Сеў на загадзя падрыхтаваныя снапы, прасунуўшы рулю сваёй дубальтоўкі ў вакенца. Ноч была ясная й марозная; месяц у поўні, як начышчаны мядзяны пятак, вісеў над бліжэйшай грамадкай сасоньніку, разьліваючы наўкола зеленаватае мяккае сьвятло, і Піліпу была добра відаць навет мушка на дубальтоўцы.
Ад няма чаго рабіць ён пачаў успамінаць свае паляўнічыя прыгоды: увосень яму «пашэнціла» -- падстрэліў на возеры пару дзікіх гусей; праўда, з-за іх яму давялося добра выкупацца ў ледзяной вадзе, але гускі былі тлустыя! «Гускі! Што гускі -- дробязь! Цяпер набой шмат каштуе, дый не дастаць! -- падумаў. -- От, каб лася дзе-небудзь падпільнаваць -- і мяса шмат, і скура спатрэбілася-б у гаспадарцы на сырамяць ці на што. Або добрага дзіка! Ну, ці хаця-б ваўка; за скуру, напрыклад, атрымаў-бы добрую прэмію!.. Ваўка!? От, каб тады была зь ім стрэльба, як у восеньскі імжлівы дзень, калі ён ціха пасоваўся па вузкай лясной сьцежцы з торбай арэхаў на плячох!.. Ага! Як напароліся тады на яго тыя два ваўкі-канятнікі! Ото было-б паляваньне...»
Раптам яго моцна пацягнула на сон, і ён клюнуў носам. Узварухнуўся, паправіў пад сабой снапы і зноў пачаў пільна ўглядацца ў вакенца: сноп і лазовы кусьцік маячылі перад вачыма, як і раней. І сон хутка зноў наляцеў на яго й салодкім датыканьнем пачаў плюшчыць яму вочы. І тады пачало блюзьніцца: роўная, сьнегам ухутаная лагчына, і ён у лёгкіх санках, з упрэжанымі ў іх аленямі, імчыцца па ёй! Алені прымчалі яго ў ледзяны горад, асьветлены сінімі, зялёнымі, жоўтымі й ружовымі агнямі. Зайцы, вавёркі, козачкі, ласі і ўсе іншыя зьвяры і зьвярушкі паўсталі перад ім у шарэнгу. Мядзьведзь затрубіў у даўгую мядзяную трубу. І тады воўк, выступіўшы наперад, узмахнуў лёгкай тоненькай трысьцінкай, і ўсе зьверы ўзгоднена засьпявалі. Якія гэта былі цудоўныя, ніколі раней ім ня чутыя сьпевы! І яму так стала прыемна, і такімі слаўнымі і прыхільнымі здаліся ўсе зьвяры і зьвярушкі, што з вачэй аж пасыпаліся сьлёзы ад прачуласьці...
Ён зноў клюнуў носам і спалохана хапіўся за стрэльбу. Але наўкола па-ранейшаму было ціха; снопік і лазовы кусьцік заставаліся на мейсцы. Раптам да вуха дайшоў нейкі ледзьве ўлавімы шолах. «Ага, нейдзе скача зайчык», -- падумаў, павольным рухам бяручы стрэльбу. І ў гэты час на роўнай, выгладжанай вятрамі кромцы сьнегу, зьявіўся нейкі падоўжаны, зусім не падобны на зайчыны, цень; плыў ён павольна, часам на кароткі мамэнт спыняўся, як-бы той, ад каго гэты цень ішоў, да ўсяго прыслухоўваўся і прынюхваўся. Напружаны мамэнт цягнуўся так доўга, што Піліп адчуў навет нецярплівасьць...
Ён хацеў ужо крыху нахіліцца да вакенца і ямчэй заглянуць у яго, як крокаў за дзесяць, ня больш, паўстала постаць ваўка, якая ў сьвятле месяца здавалася дужа вялікай. Прыплюшчыўшы левае вока, Піліп павёў позіркам па ліштве сваёй дубальтоўкі і потым націснуў на язычок курка. Але пачуўся толькі «пшык» -- порах у стрэльбе ляжаў доўга і адсырэў...
Воўк пачуў гэты «пшык» і павёў галавой да вакенца. Пэўна ўчуўшы пах спаленага пістона, а можа быць, і дублёнага кажуха Піліпа, ірвануўся наперад, зрабіўшы вялізарнейшы скачок! Піліп зноў падвёў мушку стрэльбы да грудзі ваўка, ужо бягучага, і націснуў на язычок другога курка. На гэты раз грымнуў стрэл, рэха якога пакацілася далёка па імшарах. Воўк перакуліўся, дрыгаючы нагамі. «Ну, вось і даў канцэрт!» -- падумаў Піліп, успамінаючы сон.
Выйшаў на двор. Абагнуў ёўню, скіраваўся да здабычы, каб паглядзець, што за яна. Але яе на мейсцы ня было. Піліп захваляваўся: «Гэта-ж цэлых сорак пяць цалкачоў!» Азірнуўся. Воўк валокся зь перабітым задам крокаў за пяцьдзесят ад яго. Кінуўся наўздагон. Падбег, замахнуўся ботам, цэлячы ў галаву. Воўк ляснуў зубамі й хапіў за халяву бота. Ірвануў яе й раздраў ад самага верху і аж да абцаса. Піліп спалохаўся, але зьвера ўпусьціць было шкада. Размахнуўся і ўдарыў яго прыкладам стрэльбы. Стрэльба хруснула, і ў рукох Піліпа засталася толькі кароценькая руля. Воўк, нібы зразумеўшы, што настаў ягоны чарод нападу, нечаканым скачком кінуўся да Піліпа, хапаючы яго за горла. Піліп адпіхнуў яго нагой. Воўк зноў скочыў на грудзі Піліпа й на гэты раз хапіў яго за твар. Вырваў амаль усю левую шчаку. Гарачая кроў заліла Піліпу рот, пацякла па вопратцы й пад вопратку. Ён моцна закрычаў і пачаў адбівацца нагамі. У зьвера, відаць, не хапіла ўжо больш сілы да нападу; ён раптам адскочыў ад Піліпа і толькі час ад часу паварочваў да яго галаву і ляскаў зубамі. Піліп кінуўся наўцёкі, але крокаў праз дваццаць сілы пачалі яго пакідаць, і ён паваліўся на сьнег...