Выбрать главу

-- Хто казаў?

-- Нупрэй Міхалкаў.

-- Нупрэй!? О, праўда, спаткаў я ў сьпісе хворых ягонае прозьвішча, але паколькі рухацца ня мог, перадаў яму пісульку, а потым із мной пачаўся крызыс такі цяжкі, што мяне ўжо клалі на насілкі, каб аднесьці ў морг. На гэтым наша спатканьне й скончылася...

Сымон, як і да гэтага часу, стаяў нярухома, як прышыты да падлогі, і глядзеў на сына.

-- От, Нупрэй і падумаў, што ты пайшоў на той сьвет, -- крыўдзіцца на яго нязавашта... -- адазваўся ўрэшце.

Пацалаваўшы маці й бацьку ў шчаку, Кастусь швырнуў свой пусты ранец пад лаўку.

-- Ну, а як вы? Надакучаюць вам, чую, цяпер розныя чужыя людзі?

-- І не кажы, Костка! Кожны дзень па колькі чалавек! Дый ня хочуць, каб абы чаго! Дай ім сала, шынкі!.. Яечню сьпячы!.. Дзе-ж можа набрацца наш гаспадар усяго гэтага?!

-- Гэта ўсё надабіткі ад таго войска, што было дайшло аж да Варшавы, -- заўважыў Сымон. -- Цяпер блукаюць тутака, па вёсках ды лясох, абы не патрапіць ім зноў у рукі, бо папхнуць назад пад кулі ды шрапнэлі... Няма за што і ім ваяваць...

-- Так! Перакруцілася ўсё ўверх дном! -- прамовіў у задуме Кастусь. -- Потым, крыху пачакаўшы: -- Ну, а нашы як? Я спаткаўся ў Смаленску з адным нашым вельмі выдатным чалавекам, ён казаў, што ўсе паўцякалі ў лес ад мабілізацыі...

-- З нашага Гарадца -- усе да аднаго! Толькі ты ды Нупрэй!

Зноў задумаўся Кастусь.

-- Што -- я? Я ня быў тутака! Дый наагул із мной іншая справа: нас усіх, апроч прафэсуры, з унівэрсітэту ўзялі бараніць савецкую ўладу...

Узьняўся і зачэрпнуў кубак вады. Зноў сеў на сваё мейсца.

-- Ну, а Нупрэя злавілі на кірмашы ў Высокім і пагналі адразу пад кулі, не навучыўшы навет страляць...

Кастусю было няпрыемна слухаць гэта -- узьнікалі розныя прыкрыя думкі.

-- А ведаеца што? Як кажуць людзі: ня бывае дабра бяз зла! Было-б куды горш для нас, каб нашы не збайкатавалі мабілізацыю: Варшаву тады маглі-б узяць, і, зразумела, ня было-б ніякай гутаркі пра Беларусь! А так цяпер можа будзем мець незалежнасьць... -- урэшце заўважыў.

-- Якраз так табе і паднясуць гэтую незалежнасьць на залатой талерцы! -- запярэчыў Сымон. -- Яны хлусьлівыя, тыя чырвоныя... Такія хлусьлівыя, што ў іх на адным тыдні пяць пятніц! Яшчэ не аддаўна пануюць, а ўжо выказаліся горш за жандараў царскіх... Кажаш -- незалежнасьць! Як ім прыпячэць, як пад Варшавай, дык яны табе тады ўсё будуць абяцаць, бо ці гэта-ж адпаведныя людзі? Рабуюць народ дый ўсё!

-- Хаця ў палітыцы я ня спэц і ня люблю яе, хочу заняцца навукай, бо навука цяпер будзе рухаць жыцьцё, а не палітыка, але раней мне здавалася, што яны стаяць за народ, і гэта мне падабалася.

Параска паставіла на стол гарачанькія смачныя блінчыкі.

-- Ну, дык, сынок, падмацуйся пакуль што гэтым! А хутка будзе й вячэра.

Як сьцямнела, пачалі ісьці праведаць Кастуся бліжэйшыя суседзі. Кожны прыходзіў да яго з працягнутай рукой і казаў:

-- Як маешся, Костка?

-- А от, як бачыш.

-- Завітаў усё-ткі да бацькі? Дый ня дзіва: пяць год ня было ні слыху ні дыху...

-- А тут пра цябе пайшлі чуткі, што ты ўжо «каюк»! -- заўважыў дзядзька Ляксей, якому ўжо мінула далёка за восемдзесят, як ён казаў.

Кастусь усьміхнуўся.

-- Каюк! Татарскае слова, але трапнае: каюк! -- і ўсё тут табе! Коратка і ясна! Як умее наш народ выбіраць добрыя словы зь іншых моваў!

-- Ты кажаш -- татарскае, а як яно трапіла да нас? -- цікавіўся Ляксей.

-- Як трапіла? Шмат дарог было: праз расейскую мову, праз войны: нашы князі бралі ў палон татараў і садзілі іх на вольных землях, а здатнейшым навет і чыны давалі...

-- А хто мы? -- зноў паставіў пытаньне дзядзька Ляксей.

-- Хто мы? Раней мы былі -- Літва! А цяперака...

-- А цяперака нам прыдумалі новую мянушку -- Бела-русь...

-- Хоць гаршчком назаві, абы ў печ не садзіў, -- заўважыў нехта.

-- Ну, гэта й так і ня так! Ад таго, як нас назваць, шмат чаго залежыць. Калі белыя русы, значыць, усё-ткі русы, і тады ня рыпайся! Але-ж гэта няпраўда, што мы русы! Літвінамі мы былі, Літвой, кажу, дый Вялікай Літвой, а ня той, што можна пераплюнуць! Была яна яшчэ за памяцьцю майго бацькі! -- з націскам пацьвердзіў дзядзька Ляксей. -- А калі гэтак, дык і гэць ад нас: мы самі з вусамі! От тамака, у нашай Літні, -- ты, пэўне, яшчэ не забыўся -- руду цягаў з балота і я, каб ліць гарматы для твайго цёзкі, Кастусь, каб сказаць ім гэтае самае -- гэць! Але тады нам былі паны на перашкодзе...

Кастусь заўважыў:

-- Праўда! У бібліятэцы Пецярбурскага ўнівэрсітэту я натрапіў быў на некаторыя матар’ялы аб 1863 годзе, дзе ёсьць успамінак, што паўстанцы Кастуся Каліноўскага ўрахумілі закінутыя дзьве літні, у якіх выраблялася зброя для іх: адна ў балоціста-лясістай мясцовасьці на поўдзень ад Менску, гэта, мабыць, наша, а другая нейдзе каля Тэльшына ці Цэльшына, на поўнач, здаецца, ад Горадні...