быў ужо пачатак каханьня навечна, -- згадзілася Магда.
-- Ну, дык вып’ем за каханьне! -- дадаў Зьміцер.
І яны чокнуліся й выпілі яшчэ па кілішку, і Магда працягвала далей:
-- Я не ўтаіла ад маіх бацькоў таго, што ў гэты дзень зы мной здарылася. Прыйшоўшы дахаты, я весела падскочыла да мамы й сказала: «Ага! А я сабе жаніха знайшла!» Мама не падала віду, што яе гэта зьдзівіла або ўстрывожыла -- яна добра ведала мяне! І ўпаўголаса запытала, думаю, хаваючы ў душы сьмех: «Хто-ж ён такі?» «Яміла, цудоўны такі хлопчык! Я яму слоніка падарыла!» Бацька, які ўсё гэта чуў, выклікнуў: «Што яна там меле?» «Ды вось, жаніха сябе знайшла й слоніка яму падарыла, -- адказала мама. -- Яміла нейкі». «Яміла, ото, пэўна, сынок таго бедака Арцёма Кунцавога». І потым ужо досыць пагрозьліва: «Вучыцца трэба, а не пра жаніхоў думаць у твой век! От адвязу ў места ў гімназыю, дык там за цябе возьмуцца!..» Увесну я скончыла нашу сельскую школу, і ўвосень мяне, і праўда, адвезьлі ў гімназыю. Дадому я прыязджала толькі на канікулы: перад калядамі на два тыдні, перад вялікаднем на дзесяць дзён і ўлетку на два месяцы. Але спаткацца зь Ямілам мне ніяк не ўдавалася! Прычынай гэтаму, я думаю, была вялікая розьніца ў эканамічным стане нашых сем’яў: бацька мой быў падлоўчым і лічыўся «панам», а Арцём Кунцавы -- бядняк-селянін! Я часам пыталася ў людзей пра Ямілу, але быў адзіны адказ: «выехаў некуды». Я была ўжо ў восьмай клясе. Лета, як заўсёды, праводзіла дома. Неяк раз я мыла, стоячы на кладцы, свае хусткі. Рэчка невялікая, але чысьценькая, быстрая. На мне была гімназыяльная хворма: вось гэтая сіняя спаднічка й белая блюзка. І раптам бачу: едзе воз із сенам. А каля яго ідзе хлопец -- высокі такі й тонкі, хударлявы. На галаве хлапца хворменны картуз, вышэй-пачатковага вучылішча. «Гэта-ж Яміла!» -- амаль выкрыкнула я. І пранік выскачыў у мяне з рук. Але зачапіць яго я ўсё-ткі не магу -- толькі стаю й гляджу. А воз із сенам вялікі, цяжкі. і конік ледзьве цягне яго пад гару. І раптам нешта там у збруі -- гужамі, здаецца, завецца -- ірвецца. Конік выскаквае з аглабель, і воз пачынае каціцца сам па сабе ўніз. Спачатку мне было сьмешна, як хлопец замітусіўся каля воза, каб не даць яму скаціцца ў рэчку. Але потым бачу, што тут пахне бядой: ня толькі воз можа апынуцца ў рэчцы, тут якраз дужа глыбокай, але пацягне за сабой і хлапца. Тады я кідаю ўсё і бягу яму на дапамогу. Так-сяк нам удалося воз затрымаць, і мы апынуліся разам. Глядзім адзін на аднаго, а сказаць нічога ня можам!..
-- Першае каханьне, цёця! -- уставіў Зьміцер.
-- Так, яно бярэць у палон усяго чалавека! -- згадзілася Магда. -- Ага, я стаю й гляджу яму ў твар і заўважаю: прабіваюцца вусікі ды такія прывабныя! І хочацца мне дакрануцца да гэных вусікаў -- прытуліцца да іх... І, каб ухіліцца ад спакусы, я апушчаю ўніз вочы й кажу: «Яміла, ты памятаеш, як тады я атабрала ў цябе чалавечка?» Ён узьняў на мяне вочы, і я прыкмеціла ў іх радасьць. «Памятаю, -- адказаў, -- і аж да сёньня хаваю вашага сланя...»