-- Вось гэтыя «гужы» і зьвязалі нас навечна. У гэтае лета мы спатыкаліся часьцяком. Ён ужо ня быў такім сарамлівым. І веды ягоныя перавышалі мае, нягледзячы на тое, што ён вучыўся толькі ў трэцяй клясе ягонае школы, гэта значыць у шостай, калі лічыць на гімназыю, а я ў восьмай. Ён дужа шмат чытаў. І вучыўся маляваць і ляпіць, бо ім зацікавіліся настаўнікі й дапамагалі яму як маглі. А ў наступныя годы жыцьцё так закруцілася, што зламала не адных нас. Яміла папаў у войска й вярнуўся толькі цераз тры гады. Я была ўжо настаўніцай. Мы зноў пачалі спатыкацца. Ён часьцяком наведваў нашу хату. Бацька мой глядзеў на гэта спачувальна. Але Ямілу зноў пацягнула да навукі, ён уступіў у Акадэмію Мастацтваў. Я, як і раней, настаўнічала. Скончыў Акадэмію, пра яго сталі пісаць у газэтах як пра выключна таленавітага разьбяра. Для мяне гэта было вялікай радасьцю! Ён прыехаў пабачыць мяне. Мы вырашылі згуляць наша вясельле перад новым навучальным годам, калі я была яшчэ не занятая ў школе. Я сшыла сабе вось гэтую сукенку, купілі шлюбныя абручыкі, бацькамі маімі было падрыхтавана шмат усякага дабра: закусак, выпівак, каб хапіла для ўсіх, хто зойдзе ў хату -- такая традыцыя ў нашым народзе! Каб усё падрыхтаваць для прыйма вучняў у новым навучальным годзе, я мусіла выехаць перад самым шлюбам якраз на мейсца працы, кілёмэтраў за трыццаць ад нашай вёскі, умовіўшыся з бацькамі, што яны прыедуць па мяне ў пэўны дзень...
І вось сяджу я ў сваёй каморцы і гляджу ў вакно. Нудна мне нешта, беспакойна! Часам навет хапае за сэрца. Праз тры дні шлюб, але гэты важны для чалавека мамэнт неяк ня радуе мяне, і хочацца некуды бегчы, уцякаць, каб усё гэта мінула мяне, каб ня бачыць нікога й нічога гэтага... І бачу: пад’язджае пад школу хурманка, але коні ня нашы, і на вазу ня бацька і ня брат, які мусіў прыехаць па мяне, а браценік Андрэй і каля яго двое! Што гэта значыць?! Галава ў мяне закружылася, і з сэрцам стала дрэнна! Прадчуваньні заўсёды спраўджаюцца! Выходжу на ганак, і язык у мяне быццам адняло: хочу спытаць у браценіка, што здарылася, а язык не паварочваецца. Бачу, і Андрэй нейкі не такі, як заўжды: маўклівы, прыгнебены, разгублены!.. Стаіць і глядзіць на мяне. Урэшце ў мяне вырываецца проста із самай глыбіні душы: «Кажы!» А ён паціскае плячыма й адказвае: «Што-ж тут казаць!? Здарылася...» І выняў з кішэні вось гэтую пісульку й падаў мне.
Памятаю, як мёртвая, з апусьцелай душой, два астатнія дні перад шлюбам чакала я прыбыцьця Ямілы. Нічога не магла рабіць, ні пра што думаць. Вы, як выкінутыя з гнязда птушаняты, блукалі без мяне па двары. Які гвалт я павінна была ўчыніць над сабой, каб думаць пра вас! Подвечар прыехаў Яміла. Калі я пачула ягоныя крокі на ганку, мне здалося, што я правалілася некуды глыбака ўніз. Ён падхапіў мяне на рукі і прамовіў: «Трымайся, даражэнькая!» І ў нейкім невытлумачальным парыве я схапіла ягоную руку й пачала яе горача цалаваць, абліваючыся сьлязьмі. І тады вы абодвы падышлі і сталі каля нас. Яміла прытуліў вас да сябе. «Я цяперака зусім выразна выяўляю цябе мамкай гэтых дзетак!» -- сказаў. Гэта выклікала новыя сьлёзы. «Але гэта ніколькі ня зьмене маіх плянаў -- ты застанешся маёй навечна!..» Я не знаходзіла слоў адказаць яму, хоць гэты адказ у душы стаяў ужо гатовым. Яміла зразумеў мяне, выйшаў на ганак і сеў на лавачку. Тады ты, Зьміцер, падышоў да мяне й сказаў: «Ты будзеш нашай мамкай? О, як добра! Мы будзем цябе любіць, бо ты заўсёды прыносіш нам цукеркі!..»
-- Няўжо я быў такім падлізьнікам!?
-- Так, ты любіў цукеркі. Але вы абодвы былі цудоўнымі хлопчыкамі.
І вось у гэты мамэнт я знайшла тыя словы, якія я павінна была сказаць яму. Я выйшла на ганак. Ён сядзеў, схіліўшы галаву на рукі. «Яміла, прабач мне -- я не магу браць шлюб...» Ён неяк адразу ўсхапіўся зь мейсца, стаяў і глядзеў мне ў вочы. «Я разумею, -- сказаў, -- ты баішся ўзяць на сябе адказнасьць за нашу будучыню пры наяўнасьці таго, што здарылася? Прысягаю табе, ты ніколі не пачуеш ад мяне ні малейшага папраку, што-б ні здарылася ў нашым жыцьці!» «Не, даражэнькі, ня гэта, -- адказала я, -- маральна я ня буду ў стане вытрымаць гэтага, разумееш? Мне заўсёды будзе здавацца, што я абкрадаю цябе, пазбаўляю цябе волі!.. Яшчэ раз прашу: прабач мне!» Ён доўга стаяў моўчкі. Павярнуўся да мяне тварам, і я ўбачыла на ім сьлёзы. «Так, я зразумеў цябе, -- прамовіў урэшце. -- Але дазволь мне, у такім выпадку, быць хоць тваім другам, каб, калі табе стане асабліва цяжка, каб... я мог прыйсьці да цябе з дапамогай!..» Мы разьвіталіся. Як п’яны, хісткай хадой, ён апусьціўся з ганку й выйшаў на вуліцу...